Multum in parvo

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

“Многае ў малым” — так можна назваць выстаўку “Вясна-2015”, прысвечаную 70-годдзю Вялікай Перамогі, якая 28 красавіка адкрылася ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Галоўная канцэпцыя экспазіцыі — адлюстраваць творчы патэнцыял калектыву выкладчыкаў кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якому, дарэчы, сёлета восенню споўніцца 40 гадоў.

/i/content/pi/cult/531/11523/9-1.jpg

Мне было цікава прайсціся па экспазіцыі, паглядзець, чаму могуць навучыць сваіх выхаванцаў супрацоўнікі кафедры, сярод якіх — прафесары, дацэнты, выкладчыкі, вучэбныя майстры. Многія імёны мастакоў, што працуюць у жывапісе, акварэлі, габелене, кераміцы, роспісе па тканіне, аплікацыі саломкай, даўно вядомыя інтэлектуальнаму грамадству па іхніх творах, якія экспанаваліся на розных рэспубліканскіх і замежных выстаўках. Уладзімір Гардзеенка, Уладзімір Рынкевіч, Рыгор Шаура, Ала Непачаловіч, Тамара Васюк, Яўген Ціханаў, Дзмітрый Чарамных, Лідзія Малахава, Людміла Дамнянкова, Наталля Стэльмашонак, Наталля Аждзер — вось толькі некаторыя педагогі, работы якіх асабліва прыцянулі маю ўвагу сваім прафесіяналізмам і вобразна-пластычнай выразнасцю. А побач — былыя выпускнікі кафедры, цяпер выкладчыкі, Марыя Барысенка, Святлана Матвейчык, Алена Шаціла, вучэбны майстра Кацярына Семечка ды іншыя.

На мой погляд, у “авангардзе” экспазіцыі — габеленавыя творы (пераборнае ткацтва) Алы Непачаловіч, сярод якіх вылучаюцца “Срэбныя плыні. Бацьку, ваеннаму лётчыку Івану Барысавічу Непачаловічу, прысвячаецца”, дыптых “Рытмы зямлі”, “Патаемнае” , “Святочны вечар” (не зусім звычайная для аўтара работа па яркай колеравай насычанасці) і вельмі цікавы габелен “Яжэ” (па матывах славянскай міфалогіі). Мастачка ў сваёй творчасці выкарыстоўвае ў асноўным шматрамізную і пераборную тэхніку, якая дазваляе дасягаць незвычайнай лёгкасці, зграбнасці ды вытанчанасці тэкстылю і з дапамогай, здавалася б, простых прыродных форм ды арнаментальнага, часам амаль графічнага, малюнка стварае арыгінальныя сучасныя вобразныя структуры. Як распавяла мастачка, ткацтвам яна стала займацца не выпадкова: ейная цётка была таленавітай ткачыхай. Аднойчы яна падарыла Але карычневае з залатой ніткай пакрывала, якое павесілі над ложкам. Калі дзяўчынка клалася спаць, то ўяўляла, што над ёй распасціраецца начное неба, усыпанае зоркамі… Вось такія “зоркі” і “прывялі” Алу ў вялікае мастацтва. Творчасць, на яе думку, — гэта, канешне ж, задавальненне, прыемнасць, але ў той жа час і фізічныя пакуты, калі працуеш за станком, калі адчуваеш боль у руках, плячах, спіне. Аднак гатовы габелен радуе не толькі вочы, але і душу, дазваляе выказаць сваё стаўленне і да прыроды, і да самога жыцця, палітра якога бясконца разнастайная. Але ў гэтай разнастайнасці хочацца знайсці нешта сваё і толькі сваё…

Побач — дзіўная кераміка Тамары Васюк: аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі “Рэквіем”, “Гукі цішыні” і два зусім новыя творы — “Чорны бусел” ды “Альбуць”. Увогуле, мастацтва Васюк — гэта трансфармацыя спрадвечных нацыянальных традыцый у сучаснае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Пры ўніверсітэце, у эксперыментальнай навукова-творчай лабараторыі, яна адрадзіла традыцыйныя рамёствы беларусаў, выкарыстоўваючы ў працы старажытныя тэхналогіі абварвання, задымлення і ангабіравання. Лічыць, што беларуская кераміка не менш старажытная ды тэхналагічна дасканалая, чым, напрыклад, японскае раку ў класічным разуменні. Вось такая глабальная ідэя — ад архаікі да сучаснасці — рухае гэтай вельмі цікавай мастачкай.

