Сакрэты дома Любанскіх

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

10 цікавых фактаў пра музей-сядзібу канца XIX стагоддзя ў Лошыцы
Днямі ў Мінску адкрылася новая музейная ўстанова. Гаворка — пра старадаўні гаспадарскі дом, што знаходзіцца ў Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе. Падрабязную экскурсію па адроджаным будынку, звязаным з імем апошняга гаспадара Лошыцы Яўстафія Любанскага, зладзіў спецыяльна для “К” намеснік дырэктара Музея гісторыі горада Мінска Пётр Хацько. Такім чынам, прадстаўляем чытачам “К” дзесяць найбольш цікавых, на нашу думку, фактаў, якія прагучалі пад час гадзіннага вандравання па адрэстаўраваных залах сядзібы канца XIX стагоддзя.

/i/content/pi/cult/532/11543/7-1.jpg

Факт першы

Рэстаўрацыя былога маёнтка Прушынскіх і Любанскіх расцягнулася больш чым на шэсць гадоў: на пашпарце аб’екта пачаткам работ значыцца 2008 год. Праўда, варта згадаць і тое, што планы па рэканструкцыі Лошыцкай сядзібы меліся яшчэ ў 2002-м: менавіта тады Мінгарвыканкам прыняў рашэнне “Аб аднаўленні і развіцці Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу ў горадзе Мінску”. Рэстаўрацыя ішла марудна: змяняліся праекціроўшчыкі і падрадчыкі, ссоўваліся тэрміны, навукоўцы часта не маглі прыйсці да адзінага кампраміснага рашэння пра тое, як мае выглядаць той ці іншы пакой сядзібы, бо звестак пра яе інтэр’еры, на жаль, не захавалася...

Факт другі

Кожны з 12 залаў на першым паверсе музейнай прасторы зроблены ў сваім непаўторным стылі. Менавіта такія, самыя розныя стылі ў пакоях, былі выкарыстаны гаспадарамі маёнтка пры апошняй перапланіроўцы і перабудове сядзібы Яўстафіем Любанскім: прадпрымальны мецэнат быў чалавекам прагрэсіўных поглядаў і ўсё лепшае з падарожжаў па Еўропе прывозіў у губернскі Мінск. Таму і сёння, да прыкладу, кабінет-гасцёўня сядзібы вытрымана ў стылі мадэрн, а зала, дзе ладзіліся музычныя вечары — у стылі ракако.

Факт трэці

Унікальныя кафляныя печы і камін, якія знаходзяцца ў кожным пакоі старадаўняга будынка, выглядаюць зусім як новыя. Але ўражанне гэтае падманлівае: амаль усе печы — аўтэнтычныя, а кожная з іх — сапраўдны твор мастацтва. Печы былі зроблены пад заказ майстрамі ў Рызе і дасюль могуць выкарыстоўвацца па сваім прамым прызначэнні: ацяпляць сядзібу. Але, гэтага, натуральна, музейшчыкі рабіць не збіраюцца… з меркаванняў пажарнай бяспекі.

Факт чацвёрты

У адрэстаўраванай сядзібе захавалася не толькі пячная, а і каналізацыйная сістэма: ужо напрыканцы XIX стагоддзя тут мелася прыбіральня з досыць цікавымі для вока знаўцаў сучаснай сантэхнікі абсталяваннем. Таксама засталася ў парадку і дрэнажная сістэма, якая месціцца пад будынкам гаспадарскага дома. А яшчэ тут маецца аўтэнтычная купальня — сапраўдны архітэктурны цуд для гаспадарскіх дамоў таго часу. Дазволіць яе сабе ў канцы XIX стагоддзя мог толькі сапраўдны арыстакрат…

Факт пяты

Натуральна, шматлікія войны і грамадска-палітычныя падзеі XX стагоддзя не пашкадавалі падлогу, сцены, столь ды вокны старадаўняга будынка. Таму адсутныя часткі аздаблення і дэкору аднаўляліся па ацалелых фрагментах-узорах. А, напрыклад, усе драўляныя элементы панэлей на сценах былі спачатку разабраны, прайшлі доўгі шлях рэстаўрацыі і толькі пасля гэтага сабраныя нанава. Цікава, што працуючы над аднаўленнем сцен, рэстаўратары выявілі не менш за дзесяць слаёў фарбы і шпалер. Фрагмент самага старога слою канца XІX стагоддзя ўсе ахвотныя могуць убачыць у вестыбюлі сядзібы.

