Спрэчка з Канфуцыем і не толькі

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Пра рэальнасць ДШМ, будучы Цэнтр культуры і забаў, "біткі" ды вочы дзяцей, што не заўжды гараць / Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Астравец
Не АЭС, якая будуецца паблізу Астраўца, вабіла ў гэтыя мясціны, а тое, што горад гэты з’яўляецца ну практычна радзімай нашага чарговага V.I.P.-героя. І яшчэ было цікава наведаць мясцовыя ўстановы культуры. На іх мы хацелі зірнуць поглядам сённяшнім і з успамінамі. Адразу зазначу: Астравец і раён далі культуры і мастацтву (ды не толькі) мастака-графіка Віктара Александровіча, знакамітага літаратуразнаўцу, крытыка Адама Мальдзіса, што нарадзіўся ў вёсцы Расолы, вядомым музыкантам, валтарністам быў Іван Карпіцкі…

/i/content/pi/cult/531/11524/10-1.jpg

Баяніст не патрэбен...

А будучы бас-гітарыст, кампазітар і аранжыроўшчык ансамбляў “Песняры” і “Беларускія песняры” Аляксандр КАЦІКАЎ, які нарадзіўся ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці, у Астравец пераехаў разам з бацькамі напрыканцы 1961-га, у двухгадовым узросце. Па заканчэнні школы Кацікаў паступіў у Мінскае музычнае вучылішча імя Міхаіла Глінкі. З тых часоў у Астраўцы ён бываў наездамі, а апошнім часам — разы два на год (плюс раз у пяць гадоў — абавязковая сустрэча выпускнікоў).

У дзяцінстве і юнацтве Аляксандр чым толькі не захапляўся: спорт, авіямадэляванне, гурток радыёаматараў, фотагурток, удзел у алімпіядах па матэматыцы і фізіцы, маляванне, танцы. І — музыка. На вучобе такая “ўсёеднасць” адбілася самым спрыяльным чынам: у атэстаце Кацiкава — толькі дзве “чацвёркі”.

— Чаму я спыніўся менавіта на музыцы? — задумваецца Аляксандр Дзмітрыевіч. — Вядома, з-за любові да яе. Можа, і з-за генаў: мая мама нядрэнна спявала, запісвала тэксты песень у агульны сшытак, прычым вялікая іх частка была чамусьці на ўкраінскай мове. (Дарэчы, пра гены: малодшы сын Кацiкава, Андрэй, заканчвае ў Бостане Музычны каледж Берклі і стане першым беларусам, які выйшаў з гэтай прэстыжнай установы! — А.К.) Прычына яшчэ і ў тым, што ў сельскай мясцовасці (а Астравец тады быў гарадскім пасёлкам) сталенне адбываецца раней, чым у горадзе. Дзеці з малых гадоў дапамагаюць у працы старэйшым. Ну, і лічылася, што, калі чалавек валодае якім-небудзь музычным інструментам, то галодным дакладна не будзе. І правільна! З восьмага класа я штосуботу стаў граць у ДК на танцах, атрымліваючы трыццаць рублёў у месяц. “Песняроў”, дарэчы, таксама выконвалі, але — мала. Праз шмат гадоў мне нагадалі: маўляў, я неяк сказаў, што буду выступаць у “Песнярах”. Чаму я так сказаў? Не ведаю... І мары асаблівай не было: хто быў я — і хто яны...

На адным з уступных іспытаў у вучылішча на эстраднае аддзяленне, якое адкрылася ў 1976-м, Кацiкава адзначыў старшыня камісіі — сам Барыс Райскі! Класа баяна на гэтым аддзяленні не было, і Аляксандр прадэманстраваў сваё майстэрства валодання гітарай. “Так павінен чуць артыст”, — вынес вердыкт Барыс Іпалітавіч, якi акампаніраваў абітурыенту на фартэпіяна, і Кацікаў, здаўшы астатнія экзамены, быў прыняты на клас... саксафона, які, адслужыўшы ў арміі ў Мар’інай Горцы ў брыгадзе спецыяльнага прызначэння ГРУ, ён змяніў на флейту.

