У Культурнай сталіцы

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Святлана ГАРАДЗЕЦКАЯ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі
У рамках мерапрыемстваў акцыі “Брэст — культурная сталіца Беларусі-2015” Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна сумесна з “Радыё Брэст” арганізавала творчы праект “Паэтычны тралейбус. Рыфмы Перамогі”. Вынік аказаўся даволі нечаканым.

/i/content/pi/cult/533/11567/5-2.jpgПланавалася, што з 30 красавіка па 9 мая для брэстчан і гасцей горада ў тралейбусе, які штодня курсіруе па розных маршрутах абласнога цэнтра, будуць гучаць аўдыёзапісы лепшых вершаў пра вайну на беларускай і рускай мовах у выкананні вядомых людзей горада: кіраўнікоў і ганаровых грамадзян, лекараў і ваеннаслужачых, пісьменнікаў і спартсменаў… Запланаванае здзейснілася. Але па шматлікіх просьбах работа “паэтычнага” тралейбуса працягнута да канца мая. Нягледзячы на тое, што тралейбусны парк губляе грошы: раней замест вершаў гучала камерцыйная рэклама. Духоўнае ў дадзеным выпадку пераважыла матэрыяльнае.

Нагадаю, што гэтую акцыю ў стадыі яе падрыхтоўкі горача падтрымалі старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук, дырэктар Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгор Бысюк і многія іншыя аўтарытэтныя асобы… А кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Гарадзецкі даў старт “паэтычнаму” маршруту і прачытаў верш Петруся Броўкі “Крэпасць над Бугам”. Дарэчы, запісы вершаў будуць захоўвацца на дысках у бібліятэках горада.

Мы, напэўна, адзіная Культурная сталіца ў Беларусі, якая мае свой сайт. За інфармацыйны яго складнік адказвае якраз наша Цэнтральная гарадская бібліятэка. Наш супрацоўнік Алег Голас штодня абнаўляе інфармацыйную старонку. Тут ёсць усё, што мае дачыненне да культурных падзей Брэста. Тэксты, фотаздымкі, відэазапісы дакладна перадаюць магутны творчы настрой, у якім жывуць цяпер брэстчане і госці горада.

На сайце, заўважце, прысутнічае міні-блог мэра. Аляксандр Сцяпанавіч выказвае тут свае ўражанні ад культурных падзей абласнога цэнтра. Ёсць і зваротная сувязь. Станоўчых каментарыяў вельмі шмат.

У нашай установы сёлета надзвычай шмат праектаў. Зразумела, “сталічны” статус абавязвае. Ці не таму літаральна ўсе нашы паказчыкі, у тым ліку і колькасць чытачоў, павялічыліся ў параўнанні з леташняй статыстыкай недзе на 15%? Пытанне, натуральна, рытарычнае.

Дык вось, наконт праектаў. У бібліятэцы, да прыкладу, дзейнічае акцыя “Літаратурны дэбют”. Мы здаём пляцоўку маладым празаікам і паэтам Брэстчыны (і не толькі). Нават з Украіны літаратары-пачаткоўцы прыязджаюць. Другі праект — “За старонкамі дапаможніка, або Жывая класіка”. Запрашаем сучасных беларускіх пісьменнікаў, творы якіх увайшлі ў школьную праграму. Першай прыехала і выступіла Людміла Рублеўская.

Арганізаваўся і новы маладзёжны рух пад назвай “Бульвар”. Маладыя творцы самых розных кірункаў дзейнасці сустракаюцца ў нас, ладзяць дыспуты, арганізоўваюць мастацкія выстаўкі, музычныя канцэрты. Усё — нязмушана і нефармальна, таму цікава і запамінальна. Нядаўна, да прыкладу, у бібліятэчных сценах нават панк-рок гучаў. І гучаў даволі натуральна. І хто пасля гэтага скажа, што наша бібліятэка — толькі месца для кнігавыдачы?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"