Безназоўныя...

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Пашана, смутак, інтрыга, каханне… Па партрэтах вялікіх асоб і незнаёмцаў мы вывучаем стракатую палітру чалавечых пачуццяў, вучымся бачыць у іх больш, чым прыгожую абалонку. Часцяком падобныя выявы становяцца асноўнай крыніцай звестак па гісторыі моды. Яны надаюць змяняючым адна адну эпохам індывідуальнасць, характар, непаўторную энергетыку ўзаемаадносін.

У сталічным Палацы мастацтва задумаліся над тым, што распавядуць нашчадкам абліччы нашых сучаснікаў, якую адметнасць знойдуць будучыя пакаленні ў памежжы тысячагоддзяў. Адказам паслужыў вернісаж Рэспубліканскай мастацкай выстаўкі “Партрэт у жывапісе, графіцы, скульптуры”.

Дзеля шырыні поглядаў пад адным дахам сабралі як знакамітых майстроў, так і мастакоў-пачаткоўцаў. Скульптары ў асноўным выставілі выявы асоб, што сваім мастацтвам змянілі светаўспрыманне чалавецтва. Застыў у задуменнай позе нічым не адметны з выгляду цудоўны мастак Тулуз Латрэк (А.Варвашэня), побач размясціліся класічныя выявы Леанарда да Вінчы (В.Дубовік) і Альберта Эйнштэйна (К.Селіханаў), у канцэптуальнай выяве Іосіфа Бродскага (А.Козел) адчувалася непахісная моц духу.
 /i/content/pi/cult/153/1157/Beznazounyja1.jpg
А.Скіцеў. “Паліна і цень”.
Нават знайшлося месца для вельмі вядомай фігуры, што займала шмат чые розумы напрыканцы стагоддзя, — іншапланецяніна (“Партрэт знаёмага іншапланецяніна” А.Кузняцова). А.Вераб’ёў пайшоў далей Аскара Уайльда, стварыўшы “Партрэт з адзнакамі старэння”. Мастак прыводзіць да роздуму: чалавек можа прасякнуцца думкамі аб натуральным завяршэнні жыццёвага шляху, не знішчаючы сваю душу.

Тэму адметных постацей беларускага народа прадоўжылі графікі. Напрыклад, М.Басалыга прадставіў валявога воіна Андрэя Тадэвуша Банавентуру Касцюшку. А.Скіцеў натхніўся сучаснымі рэаліямі: на яго “Плошчы” прагульваецца дзяўчына з дрэдамі, дзяўчынка ў стылі эма безнадзейна шукае “Каханне”, а гераіня літаграфіі “Паліна і цень” накшталт персанажа Ф.Салагуба гуляе-ваюе с ценем. Неверагоднай пяшчотай вее ад афорта “Мелодыя” (Пастушэнка). На манахромнай карціне ў стылі арт-нуво валасы прыгажуні пераплятаюцца з неверагоднымі кветкамі, што, у сваю чаргу, разлятаюцца чароўнымі птушкамі па свеце. Таямнічыя легенды Усходу смарагдава-залатой імглой ахуталі “Мастацвазнаўца Платона Паўлава” на партрэце пэндзля Зоі Літвінавай.

Я б магла яшчэ доўга гаварыць пра ўбачаныя палотны, аднак даводзіцца завяршаць
 /i/content/pi/cult/153/1157/Beznazounyja2.jpg

З.Літвінава. “Партрэт мастацтвазнаўцы

Платона Паўлава”.
артыкул па банальнай прычыне: пад работамі, выстаўленымі ў дзень вернісажу, не было ніводнага дакладнага подпісу! Дзіўна, што ў камп’ютэрны век творы дапаўняліся шматкамі паперы з выведзенымі ад рукі радкамі. Прычым некаторыя лісты прывязвалі… проста на бюст. Магчыма, я памыляюся, аднак вяровачныя “вусы” Леанарда да Вінчы наўрад ці былі запланаваны аўтарам. І ўсё ж падобныя папяровыя лапікі давалі хоць якую
інфармацыю. Графіку і жывапіс можна было ідэнтыфікаваць толькі ў тым выпадку, калі на самой працы стаяў подпіс.
Аднак ці заўсёды просты наведвальнік ці нават студэнт-жывапісец можа суаднесці аўтограф мастака з асобай? Ды па ініцыялах не зразумець назвы работы, над якой, верагодна, аўтар разважаў не адзін дзень.
Можа быць, подпісы, аформленыя па ўсіх правілах, з’явіліся ў наступныя дні. Але для той вялікай часткі наведвальнікаў, хто падчас адкрыцця не змог атрымаць элементарных звестак пра экспанаты, уражанне беззваротна сапсавана. Замест разваг аб вечным у жывапісе мы міжволі думалі аб імгненнасці чалавечых адносін да мастацтва. 

Настасся ПАНКРАТАВА