— Што ў той час мелася ў Астраўцы з устаноў культуры?.. — узгадвае музыкант. — Дом культуры з бібліятэкай, музычная школа… Нярэдка праходзілі конкурсы мастацкай самадзейнасці, на базе гуртка духавой музыкі ДК існаваў аркестр. Гэта здаецца, што не так шмат усяго, а насамрэч культурай людзі літаральна сілкаваліся. І самі людзі — цудоўныя, жылі нібыта адной вялікай сям’ёй. (Напэўна, я і тады быў чалавекам пазітыўным, і сёння імкнуся ім быць: упершыню сутыкнуўся з непрыязным чалавекам, здольным на падман, гадоў у дваццаць пяць...) А са святаў ярка ды нефармальна ў Астраўцы адзначалі 9 Мая. Пасля афіцыйных урачыстасцей людзі ішлі ў лесапаркавую зону, там разбівалі палаткі, ішоў гандаль, дзейнічала сцэна творчых калектываў горада. Гутаркі, тосты, песні, танцы… І ніякага хуліганства…

Усе ўстановы культуры (і не толькі), якія наведваў Аляксандр у Астраўцы, пераехалі ў розныя гады ў іншыя будынкі (а некаторыя і назвы змянілі). Падобна на тое, што ў нашых падарожжах становіцца добрай — ды абавязковай — традыцыяй наведваць і агульнаадукацыйныя школы, дзе вучыліся героі публікацый. У Астраўцы такой стала СШ № 2, куды мы зазірнулі на некалькі хвілін. Па яе музеі (ён носіць імя Iосiфа Гашкевiча, першага консула Расійскай імперыі ў Японіі, пахаванага ў вёсцы Малі на Астравеччыне) для нас правёў імклівую экскурсію дырэктар Антон Трэйгiс. У гэтай школе выкладала беларускую і нямецкую мовы мама Аляксандра Кацікава — Раіса Міхайлаўна. Яна арганізавала ў ёй Клуб інтэрнацыянальнай дружбы “Мара”. Ёсць у музеі і матэрыялы, прысвечаныя Кацiкавым.

— Што першае прыходзіць на розум, звязанае са школай? — Кацікаў пасміхаецца. — Як мы хадзілі пакурыць, хаваючыся ад настаўнікаў... Як занялі першае месца па зборы макулатуры, за што нас ўзнагародзілі паездкай у Днепрапятроўск… Вучэнні па грамадзянскай абароне, калі мы падпалілі сцяжкі, якія пазначалі шляхi перамяшчэння людзей… Ледзь не палітыку “шылі” нам, бязглуздым дзецям, якiя спалiлi чырвоныя сцягі… “Разбор” мяне на камітэце камсамола за тое, што замест камсамольскага значка насіў значок з нейкай амерыканскай сімволікай… Конкурсы патрыятычнай, страявой песні… На афішы аднаго з конкурсаў мастацкай самадзейнасці сярод іншых змяшчаўся і такі надпіс: “Рэжысёр — Аляксандр Кацікаў”…

Мой запал да музыкі падзялялі такія ж адораныя сябры, лёс якіх склаўся па-рознаму. Вова, сын франтавіка, паплечніка заснавальніка сучасных ПДВ Васіля Маргелава, удзельніка Параду Перамогі ў Маскве Рыгора Лук’янавіча Грачанага, пасля заканчэння ваеннага вучылішча стаў камандзірам карабля далёкай ваеннай авіяцыі, а пасля дэмабілізацыі быў запрошаны на службу ў… прафесійны тэатр, дзе выступае па гэты дзень. Яшчэ адзін сябар, Коля, сын партызана Мікалая Аляксандравіча Картэля, паплечніка Пятра Машэрава, сваё жыццё прысвяціў музыцы — і дасягнуў поспехаў. Зрабіў бы яшчэ шмат, каб не заўчасны сыход… А аўтар і выканаўца ўласных песень Аляксандр Альховік — сапраўдная “зорка” Астраўца, мой сябар з часоў музычнай школы…

...Патрэбен акардэон

А музычная школа адкрылася ў Астраўцы ў 1967 годзе. У першым яе наборы быў і Саша Кацікаў, які паступіў на клас баяна: сумежным прадметам для яго пазней стала балалайка. Мама з татам хацелі, каб сын займаўся на піяніна, але яно каштавала дорага. Гады праз тры іншы інструмент — канцэртную ленінградскую гітару — Сашу падарылі сябры бацькоў. З гітарай у руках нашага героя можна ўбачыць на першым паверсе Дзіцячай школы мастацтваў, правапераемніцы “музыкалкi” (яна аб’яднала напрыканцы 2011 года ўсе музычныя і школы мастацтваў раёна), на фатаграфіі стэнда з выдатнымі выпускнікамі. Сёння ў ДШМ дзейнічаюць мастацкае аддзяленне, харэаграфічнае і, уласна, музычнае. З інструментаў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца гітара і фартэпіяна, а цікавасць да баяна і акардэона знізілася. Невысока ў падлеткаў каціруецца і выяўленчае мастацтва з танцамі — у апошнія гады набор сюды складае каля дзесяці-пятнаццаці чалавек.

