Рух да сюіт

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Этна-трыа “Троіца” на чале з Іванам Кірчуком прэзентавала свае новыя кампазіцыі. Яны ўвайшлі ў праграму іх сольнага канцэрта, які адбыўся 27 красавіка ў Рэспубліканскім палацы культуры імя Мікалая Шарко.

/i/content/pi/cult/531/11522/8-2.jpg

Падобныя “справаздачныя” сольнікі, на якіх прэзентуюцца найперш новыя творы, калектыў ладзіць не ўпершыню. Яны сталі ўжо добрай традыцыяй, кожны раз нагадваючы слухачам, што музыканты не імкнуцца забранзавець у промнях сваёй славы, у тым ліку замежнай. Побач з новымі кампазіцыямі гучалі і старыя песні — сапраўдныя хіты. Прызначаныя “разбавіць працяглыя творы”, як казаў пра гэта лідар гурта, насамрэч яны спрыялі стварэнню своеасаблівай гістарычнай перспектывы, дапамагалі зразумець, куды рухаецца славутае трыа.

Цалкам заканамерна, што ад асобных песень “Троіца” прыйшла да працяглых кампазіцый. Але справа зусім не адно ў працягласці! У іх і раней былі песні не надта “сціслыя”, што цалкам адпавядае фальклорным традыцыям: сярод народных песень увогуле распаўсюджана шматкуплетнасць, частыя паўторы. Дый азначэнне “кампазіцыя”, а не проста “песні” творам гурта заўсёды падыходзіла больш. Ужо хаця б таму, што інструментальны складнік быў у іх не менш, а часам нават больш значны за вакальны. Рушыўшы далей, гурт прыйшоў да чагосьці накшталт “фальклорных сюіт з некалькіх частак”, як характарызаваў іх Іван Кірчук.

“Цар-агонь” прысвечаны Купаллю (“без шашлыкоў і міліцыянераў”, як пракаментавалі са сцэны), “Яшчар” — аднайменнай абрадавай гульні, у час якой нашы продкі “прыглядаліся” да супрацьлеглага полу, “Святая зямля” — філасофскаму вобразу Беларусі. Асабіста мне яны нагадалі не столькі сюіты, дзе звычайна часткі чаргуюцца па кантрасце, колькі старадаўнія кантрасна-складовыя формы, што ўяўляюць з сябе больш цэласныя кампазіцыі, у якіх наступны раздзел можа непасрэдна працягваць па настроі папярэдні, дапаўняючы яго новымі рысамі.

Увогуле, у прэм’ерных нумарах канцэрта быў заўважны працяг многіх мастацкіх традыцый, у тым ліку беларускіх. Адной з першых падобных фальклорных сюіт сталася фартэпіяннае “Беларускае вяселле” Антона Абрамовіча — музычны помнік ХІХ стагоддзя. Гісторыя пра мядзведзіка, які прыйшоў да жніцы пагушкаць дзіця ды баіцца яго спужаць, была выкладзена Станіславам Манюшкам у жанры… мазуркі — у ягоным рамансе на словы Яна Чачота паводле беларускіх жніўных песень. Іван Кірчук выклаў падобны сюжэт у цэнтральнай частцы свайго “Мядзведзя”. Спачатку ж згадаў камаедзіцу — вясновае свята з пераапрананнем у мядзведзя, які абудзіўся пасля зімовай спячкі. А завяршыў усё згадкамі пра Смаргонскую акадэмію часоў Рэчы Паспалітай, дзе рыхтавалі дрэсіраваных мядзведзяў, вучылі іх танчыць ды кланяцца. Па музыцы першы раздзел, нават без гэтых тлумачэнняў, адсылае да вясновых перазоваў, гуканняў вясны. Апошні — малюе атмасферу кірмашоў.

Багатая інструментальная аўра, якая ў “Троіцы” часта ператвараецца ў гэткую кінатэатральную “фанасферу”, заўсёды падпарадкавана лагічнай тэмбравай драматургіі, абумоўленай музычным развіццём. Спачатку, часцей за ўсё, — бязмежны космас разнастайных ударных, дзе нават чалавечы голас адыгрывае, хутчэй, каларыстычную функцыю, становячыся элементам фарбавай палітры з усёй яе неабсяжнасцю незаўважных пераліваў-адценняў. Далей — кідкую рытмаформулу задаюць струнныя, аб’ёмнаму гучанню якіх спрыяе выкарыстанне адкрытых струн. Гэты раздзел бывае ўласна песенным, заснаваным на спалучэнні мінімалізму з варыяцыйным развіццём. Фінальная частка выводзіць на авансцэну духавыя — тую ж дудку беларускую, вядомую ў безлічы варыянтаў. У выніку сюіта набывае абрысы ці не сімфанічнага цыкла, дзе ўсё ўзнікае з ледзь чутных шоргатаў, літаральна з паветра, праходзіць доўгае развіццё, а завяршаецца святочна-танцавальнай замалёўкай. Да ўсяго, падобная трохчасткавасць становіцца яшчэ адным адбіткам надзвычай глыбокай і шматзначнай назвы гурта, насычанай духоўна-філасофскімі асацыяцыямі, — “Троіца”.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"