/i/content/pi/cult/532/11543/7-2.jpg

Факт шосты

Для папаўнення інтэр’ераў адноўленай сядзібы супрацоўнікам давялося збіраць антыкварную мэблю таго гістарычнага перыяду, што называецца, з міру па нітцы. Частку экспанатаў прадаставілі музейшчыкам калегі з Мірскага замка. Але большая частка наяўнага ў музеі антыкварыяту — з прыватных калекцый. Па словах Пятра Хацько, у абсталяванні экспазіцыі паўдзельнічалі прыкладна дзесяць прыватных калекцыянераў. Усе іхнія рэчы ўзяты ўстановай культуры на дэпазіт тэрмінам на год. Папаўняць уласныя фонды мяркуецца з дапамогай тых жа калекцыянераў ды ўдзела ў шматлікіх аўкцыёнах як у Беларусі, так і за мяжой.

Факт сёмы

У працоўным кабінеце Яўстафія Любанскага кожны можа ўбачыць не толькі найпрыгажэйшы кафляны камін, але і поўны збор з 86 тамоў энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона. Таксама тут жа можна паўзірацца ў старадаўні тэрмометр, паглядзець на цікавы чарнільны прыбор і масіўнае драўлянае крэсла, выкшталцоную заходнееўрапейскую вазу ды іранскі дыван менавіта з таго гістарычнага перыяду... А ў суседнім пакоі, дзе гаспадар сядзібы прымаў гасцей, акрамя шахматнага століка і курыльных трубак, ёсць і яшчэ адзін унікальны прадмет: чахол для нашэння капелюша…

Факт восьмы

Апошнія ўладальнікі сядзібы — Яўстафій і Ядвіга Любанскія — цікавіліся не толькі Еўропай, але і Азіяй. Таму, напрыклад, адзін з пакояў гаспадарскага дома аформлены ў японскім стылі. У суседнім кабінеце — пакоі для адпачынку — стаіць і такі цікавы экспанат як жаночае бюро з сакрэтам. Калі хочаце даведацца, як яно адкрываецца, абавязкова завітайце ў музей — не пашкадуеце…

Факт дзявяты

На другім паверсе дома, куды вядзе масіўная драўляная лесвіца, ёсць яшчэ дзве залы. У адной з іх прадстаўлены фотаздымкі і экспанаты, што распавядаюць пра гісторыю сядзібы. У наступнай — размяшчаюцца фота, дзе адлюстраваны падзеі з жыцця Беларускай плодаагароднінай даследчай станцыі, што ў пасляваенны час месцілася на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу. І, нарэшце, тут жа, на другім паверсе, ёсць вялікая зала для зменных экспазіцый. Сёння там месцяцца ўнікальныя вясельныя, святочныя, вечаровыя ды летнія сукенкі, якія апраналі прыгажуні часоў сярэдзіны XIX — пачатку XX стагоддзя.

Факт дзясяты

Па словах намесніка дырэктара, у Лошыцкім музеі плануецца ладзіць шматлікія выстаўкі на камерцыйнай аснове, музычныя вечары і балі, урачыстыя рэгістрацыі шлюбаў, прадастаўляць памяшканні для фотасесій і многага іншага. Так што можна з дакладнасцю сказаць, што адноўленая сядзіба будзе карыстацца попытам у мінчан і гасцей беларускай сталіцы. Прычым немалым: толькі за першыя тры дні музей наведала больш за тысячу чалавек. Так і хочацца сказаць: ці то яшчэ будзе! Зыходзячы з музея, мы на свае вочы бачылі купку школьнікаў, што ішлі ў напрамку старадаўняй сядзібы… Так што новае жыццё Лошыцкай сядзібы яшчэ толькі пачынаецца…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"