Як наведаць Мілан?

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Не скажу, што вельмі проста. Спярша трэба стаць ансамблем народнай музыкі “Выцінанка” і “прапісацца” ў Столінскім ГДК. Затым цягам двух дзясяткаў гадоў старанна адшукваць, вывучаць, апрацоўваць ды па-майстэрску выконваць мясцовыя песні. І яшчэ адна ўмова: неабходна займець званне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, наведаць з гастролямі Польшчу, Германію, Алжыр…

/i/content/pi/cult/531/11527/4-1.JPGІ што будзе рабіць “Выцінанка” ў Мілане? Працаваць! А калі дакладней — цягам месяца даваць па два канцэрты штодня. Справа ў тым, што 1 мая ў галоўным горадзе паўночнай часткі Італіі адкрыўся Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выстаўцы “ЭКСПА-2015”. Права выступіць з канцэртам на гэтым мерапрыемстве нададзена менавіта “Выцінанцы”. Ці варта яшчэ пераконваць чытача ў высокім узроўні выканальніцкага майстэрства вядомага ансамбля?

Застаецца толькі патлумачыць, што “ЭКСПА-2015” будзе доўжыцца, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Васіля Зарубы, ці не да лістапада. На гэткі ж тэрмін разлічана і праца нашага Нацыянальнага павільёна (плошча — 1 200 квадратных метраў). А вось беларускія вобласці тут запланавана прэзентаваць па чарзе і штомесячна. Паказаць сябе паспеюць усе.

Дзякуючы, напэўна, алфавітнаму парадку, Брэстчыне пашанцавала першай пазнаёміць італьянцаў са сваёй творчасцю ды вытворчасцю. Для даведкі паведамлю, што разам з прадстаўнікамі іншых постсавецкіх краін творчая дэлегацыя Брэстчыны наладзіць шэраг агульных мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Перамозе. А цягам апошняй дэкады мая ў Мілане пройдуць Дні Брэсцкай вобласці. Яе кіраўнікі і прадпрымальнікі абмяркуюць з італьянскімі калегамі нюансы плённага супрацоўніцтва.

Але вернемся да “Выцінанкі”. У тым ліку і для таго, каб падкрэсліць, што яна ўпрыгожыць сваімі мастацкімі “фарбамі” кожнае з вышэйназваных — дзелавых і не вельмі — мерапрыемстваў. Адсюль — і прагнозны вынік, варты занясення ў Кнігу беларускіх творчых рэкордаў (час ужо такую заводзіць): 60 канцэртаў у месяц! Павільён працуе з 9.00 да 22.00. “Выцінанка” збіраецца выступаць зранку і ўвечары. У нашых сіл яшчэ хопіць і на тое, каб з цікавосткамі Мілана пазнаёміцца…

Хтосьці скажа: “Ну і якая ў гэтым тактыка культурнага развіцця?” Адказаць, напэўна, варта наступным чынам: “Тактыка нашага творчага пранікнення ў замежжа!” І калі гэтае пранікненне пераўтворыцца ў экспансію (у самым дадатным сэнсе слова), тады, без сумневу, любы замежнік не будзе траціць шмат часу на тое, каб адшукаць на карце Беларусь. Мастацтва павінна апярэджваць палітыку. А станоўчы імідж краіны — доказ яе жыццяздольнасці. Так што экспарт айчыннага мастацтва абарочваецца не толькі маральнымі дывідэндамі.

І гэта цудоўна разумее мастацкі кіраўнік згаданага Заслужанага калектыву Пётр Астапчук. Прафесійны музыкант, знаўца мясцовага фальклору, віртуозны гарманіст ды аранжыроўшчык. Для сваіх самадзейных артыстаў — і бог, і цар, і вайсковы начальнік. А яшчэ — творца, які раз і назаўжды пераканаўся, што сутнасць працы на культурнай ніве не толькі ў тым, каб зарабляць пазабюджэтныя грошы; галоўнае тут — нястомнае адраджэнне народнага мастацтва ды яго прапаганда на ўсіх магчымых узроўнях. Вось і атрымліваецца, што на Брэстчыне — 16 раёнаў, а ў Мілан паехала “Выцінанка” са Століншчыны… Выцінанка, як вядома, — ажурны арнамент з паперы, які ўражвае сваёй вытанчанай прыгажосцю. Поўная аналогія з выканальніцкім майстэрствам “Выцінанкі” спеўнай. Так што і ў Мілане ўсё будзе ў ажуры!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"