Шапэнаўская перліна

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Пераможцай Х Міжнароднага конкурсу юных піяністаў “Шапэн для моладзі” ў Польшчы стала 10-гадовая вучаніца 2-га класа Гродзенскай школы мастацтваў Маша Фамянкова (выкладчыца — Ала Казарына).

/i/content/pi/cult/153/1152/Shapenauskaya.jpg 
Юная піяністка назбірала ўжо акурат дзесятак лаўрэацкіх званняў на конкурсах розных маштабаў — ад абласных да міжнародных. Сярод іх — такія прэстыжныя творчыя спаборніцтвы, як конкурс імя Марголінай у Мінску (Першая прэмія), імя Р.Шумана ў Польшчы (Першая прэмія і спецпрыз “За лепшае выкананне твораў Шумана”), Міжнародны “Блютнераўскі” (ад назвы фірмы па вырабе раяляў) у Калінінградзе (дыплом і спецпрыз), “Clavier music” у Вільнюсе (Першая прэмія і спецпрыз “За лепшую інтэрпрэтацыю рамантычнага твора”).
“Шапэн для моладзі” з’яўляецца адным са шматлікіх шапэнаўскіх конкурсаў і фестываляў у Польшчы, між якімі існуюць наладжаныя сувязі. Так, членамі журы на гэтым конкурсе, які ахоплівае юных піяністаў да 18-ці гадоў, становіцца польская прафесура — былыя ўдзельнікі Міжнароднага конкурсу імя Ф.Шапэна ў Варшаве. Запрашаюцца ў журы і вядомыя замежныя музыканты. Паказчыкам прэстыжнасці конкурсу і яго надзвычай высокага ўзроўню з’яўляюцца абавязковыя для юных удзельнікаў творы Ф.Шапэна, якія складаюць канцэртны рэпертуар прафесійных выканаўцаў.
Праводзіцца конкурс у замку Радзівілаў у Антоніне. Некалі наведваў гэты замак і Шапэн. У тым пакоі, дзе ён іграў, зроблены музей. Там і цяпер захоўваецца раяль, да якога дакраналіся пальцы вялікага кампазітара і піяніста. Замак стаў не толькі гістарычным помнікам, але і адным з культурных цэнтраў па ўвекавечванні нацыянальнай спадчыны: у ім праводзяцца не толькі конкурсы, але і штогадовыя фестывалі шапэнаўскай музыкі з удзелам сусветна вядомых музыкантаў.
— Палякі, — расказала маці юнай пераможцы Вольга,— з вялікай пашанай ставяцца да свайго класіка і нават лічаць, што найбольш дасканала выконваць яго творы, разумеючы ў іх кожную нотку і ўсё тое, што закладзена творцам “паміж нотамі”, могуць толькі яго суайчыннікі. Таму на конкурсе “Шапэн для моладзі”, як і на падобных “дарослых” спаборніцтвах, надзвычай высокія мастацкія крытэрыі. Маша ўдзельнічала ў малодшай групе, дзе былі дзеці да 12-ці гадоў. У сярэдняй, да прыкладу, вызначылі толькі лаўрэата другой прэміі, не прысудзіўшы ні першай, ні трэцяй. У старэйшай жа — не аказалася ніводнага дыпламанта. Машу журы і крытыкі (а спаборніцтва шырока асвятлялася СМІ) назвалі “перлінай конкурсу”. На заключным канцэрце яе ажно тройчы выклікалі “на біс”! Мабыць, яшчэ і таму, што яна выконвала сярод іншых твораў Шапэна той яго Паланез, які быў прызначаны абавязковым для выканаўцаў не малодшай, а сярэдняй групы.


Надзея БУНЦЭВIЧ