Месца для класікаў

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

У Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча адбылася сустрэча Пасла нашай краіны Паўла Латушкі з членамі Грамадскага камітэта пабудовы ў Варшаве помніка Янку Купалу і Якубу Коласу.

Нагодай для правядзення сустрэчы стаў адказ на зварот Грамадскага камітэта да Прэзідэнта Варшавы аб падтрымцы ідэі і магчымым месцы пабудовы помніка. У атрыманым Камітэтам лісце “з зацікаўленасцю вітаецца цэнная ініцыятыва” стварэння помніка класікам беларускай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве.

Адначасова выказваецца меркаванне пра неабходнасць пошуку месца для яго ўстаноўкі, паколькі тэрыторыя каля Варшаўскага універсітэта і новага будынка бібліятэкі Варшаўскага універсітэта ўжо насычана помнікамі і ахоўваецца Гарадскім кансерватарам помнікаў. У лісце таксама выказана прапанова аб пераўтварэнні Грамадскага камітэта ў Камітэт пабудовы помніка Янку Купалу і Якубу Коласу з правамі юрыдычнай асобы, які змог бы выконваць функцыі інвестара, атрымання неабходных узгадненняў, падрыхтоўкі дакументацыі, а таксама вырашаць іншыя надзённыя пытанні.

Грамадскі камітэт пабудовы помніка класікам беларускай літаратуры быў створаны ў 2004 годзе, у яго склад уваходзяць каля 30 вядомых польскіх дзеячаў культуры, прадстаўнікоў улад, беларускі Пасол у Польшчы і польскі ў нашай краіне. Ідэя пабудовы помніка Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве з’явілася адначасова з адкрыццём у Мінску помніка Адаму Міцкевічу (ужо чацвёртага на Беларусі). Ініцыятыва паўстання помніка класікам беларускай літаратуры была падтрымана ў 2004 годзе тагачасным Прэзідэнтам Варшавы Лехам Качыньскім, а таксама Міністэрствам культуры Польшчы, рэктарам Варшаўскага універсітэта.

Падтрымка ідэі стварэння помніка Янку Купалу і Якубу Коласу абмяркоўвалася падчас апошняй сустрэчы Пасла Беларусі Паўла Латушкі з намеснікам міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Томашам Мертам у студзені 2008 года.

Члены Грамадскага камітэта дамовіліся актывізаваць працу па пошуку адпаведнага месца яго размяшчэння ў Варшаве.


Прэс-служба Пасольства Рэспублікі
Беларусь у Рэспубліцы Польшча