Палажэнне аб адкрытым маладзёжным конкурсе на стварэнне літаратурнага сцэнарыя мастацкага фільма ў жанры меладрамы

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г


1. Гэтым Палажэннем вызначаецца парадак правядзення адкрытага маладзёжнага конкурсу на стварэнне літаратурнага сцэнарыя мастацкага фільма ў жанры меладрамы (далей — Конкурс).
2. Заснавальнікамі Конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз кінематаграфістаў”, грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, вытворча-творчае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Беларускі відэацэнтр”.
3. Конкурс праводзіцца ў мэтах:павышэння ролі нацыянальнай кінематаграфіі ў сацыяльна-культурным жыцці грамадства, захавання і развіцця традыцый нацыянальнага кінавідэамастацтва;
стварэння новых арыгінальных сцэнарыяў ігравых фільмаў у жанры меладрамы, якія ў мастацкай форме адлюстроўваюць эмацыйныя перажыванні і раскрываюць унутраны свет чалавека, яго імкненне да высокіх духоўных, маральных і эстэтычных ідэалаў, паказваюць лепшыя рысы беларускага народа;выяўлення і стымулявання эстэтычных пошукаў маладых аўтараў, увасаблення і руху іх сцэнарных работ па шляху да экранаў рэспублікі.
4. Работу па арганізацыі, падрыхтоўцы і правядзенні Конкурсу ажыццяўляе арганізацыйны камітэт (далей — аргкамітэт).
Аргкамітэт у мэтах падрыхтоўкі і правядзення Конкурсу:
разглядае і зацвярджае спіс удзельнікаў Конкурсу;
фарміруе і зацвярджае склад адборачнай камісіі;
разглядае фінансавыя і арганізацыйна-тэхнічныя пытанні;
даводзіць да ўсеагульнага ведама інфармацыю аб парадку і ўмовах правядзення Конкурсу, а таксама яго выніках шляхам яе размяшчэння ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку ў сетцы Інтэрнет;
вырашае іншыя пытанні, што ўзнікаюць падчас падрыхтоўкі і правядзення Конкурсу.
5. Адборачная камісія:
разглядае заявы на ўдзел у Конкурсе на прадмет іх адпаведнасці ўмовам Конкурсу;
праводзіць папярэдні прагляд заяўленых для ўдзелу ў Конкурсе літаратурных сцэнарыяў;
уносіць на разгляд аргкамітэта прапановы аб допуску літаратурных сцэнарыяў да ўдзелуў Конкурсе.
6. Конкурс праводзіцца ў г. Мінску. Прыём заяў на ўдзел у Конкурсе здзяйсняецца ў перыяд з 1 красавіка па 30 верасня 2008 г.
7. Да ўдзелу ў Конкурсе дапускаюцца паўналетнія грамадзяне, узрост якіх на момант прадстаўлення заявы на ўдзел у Конкурсе не перавышае трыццаці аднаго года.
8. Для ўдзелу ў Конкурсе аўтары павінны накіраваць на адрас Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (пр-т Пераможцаў, 11, 220004, г. Мінск) з пазнакай “На конкурс”:
заяву па форме адпаведна дадатку;
літаратурны сцэнарый мастацкага фільма ў жанры меладрамы ў двух экзэмплярах;
копіі старонак дакумента, які пацвярджае асобу заяўніка, што ўтрымліваюць звесткі аб прозвішчы, імені, імені па бацьку, даце і месцы нараджэння, месцы жыхарства заяўніка (пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, нацыянальны пашпарт грамадзяніна замежнай дзяржавы, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, іншы дакумент, што ўтрымлівае звесткі пра асобу заяўніка).
Літаратурны сцэнарый павінен быць прадстаўлены на папяровым носьбіце ў фармаце А4 (на адным баку ліста, шрыфт — Times New Roman (Times New Roman Cyr), звычайны, памер — не меней 14 пунктаў, міжрадковы інтэрвал — двайны).
Літаратурныя сцэнарыі не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.
9. Конкурсныя заявы, прадстаўленыя пазней 30 верасня 2008 г., да ўдзелу ў Конкурсе не дапускаюцца.
Днём прадстаўлення перасылаемых па пошце конкурсных заяў лічыцца дата іх адпраўкі (па даце паштовага штэмпеля месца іх адпраўлення).
10. Падвядзенне вынікаў Конкурсу праходзіць у перыяд з 1 кастрычніка па 30 лістапада 2008 г.
11. Адборачная камісія пасля зацвярджэння аргкамітэтам спісу ўдзельнікаў накіроўвае прадстаўленыя імі літаратурныя сцэнарыі на разгляд журы Конкурсу (далей — журы) у тэрмін да 1 лістапада 2008 г.12. Работа журы арганізуецца ў форме пасяджэнняў. Месца і час правядзення пасяджэнняў журы вызначаюцца яго старшынёй.
Пасяджэнні журы лічацца правамоцнымі, калі на іх прысутнічае не менш 2/3 яго спісачнага складу.
Члены журы прысутнічаюць на пасяджэннях журы без права замены.
Рашэнне журы прымаецца адкрытым галасаваннем і лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала больш за палову членаў журы, прысутных на пасяджэнні. Пры роўным размеркаванні галасоў прымаецца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня журы.
Рашэнне журы афармляецца пратаколам, які падпісваецца старшынёй журы і Яго сакратаром на працягу дня, што ідзе за днём правядзення пасяджэння журы.
Рашэнне журы з’яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае.
13. Пераможцам Конкурсу ўручаюцца адпаведныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры:
адна першая — 60 базавых велічынь;адна другая — 50 базавых велічынь;адна трэцяя — 40 базавых велічынь.
Памер грашовай прэміі вызначаецца, зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай у Рэспубліцы Беларусь на дзень выплаты прэміі.
Па выніках Конкурсу журы, пры неабходнасці, можа перагледзець колькасць і памер прэмій.
Аргкамітэт мае права засноўваць дадатковыя заахвочвальныя прызы і дыпломы, іншыя формы заахвочвання ўдзельнікаў Конкурсу.
14. Абвяшчэнне вынікаў Конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў праводзіцца 17 снежня 2008 г. у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня беларускага кіно.
15. Ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку права на арганізацыю літаратурных сцэнарыяў, адзначаных на Конкурсе, заснавальнікі Конкурсу могуць прапаноўваць арганізацыям-вытворцам фільмаў (прадзюсерам) з выплатай аўтарам адпаведнага ўзнагароджання.
16. Фінансаванне арганізацыі, падрыхтоўкі і правядзення Конкурсу здзяйсняецца за кошт сродкаў:
прадугледжаных Міністэрству культуры ў рэспубліканскім бюджэце на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў;
рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Нацыянальная кінастудыя “Беларусь-фільм”;
бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, прадастаўляемай у парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
17. Аплаце падлягаюць выдаткі, непасрэдна звязаныя з арганізацыяй, падрыхтоўкай і правядзеннем Конкурсу.
За ўдзел у Конкурсе членам журы можа выплачвацца ўзнагароджанне, памеры якога зацвярджаюцца аргкамітэтам у рамках каштарыса выдаткаў на падрыхтоўку і правядзенне Конкурсу.
Камандзіровачныя, паштовыя і іншыя выдаткі ўдзельнікаў Конкурсу аплаце не падлягаюць.