Ззянне нябесных крылаў

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Сучасны музей у сучаснай архітэктуры
Зусім нядаўна гэты квартал шэрых дамоў, дзе да вайны размяшчалася яўрэйскае прадмеце з драўлянай забудовай, мала хто ведаў з гасцей польскай сталіцы. Але здарыўся цуд: пасярод непрыкметнага кварталу Муранова з’явіўся сапраўдны шэдэўр архітэктуры — Музей гісторыі польскіх яўрэяў. Унікальны будынак спраектаваў фінскі архітэктар Райнэр Махламякі. “Гэта ліхтар, што асвятляе месца публічнай прасторы. І “пушка”, і сам “торт” — усё ў адным”, — сказаў пра свой твор аўтар праекта.

Двухслойныя фасады музея эфектна глядзяцца ў сонечным ззянні. Знешні пласт, зроблены са шкляных панэлей і меднай сеткі, мігціць, нагадваючы незямны бляск казачных крылаў. А ў цёмны час сутак гэты будынак насамрэч, бы вялікая ліхтарня, асвятляе ўвесь квартал. Памяшканне выставачнага комплексу ўключае канферэнц-залы, бібліятэку і кашэрны рэстаран, музей распавядае людзям пра тысячагоддзе супольнай гісторыі славян і яўрэяў, што трагічна абарвалася ў адначассе пад час Другой сусветнай…

/i/content/pi/cult/533/11572/13-1.jpg

Пра тысячу гадоў

Музей гісторыі польскіх яўрэяў — гэта не музей Халакоста. Звонку ён і сапраўды нагадвае вялікую скрыню, але ўсярэдзіне хавае той самы “торт”, пра які казаў Райнэр Махламякі. Нечакана прасторны вэстыбюль галоўнага ўваходу мае выгнутыя сцены вышынёй 20 і даўжынёй 70 метраў, што выпінаюць, напружваюцца, пульсуюць. Вестыбюль праразае наскрозь амаль увесь будынак, увасабляючы цудоўнае расступанне водаў мора пры выхадзе іудзеяў з Егіпта, што апісана ў Кнізе Зыходу.

Наведвальнік, стоячы ў музеі, можа праз шкляныя шыбы ўбачыць помнік героям гета на пляцы перад будынкам. Мы праходзім па шырокім мосце, над сутарэннямі, дзе і месцяцца выставачныя залы. Гістарычную частку пачынае манета з XII стагоддзя з надпісамі на іўрыце. Яе існаванне сведчыць аб прысутнасці яўрэйскіх купцоў у Польшчы яшчэ ў раннім Сярэднявеччы. Надзвычай эфектнай з’яўляецца рэканструкцыя даху драўлянай сінагогі XVII стагоддзя з Украіны. Яе столь была распісана кабалістычнымі знакамі задыяку, фрагментамі Торы, расліннымі арнаментамі. Тая сінагога згарэла яшчэ ў час Першай сусветнай вайны, але яе дах аднавілі на падставе эскізаў і фатаграфій XIX стагоддзя. А пры дапамозе інтэрактыўных камп’ютарных праграм музей запрашае наведвальнікаў у падарожжа скрозь стагоддзі.

Асвета і памяць

Што мы насамрэч ведаем пра яўрэяў на землях колішняй Рэчы Паспалітай? Пытанне няпростае, калі зазірнуць у школьныя ды ўніверсітэцкія падручнікі, дзе пра народ, што суіснаваў з нашымі продкамі блізу тысячы гадоў, напісана некалькі радкоў. Музей гісторыі польскіх яўрэяў распавядае пра іх паходжанне і рэлігію, пра яўрэйскую архітэктуру і дыялекты ідышу ў Рэчы Паспалітай. Для мяне сапраўдным адкрыццём стала гісторыя яўрэяў, што ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай трапілі ў склад Прусіі і Аўстрыі, дзе расквітнела іх культура і асвета, але, разам з тым, паскорыліся і працэсы асіміляцыі.

Аўтэнтычных артэфактаў у экспазіцыі пра той перыяд — небагата, але кожны з іх — унікальны, бо гэта тое, што дзівам ацалела ў полымі мінулага стагоддзя. Тут ёсць шыкоўны збор рытуальных прадметаў і артэфактаў іудаізму, калекцыі карцін і плакатаў. Маецца і велізарны архіў фота і фільмаў, у тым ліку знятых у Беларусі. Асобныя экспазыцыі прысвечаны розным рэгіёнам Еўропы, у тым ліку — і нашым землям. На малюнках, карцінах і здымках — Брэст, Мінск, Гродна, Віцебск, Пінск… Бадай у Варшаве сёння можна дазнацца пра беларускіх яўрэяў больш, чым дзе ў свеце.

Гэты музей ужо стаўся цэнтрам культуры і адукацыі не толькі яўрэйскай грамадскасці. Важнымі тэмамі яго дзейнасці з’яўляюцца, сярод іншага, талерантнасць, адкрытасць і разнастайнасць. Звяртаючыся да гэтых каштоўнасцей, музей паказвае велізарнае багацце, што колішняя Рэч Паспалітая мела як краіна з многімі культурамі.

Не сакрэт

Але гэты музей, перадусім, — месца сустрэчы людзей, якія хочуць лепш зразумець мінулую і сучасную культуру, тых, хто не жадае мець справу са стэрэатыпамі і гатовы захапляцца яе шматколернасцю і шматаблічнасцю, усіх, хто трымаецца ідэалаў адкрытасці і шчыра прагне спазнаць раней невядомае і ўсвядоміць сабе маштаб той страты, што прынесла ідэалогія нянавісці. Цяпер гэта выключны і самы сучасны музей у Польшчы. Урэшце, ніколі раней лёс яўрэяў тут не быў прадстаўлены так маштабна і комплексна.

Чакаючы, пакуль скончыцца дождж за акном, я глядзеў на несупынную плынь наведвальнікаў, што, заходзячы, як зачараваныя азіраліся па баках, разглядаючы незвычайную архітэктуру, а тыя, хто выходзіў, былі задуменныя. І, спадзяюся, прасветленыя. У тым няма ніякага сакрэту. Добры сучасны музей мусіць быць носьбітам вялікіх ідэй, увасобленых у выдатнай архітэктуры.

Фота са старонкі музея ў Facebook

Аўтар: Сяргей ХАРЭЎСКІ
мастацтвазнаўца