Мэты-мары аркестра

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Павел ЛЮБАМУДРАЎ, дырыжор, арганізатар і мастацкі кіраўнік Маладзёжнага струннага аркестра “Метамарфоза”
Добрых аркестраў многа не бывае. А ў тым, што калектывы, а тым больш новыя, павінны быць толькі такімі, няма сумневу. Бо іначай — які сэнс іх ствараць? На жаль, у абласных гарадах пакуль надта многа праблем. Скончыўшы як дырыжор Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю, я вярнуўся на радзіму, паехаў у Віцебск. І… не змог знайсці ніводнага кантрабасіста, здольнага “пацягнуць” высокую класіку. Мне нават прапаноўвалі: маўляў, вазьміце бас-гітару! Таму паўтарыў спробу ў сталіцы — стварыў аркестр “Метамарфоза”.

/i/content/pi/cult/533/11568/5-3.jpg

У той жа Германіі — каля 150 прафесійных аркестраў. А колькі яшчэ аматарскіх! І кожнаму хапае свайго месца “пад сонцам”, слухацкай увагі. Да таго ж, спрацоўвае і здаровая канкурэнцыя, кожны калектыў ці спецыялізуецца на нейкім стылі, ці шукае іншыя “фішкі”.

Асаблівасць нашага аркестра найперш у тым, што ён маладзёжны. І працуе пакуль адно на энтузіязме: колькі атрымаем за выступленне, столькі і падзелім між сабой. Грошы не самамэта! Маладыя музыканты мараць іграць у калектыве аднадумцаў, імкнуцца выступаць, каб данесці сваё майстэрства да публікі. Большасць удзельнікаў — студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у многіх на творчым рахунку бліскучыя перамогі на міжнародных конкурсах, багатая канцэртна-фестывальная практыка. На жаль, так здараецца, што з цягам часу агеньчык натхнення згасае, бо не атрымлівае прытоку свежага творчага паветра. Дый побытавыя праблемы зацягваюць. Наш калектыў пакуль гэтага пазбаўлены. Не вісіць над намі і дамоклавы меч дзяржпланаў па колькасці праведзеных канцэртаў, таму над кожнай праграмай можам працаваць даволі доўга — столькі, колькі спатрэбіцца. Дый самі праграмы можам фарміраваць арыентуючыся не на густы публікі, а на лепшыя сусветныя здабыткі, якія хацелася б данесці да слухачоў у нашай інтэрпрэтацыі.

Таму яшчэ адна адметнасць новага калектыву — разлік не на колькасць, а на якасць. Хаця, зразумела, планаў шмат. Увосень пройдзе канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, рыхтуюцца гастролі ў Гродна, Віцебск, Санкт-Пецярбург. А для прэзентацыі аркестра, што адбудзецца ў панядзелак, абралі Канцэртную залу “Верхні горад” — утульную, прыгожую, з надзвычай добразычлівай аўрай, якую ствараюць не толькі месцазнаходжанне пляцоўкі, яе архітэктура і інтэр’ер, але і найперш самі супрацоўнікі. У праграме будуць і сапраўдныя хіты акадэмічнай музыкі — накшталт “Маленькай начной серэнады” Моцарта ці “Серэнады” для струнных Чайкоўскага, і творы, у нас амаль не вядомыя, — тыя ж фрагменты з сюіты “Валтазараў пір” Сібеліюса. Дадалася і Камерная сімфонія Шастаковіча, прысвечаная памяці ахвяр вайны.

Я не заспеў жывым свайго дзеда — знакамітага беларускага графіка Паўла Канстанцінавіча Любамудрава, у гонар якога мяне таксама назвалі тым жа іменем. Ён быў ветэранам вайны, перажыў кантузію, гангрэну нагі. Але маляваў і выкладаў у нашай Акадэміі мастацтваў да апошняга дня жыцця. Такія сваякі ёсць у кожнага, таму не трэба думаць, што моладзь цураецца тэмы вайны, не разумее яе наступстваў, блытае рэальнасць з гульнямі. Вядома, мы іншыя, чым пакаленні папярэднікаў. Але той творчы запал, што намі рухае, калі мы хочам яшчэ больш наблізіць родны горад і краіну да лепшых еўрапейскіх традыцый, — ці ж гэта не праявы патрыятызму?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"