— Рэальнасць такая, што сёння мы прымаем на ўсе аддзяленні школы практычна ўсіх ахвотных паступіць. Такога конкурсу, як раней, калі да нас літаральна стаяла чарга і адбіралі самых-самых, ужо няма, — прызнаецца намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Валейка. — У гэтым і наша галоўная праблема: дзе адшукаць таленавітых дзяцей або, прынамсі, адносна неардынарных у творчым сэнсе? Іх стала менш…

А таленты ДШМ з асаблівым задавальненнем наведваюць заняткі ў харавым класе, дзе і займаюцца сольнымі спевамі. Ну, яно і не дзіва: вунь колькі спяваюць для нас па выхадных у тэлепраектах “Я пяю!”, “Акадэмія талентаў” ды “Голас. Дзеці”, а адтуль дарога ляжыць у бок эстрады. Не для ўсіх, але…

— У Астраўцы школу наведвае 249 навучэнцаў, — працягвае Ірына Эдуардаўна. — Але ў яе ёсць яшчэ чатыры філіялы: варнянскi, гервяцкі, кемелiшкскi і мiхалiшкскi, якія наведваюць па 60 — 80 дзяцей. Наогул, у нас займаецца чвэрць школьнікаў агульнаадукацыйных устаноў. Удзельнічаючы ў многіх конкурсах, пленэрах, самі таксама арганізавалі рэгіянальны фестываль “Вакальны капеж”…

ДШМ мае патрэбу ў папаўненні выкладчыцкага складу духавіком і піяністам. Перспектыва займець гэтых профі ёсць. Але цяжкасць можа ўзнікнуць пры забеспячэнні спецыялістаў жыллём. Што да парку інструментаў, то ў школе ён перыядычна абнаўляецца, грошы з бюджэту на гэтыя мэты выдзяляюцца, але, каб (па магчымасці) іх хапіла амаль усім, набыць за гэтую суму можна толькі тое, што танней, гэта значыць — тое, што было ў карыстанні. А выбарны акардэон пакуль так і не набыты. Пазабюджэтам школа павінна зарабіць за гэты год 90 мільёнаў рублёў. Штомесячная плата за навучанне складае ад 50 — 70 (у аграгарадках) да 100 і крыху вышэй тысяч рублёў.

Прапаную Кацiкаву правесці ў школе майстар-клас. “Ігры на баяне цяпер я не ўзяўся б навучаць, — пачынае разважаць ён. — Бас-гітара тут не патрэбна... Можа, проста распавёў бы пра тое, якія вехі я прайшоў, каб апынуцца ў знакамітым ансамблі? Да чаго трэба быць гатовым псіхалагічна, узнімаючыся па шматлікіх творчых прыступках...”

Падарунак хакеісту...

Раённая бібліятэка адразу здзівіла тым, што з вуліцы ў яе вядзе службовы ўваход, а цэнтральны знаходзіцца з адваротнага боку. Унутры дзве дзяўчынкі падлеткавага ўзросту шукаюць нешта на стэлажах (падгледзеў: яны спыніліся на... сучасным жаночым любоўным рамане ў кніжачцы невялікага фармату ў мяккай вокладцы). Прайшоўся паміж паліц з кнігамі. Адкрываю Ніла Гілевіча. Калі апошні раз бралі? 1998 год… Васіль Быкаў. З ім лепш: 2011-ы...

— Кнігі я выкарыстоўваў і па іх прамым прызначэнні, і як... шчыткі для гульні ў хакей! — смяецца Кацікаў. — За сезон на іх сыходзіла з паўсотні вокладак! Мама з... разуменнем ставілася да такога “варварства”... А хатняя бібліятэка ў нас была добрая: шмат падпісных выданняў, твораў класікаў беларускай літаратуры. Сёе-тое з яе перайшло ў маю сям’ю. І яшчэ я быў запісаны ў дзіцячую бібліятэку пры Доме культуры, некаторы час захапляўся фантастыкай. Бывала, захварэеш, тэмпература, а побач з ложкам — стос кніг… А чым глыбей занурваўся ў музыку, тым менш чытаў…

— А чаму аддае перавагу чытач у вашай установе? — пытаюся я ў бібліятэкара Наталлі Рабцавай.

