Камяні для новабудоўлі

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

У Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна адбылася выстаўка мінскага мастака Спартака Аруцюняна “Раскіданыя камяні”, прысвечаная 100-годдзю генацыду армян у час Першай сусветнай вайны.

/i/content/pi/cult/533/11573/13-2.jpg

Ёсць цынічнае выслоўе: “Вайна ўсё спіша”. Вайна і насамрэч спараджае ў асоб амаральнага складу ілюзіі, што ўсяго можна дамагчыся сілай зброі і потым не несці адказнасці. Кіруючыся згаданай тэзай, улады Асманскай імперыі ўзяліся надзвычайнымі мерамі ва ўмовах надзвычайнага становішча перарабляць дзяржаву, населеную многімі народамі, якія спавядаюць розныя рэлігіі, у монаэтнічную і монаканфесійную… З той пары тэма пакут і ахвярніцтва ўкаранілася ў генетычную памяць армян. Беларусам гэта зразумела, бо наша краіна зведала вялікую бяду ў час Другой сусветнай вайны. І той “знак бяды” несці нам, пакуль жывём…

Як кожны армянскі мастак хоць раз у жыцці абавязкова намалюе гару Арарат, гэтак жа ён — наўпрост ці ўскосна — хоць калі звернецца ў творчасці да згаданай трагедыі. Прынамсі, такое ўражанне ўзнікае ад знаёмства з сучаснай культурай Арменіі. Спартак Аруцюнян у сваёй творчасці доўжыць гэтую традыцыю. Прысвяціўшы ўласную выстаўку сумнай даце, ён, аднак, зрабіў экспазіцыю з твораў пераважна аптымістычнага зместу. У канцэптуальным сэнсе гаворка ідзе не пра смерць ды разбурэнне, а пра жыццё і адраджэнне. Назва выстаўкі — “Раскіданыя камяні”, але сэнс гэтай творчай акцыі — збіранне камянёў для новай будоўлі…

У палотнах Аруцюняна ёсць нешта і ад яркай усходняй мініяцюры, і ад фарбаў патрыярха армянскага жывапісу Марціроса Сар’яна. Можна сказаць, што творчасць мастака адпавядае ўяўленням шырокай грамады пра Арменію. Для Беларусі, аднак, гэта экзотыка і яркі, зусім не лішні, мазок у традыцыйна стрыманай палітры айчыннага жывапісу. У спадара Аруцюняна, па ягоных словах, дзве радзімы: Арменія і Беларусь. У Мінску ён жыве больш як трыццаць гадоў. За гэты час ягоная армянская душа адаптавалася да беларускіх рэалій. Яго жывапіс — надзвычай экспрэсіўны, з дэкаратыўным ухілам. І, на маю думку, найбольш мастаку ўдаюцца пейзажы ды нацюрморты. Партрэт і сюжэт, дзе важным чыннікам з’яўляецца псіхалагізм, не надта пасуюць творчай ментальнасці Спартака Аруцюняна. Скульптура прадстаўлена на фотаздымках і ў малых формах. Аўтар мае пэўныя дасягненні ў манументальнай пластыцы — ізноў жа, калі тэма яму блізкая. Мне ж, да прыкладу, было цікава даведацца з Сеціва, што рэльефныя выявы на агароджы Пасольства Венесуэлы ў Мінску (дзяржаўны герб і партрэт Сімона Балівара) зрабіў менавіта Аруцюнян. Мастака вабіць рэалістычная форма, але эксперыментуе ён і з абстрактнай. Працуе і па аздобе інтэр’ераў.

Спартак Аруцюнян — асоба шматгранная. Да гэтага яго прымушаюць і спецыфічныя варункі мастацкага рынку, і ўласная натура, якой цесна ды, мабыць, сумна ў межах нейкай адной творчай спецыялізацыі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"