“Яшчэ больш лепш” або...

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Алег ХАМЕНКА, старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, фалькларыст, музыкант
Фестывальная спадчына, якую мы сёння маем, нас сапсавала. Да чаго мы прывыклі? Да таго, што практычна кожны хоць трошкі значны ў краіне фестываль, які мае нацыянальнае адценне, ініцыюе ды арганізуе дзяржава. Я ж лічу, што пасыл павінен ісці “знізу”, а не “зверху”.

/i/content/pi/cult/531/11519/3-5.jpgЯк гэта калісьці вялося ў народзе? Возьмем “Дажынкі”. Збіраліся бабулі, сядзелі, спявалі, ішлі да сяброўкі. Там былі і абрадавыя моманты, і элементы нейкага спаборніцтва. Па такой схеме фэсты развіваліся і ў астатняй Еўропе. Сённяшнія супергiганцкiя фестывалі абапіраюцца на тое, што калісьці нарадзілася ў простых людзей, без усялякага шоу-бізнесу. І гэтыя мегапраекты абапіраюцца на лакальныя фестывалі, якія сотнямі праходзяць, напрыклад, у Францыі.

Любы фестываль патрабуе менеджменту індустрыі забаў. Нашы ж дзяржструктуры, што падмяняюць сабой менеджмент, займаюцца арганізацыяй валанцёраў, ахвотных да справы, але ўсё ж такі не прафесіяналаў. Як і нешматлікія прыватныя арганізатары фэстаў, зачапіўшыся за якую-небудзь ідэю. Ва ўсіх іх сёе-тое атрымліваецца. У Беларусі ёсць цудоўны фестываль “Берагiня”, які, на жаль, мала хто ведае. Такі пяшчотны, такі культурны, але заадмiнiстраваны, па маім меркаванні, дарэшты. Людзі любяць яго, прыкладваюць намаганні, каб ён жыў, але на тыя сродкі, што вылучаюцца, добры фэст не правядзеш… Я да таго, што фестывалі сталі “птушачкай” у справаздачы. А куды далей развівацца? У “яшчэ больш лепш”?

Мяркую, у ідэале, бюджэт якогасьці свята павінен фарміравацца мясцовымі органамі ўлады. А дзяржава потым ужо хай вырашае, як яна можа дадаткова выкарыстоўваць гэтае мерапрыемства ў маштабах краіны. І мястэчка, вядома, само павінна жадаць мець свой фэст, з уласцівымі толькі пэўнай мясцовасці традыцыямі, з магчымасцю праводзіць яго так, як хочуць тыя людзi, якія жывуць тут. А не па інструкцыі, не так, што “ўсім напрыканцы месяца выехаць на Пціч, апрануўшыся ў народныя касцюмы, раскласці там вогнішчы ды скакаць праз іх. І каб усё было весела!”. А транспарт — выдзеляць, што добра, вядома ж. Толькі, можа, людзі на Пціч спрадвеку хадзілі пешшу, некалькі кіламетраў, і ў гэтым быў глыбокі сэнс. На такую адвечнасць людзі, упэўнены, і плацілі б падаткі з задавальненнем. Ды не збягалі б у вялікія гарады, развівалі б родную культуру па ўласным разуменні, у адпаведнасці з векавымі традыцыямі.

У мяне ёсць сваё бачанне, якімі могуць быць фестывалі ў нашай краіне. Напрыклад, калядны фестываль-шэсце ў Мінску, які мог бы праходзіць з вечара 6 студзеня. Але без шэсця дзядоў марозаў: тут павінны прайсці калядоўшчыкі. Ініцыятыва ж гэтага фэсту павінна зыходзіць з дзіцячых садкоў, школ, ад студэнцтва. Тут мусіць быць незамылены погляд на тое, як павінна праходзіць гарадское свята. Паглядзіце, з якой радасцю дзеці ходзяць калядаваць па кватэрах, з якой фантазіяй яны ставяцца да справы! Вось і трэба гэтую фантазію вывесці на вуліцы горада, не перашкаджаць ёй. Не хочацца выглядаць Астапам Бэндэрам, але чаму на такі фэст, пры яго развіцці, нельга будзе сабраць дзясяткі тысяч людзей, турыстаў з розных краін? Вунь як у Бразіліі грукочуць карнавалы! Але з масавасці такі фестываль пачынацца не павінен. Няхай, крок за крокам, падключаюцца да яго тыя ж мікрараёны, няхай ён развіваецца паволі, але на аснове не тыповых сцэнарыяў, выпакутаваных у службовых кабінетах, а — гістарычных каранёў, сапраўдных традыцый, не “навамоўя”.

Ці фестываль на Вялікдзень, пад час якога можна ладзіць спаборніцтвы па выпечцы пірагоў, па размалёўванні яек… Нам вельмі патрэбен і кулінарны Велікодны фестываль, — людзі з захапленнем яго прымуць!..

Нам вельмі патрэбны нашы, нацыянальныя, фестывалі, але — не заадміністраваныя. А пакуль у нас з імі справы такія, што незразумела, беларускі гэта фэст ці якой іншай краіны…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"