— Старэйшае пакаленне — рознай літаратуры. А маладое — у асноўным той жа фантастыцы, дакладней — фэнтазі. Мне здаецца, гэта звязана і з узростам, і з тым, што сур’ёзная літаратура патрабуе да сябе сур’ёзнага стаўлення, часу. А адкуль тое ў сённяшніх падлеткаў на папяровую кнігу? Яны і ў школе загружаны, і камп’ютар замяніў ім усё… Але надыходзіць момант, калі ім трэба паступаць вучыцца далей, тады тыя, хто абраў гуманітарныя ВНУ, прыходзяць сюды па класіку.

У “раёнцы” запісана крыху больш за дзве тысячы чытачоў (кожны чацвёрты жыхар Астраўца!), на абанемент у сярэднім прыпадае каля сарака наведвальнікаў у дзень, пераважна — пенсіянеры. Кніжны фонд (частка каталога ўжо пераведзена ў электронны выгляд) абнаўляецца рэгулярна, у тым ліку ў літаратуры “хітовай”. Пры райбібліятэцы функцыянуюць аб’яднанні па інтарэсах “Актыўнае даўгалецце” і “Званы госць”. У апошні гурток я тут жа ў якасці госця “сватаю” Аляксандра Кацiкава.

— Амаль тры гады таму я арганізаваў у школе сустрэчу колішніх педагогаў, прысвечаную 80-годдзю з дня нараджэння маёй мамы, — кажа ён. — Падрыхтаваўся грунтоўна. Прыйшлі людзі розных пакаленняў. Было пра што пагутарыць, што згадаць. Усім, здаецца, было цікава. Я адкрыты для любых прапаноў, каб толькі яны зыходзілі ад чыстага сэрца, а мерапрыемствы не насілі характар “абавязалаўкі” дзеля “птушачкі”…

Наконт рамонту я Наталлю Васільеўну моцна катаваць не стаў, яна ж паведаміла, што па меры развіцця горада, тэмп якога ўзрастае, бібліятэка, верагодна, пераедзе ў будучы Цэнтр вольнага часу і забаў. Памяшканне ёй выдзеляць вялікае, прасторнае…

Колькі каштуе артыст?

Раённы дом культуры на пачатку гэтага года быў рэарганізаваны ў Раённы цэнтр культуры і народнай творчасці шляхам зліцця Цэнтра рамёстваў, Метадычнага цэнтра і сельскіх дамоў культуры.

— Памятаю, як у 1976-м у ДК выступаў тады нікому яшчэ не вядомы артыст Валерый Лявонцьеў… — згадвае Кацікаў. — Сам жа Дом культуры з’яўляўся цэнтрам культурнага жыцця горада. Бываючы сёння ў айчынных дамах, палацах культуры, бачу, што і цяпер культурнае жыццё віруе вакол іх. Я не аматар агулам крытыкаваць савецкі перыяд нашай гісторыі, але, як мне здаецца, матэрыяльна-тэхнічна цяпер такія ўстановы ў цэлым забяспечаны лепш. А вось наколькі змяніліся людзі, якія ходзяць у гурткі, ці сталі яны больш таленавітымі за сваіх папярэднікаў, меркаваць не бяруся. Вось людзей на планеце стала больш, але не ўпэўнены, што стала больш культуры...

Дастаткова яе ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, што ўваходзіць у структуру новага ўтварэння. Як нам распавяла дырэктар Цэнтра Наталля Літвін, аншлагі ў ім збіраюць не толькі расійскія выканаўцы, але і айчынныя: Дзмітрый Калдун, Вольга Плотнікава, “Дразды”, “Aura”, Саша Нэма, Іван Буслай, Аляксандр Звяровiч, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. (Для цікаўных прывяду цэннік: Калдун за кожны з двух сваіх канцэртаў атрымаў па 60 мільёнаў рублёў, кошт білетаў на “Драздоў” вагаецца ад 50 да 70 тысяч.) Плануецца і будаўніцтва новай канцэртнай залы на тысячу месцаў — з усімі выгодамі для публікі ды артыстаў (старая змяшчае толькі 400 гледачоў, і, да прыкладу, грымёрак тут няма)... Дарэчы, на стале Наталлі Валер’еўны мы заўважылі плакат з анонсам выступлення Аляксандра Саладухі — вось ужо хто “біток” збярэ, напэўна! А вось ці назіраюцца “біткі” ў гуртках РЦКiНТ (іх тут больш за дваццаць — ад народнага хору ветэранаў працы да народнага тэатра)?..