У экспазіцыі прыцягваюць увагу акварэлі: філасофскія — Уладзіміра Рынкевіча — і паэтычнага настрою — Рыгора Шауры. Цікавыя эксперыменты Наталлі Стэльмашонак: камплект упрыгожання княжацкага каня (крышталь, медзь, скура) і “Залаты нацюрморт”, выкананы ў змяшанай тэхніцы. Можна доўга разглядаць і серыю невялічкіх габеленаў “Аблічча жаноцкасці” Кацярыны Семечка, і габелены Марыі Барысенка, насычаныя роздумамі пра жыццё ды сувязь часоў, і цыкл твораў “Зямля” (матэрыял — лямец) Алены Шаціла, і аплікацыі саломкай Лідзіі Малахавай, і кераміку Таццяны Прохарцавай…

З жывапісу хачу асабліва вылучыць карціну Уладзіміра Гардзеенкі “Безыменная вышыня” — твор даўні, напісаны яшчэ да 40-годдзя вызвалення Беларусі, але ён і сёння глядзіцца свежа ды моцна. Праўду кажуць: сапраўднае мастацтва ніколі не старэе. Нават наадварот: цягам часу яно набывае новыя эмацыйна-змястоўныя “штрыхі”, якія і робяць твор класікай. Уладзімір Цітавіч выставіў таксама творы больш позняга часу — дыптых “Мы ішлі піць каву”, “Краявід” ды іншыя, — але тое палатно застаецца для мяне бліжэй па пачуццях і глыбіні думкі… Адзначу карціны Дзмітрыя Чарамных “На мастку” і "Сярод дахаў," вельмі кантрасныя па пластыцы ды задуме палотны Яўгена Ціханава “Ветраны дзень” (лірычны пейзаж) і “Шчасце ёсць” (шчасце — з пункта гледжання сабакі).

Можна шмат сказаць і пра іншыя работы выстаўкі, сярод якіх ёсць, як у любой экспазіцыі, і ўдалыя, і не вельмі, але справа ў дадзеным выпадку не ў гэтым. Галоўнае, як сказана ў прэс-рэлізе, што “сімфанічная разнастайнасць вобразаў твораў аб’ядноўваецца жыццесцвярджальным поглядам на навакольны свет, выяўляе імкненне спасцігнуць сутнасць жыццёвых з’яў ды асэнсаваць гармонію дабрыні і прыгажосці”. І гэта сапраўды так.

А яшчэ хачу сказаць вось што. Думаю, студэнтам пашанцавала з такімі настаўнікамі: ім ёсць у каго пераймаць майстэрства і галоўнае — навучыцца самастойна мысліць, разважаць, думаць. Бо на шляху ў вялікае мастацтва гэта самае важнае. Так, талент можа праявіцца ў любым узросце, нават з дзяцінства, але без яго развіцця нічога не атрымаецца. І тут роля разумных настаўнікаў відавочная. Кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў гэтым сэнсе пашчасціла. Цягам двух дзесяцігоддзяў (акурат столькі яна працуе на чале з прафесарам Рыгорам Шаурам) мастакі-настаўнікі выступаюць куратарамі многіх творчых праектаў ды іх суправаджальных праграм, якія ўключаюць у сябе семінары, канферэнцыі, “круглыя сталы” па праблемах народнага і прафесійнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, розныя выстаўкі, у тым ліку групавыя, персанальныя, а таксама сумесныя са студэнтамі, у Мінску, і за мяжой Беларусі — у Літве ды Польшчы. Зразумела, што такія выстаўкі педагогаў, дзе яны здольныя прадэманстраваць сваім вучням уласнае творчае “я”, з’яўляюцца каштоўным прыкладам уплыву на працэс фарміравання самастойнай мастакоўскай асобы.

Канешне, хацелася б бачыць у гэтай экспазіцыі і работы студэнтаў побач з творамі настаўнікаў, але, мусіць, малая выставачная плошча галерэі не дазволіла гэтым разам “ахапіць неабдымнае”. Што ж, давядзецца пачакаць да восені, калі ўніверсітэт будзе адзначаць 40 гадоў з дня заснавання, і, верагодна, мы атрымаем магчымасць у больш прасторным памяшканні пабачыць такую сумесную выстаўку пад умоўнай назвай “Настаўнікі і вучні”… Ну а сённяшняя — “Вясна-2015” — працуе да 16 мая.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"