Кароткі метр Вялікай Перамогі

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Аршанскі краязнаўца і педагог Віктар Лютынскі, гаворачы пра сябра Эдуарда Навагонскага, заўжды згадвае караткевічаўскія паэтычныя радкі: “Дзівакі, вандроўнікі і паэты — гэта водар жыцця і яго яснацвет”. Навагонскі, якому сёлета спаўняецца 65 гадоў, вершаў не піша, але ў душы застаецца паэтам. Бясконцыя вандроўкі з фота і відэакамерай прывучылі яго беспамылкова адшукваць лірыку не толькі ў краявідах, а яшчэ ў душах ды з’явах…

/i/content/pi/cult/532/11549/11-2.jpg

Эдуард Навагонскі не мае спецыяльнай рэжысёрскай ды сцэнарнай адукацыі. Працаваў на льнокамбінаце, быў сакратаром камітэта камсамола і намеснікам генеральнага дырэктара. Цяпер — на пенсіі. Падавалася б, можна і адпачыць, але…

Ягоныя сюжэты мільгацяць у часопісах і на тэлеканалах. Не адна сотня сюжэтаў знята пра гісторыю, культуру Оршы. За дзесяціхвілінны фільм пра маладзёжны пошукавы клуб Эдуард Навагонскі атрымаў Гран-пры Міжнароднага конкурсу відэафільмаў. Дванаццацігадовы ўнук Мікіта не змог утрымацца ад спакусы стаць гэткім жа летапісцам. А дзядуля падтрымаў і парадай, і справай. У выніку Мікіта стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу відэафільмаў “Спорт у мастацтве”. Разам ездзілі ў Санкт-Пецярбург за дыпломам і прызам. Разам працавалі над дакументальнай стужкай “Бой партызан на возеры Ордышава 15 ліпеня 1942 года”.

Менавіта на гэтым возеры базіраваліся атрады камандзіра партызанскага злучэння Нікіфара Каляды, якога звалі Баця, і некалькі атрадаў будучай брыгады знакамітага падпольшчыка Канстанціна Заслонава. Балоцістая ды ўзгорыстая мясцовасць давала народным мсціўцам значныя стратэгічныя перавагі для абароны і дыверсійнай дзейнасці. Партызаны нанеслі фашыстам столькі страт, што тыя вырашылі распачаць на Ордышава карную аперацыю. Нічога не атрымалася. Усе атакі былі адбіты…

Вывучэннем гэтага гераічнага эпізода мінулай Вялікай Айчыннай вайны Эдуард Навагонскі заняўся яшчэ на пачатку 1980-х. Сустракаўся са сведкамі, працаваў у музейных архівах. Зрабіў першы варыянт фільма. А калі з’явілася “лічба”, прыйшло неўтаймоўнае жаданне выкарыстаць ва ўдасканаленні карціны і новыя тэхнічныя магчымасці, і талент ды няўрымслівасць падрослага ўнука.

Стужка складаецца з ветэранскіх маналогаў-успамінаў, з пераасэнсавання шматлікіх архіўных дакументаў, паэўныя гераічныя падзеі рэканструяваны. Усё зроблена з густам ды вялікай павагай да тых, хто здабыў нам Вялікую Перамогу. Загугліце назву фільма, знайдзіце яго на сайце Эдуарда Навагонскага, паглядзіце, на што здольныя неабыякавыя душы дзядулі і ўнука.

Карціна летась атрымала прыязныя ацэнкі на ХІ Міжнародным фестывалі ваенна-патрыятычнага фільма “Валакаламскі рубеж”. А неўзабаве дзядуля і ўнук сталі дыпламантамі Кінафестывалю аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно” ў Полацку…

Сапраўдны творца заўжды рухаецца наперад. Цяпер Эдуард Навагонскі даследуе малавядомыя старонкі Вялікай Айчыннай вайны. І — здымае, здымае, здымае…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"