— Заўсёды хочацца большага, — разважае дырэктар. — Праблема ў тым, што, пераехаўшы ў гэты будынак гадоў пяць таму, мы апынуліся далекавата ад цэнтра горада. Школьнікам не вельмі зручна сюды дабірацца. Дый школьнікі... Прыходзяць яны да нас, і не ў многіх з іх сапраўды гараць вочы. Навошта тады ідуць? Бацькі прымушаюць?..

Між тым Аляксандр Дзмітрыевіч і Наталля Літвін абмяркоўваюць магчымасці выступлення “Беларускіх песняроў” ці Аляксандра Кацікава сольна…

Пад заслону

Наогул, “канцэртная галіна” — гэта тое, чым мясцовыя работнікі культуры ганарацца. Не паспеў я яшчэ да канца сфармуляваць пытанне, за што радуецца сэрца ў супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама, як намеснік яго начальніка Кацярына Лянкевіч стала дзяліцца ўражаннямі пра гастролі расійскай спявачкі Ірыны Дубцовай, якія нядаўна прайшлі ў горадзе. А да знакавых, фірмовых мерапрыемстваў у раёне адносяць Міжнародны фестываль “Песня памежжа”.

— Чым вылучаецца Астравеччына, — дапаўняе музыкант, — дык гэта яднаннем розных народнасцей, якія пражываюць тут. Адсюль і мноства культур, іх перапляценне, узаемапранікненне, узаемаўзбагачэнне…

Я перадаю Кацярыне Леанідаўне ўражанні з устаноў, паведамляючы (нагадваючы?), што ў ДШМ можа паступіць кожны ахвотны, а ў Цэнтры культуры з наведвальнасцю не ўсё ў парадку, у бібліятэцы ж перад гістарычным пераездам усё роўна варта адрамантаваць хоць бы парадны ўваход. На гэта ў аддзеле дадалі і сваю жменю праблем. Раён (па меншай меры, гэты, узяты асобна) “задушылі планам выканання платных паслуг”, які выцягваюць ледзь-ледзь, па большай частцы — за кошт... канцэртаў поп-выканаўцаў. У такой пагоні за зарабляннем грошай воляй-няволяй менш часу надаецца аўтэнтыцы, традыцыям… Што можа адбыцца далей, мне вам тлумачыць не трэба. “Усіх грошай на культуру з яе ж дапамогай не заробіш” — гэтую фразу, пачутую ў райвыканкаме, я вылучыў для сябе чырвоным колерам. І шчыра паспачуваў чыноўнікам на месцах. Ну а культуры спачуваць — гэта адзін з маіх прамых абавязкаў…

Класік не мае рацыі!

— Як сказаў нехта з мудрых (магчыма, Канфуцый, а яшчэ ёсць меркаванне, што падобныя словы прамовілі Агата Крысці, Эрнэст Хэмінгуэй. — А.К.): “Ніколі не вяртайцеся туды, дзе вы былі шчаслівыя...” Астравец — гэта адваротны для мяне выпадак, — завочна спрачаецца Кацікаў з мудрацом па дарозе ў Мiнск. — Я заўсёды з вялізным задавальненнем вяртаюся сюды. Гэта зямля маіх бацькоў, маіх сяброў, з ёй звязаны лепшы перыяд майго жыцця. Часам задумваюся пра тое, што можна было б тут купіць домік на хутары, але жонка не пагаджаецца. А культура... Лепшы беларускі блюзавы гітарыст Леанід Вярэніч неяк сказаў: “І што гэтая музыка заходняя? Сапраўдная музыка — гэта “А я лягу-прылягу...” Мы тады з яго смяяліся, а зараз я разумею, што ён меў рацыю. І хто заўгодна можа мне казаць, што ў Англіі, Францыі ды іншых краінах культура і больш старажытная, і куды багацейшая, і цікавейшая, а я сцвярджаю, што багацейшая, цікавейшая, больш гарманічная — наша! І ў Астраўцы яна якраз такая. Якая б ні была наша культура, хто б і як яе ні крытыкаваў, сваёй адстароненасцю яна нібыта абаронена ад многіх рэчаў, якія размываюць культурную ідэнтычнасць, што адбываецца дзе-нідзе на Захадзе. Нам бы яшчэ навучыцца сваю культуру захоўваць з розумам, развіваць яе і, вядома, інтэграваць са здаровым сусветным культурным працэсам. Але інтэграваць яе туды ўсё ж трэба вельмі асцярожна...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"