Сродак для неўміручасці

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Сяргей ЯСКЕВІЧ, рэжысёр Гомельскага абласнога драматычнага тэатра
Прапанова звярнуцца да творчасці Кандрата Крапівы зыходзіла ад Міністэрства культуры, і гэта сведчыць пра клопат дзяржавы аб нацыянальным мастацтве. Айчынная драматургія ў рэпертуары любога тэатра краіны — рэч заканамерная. Імя ж Крапівы для нашай трупы яшчэ і шмат у чым сімвалічнае.

/i/content/pi/cult/531/11518/5-2.jpgКалі ў снежні 1939-га тут быў адкрыты тэатр, ён называўся “Гомельскі рускі драматычны”, і азначэнне “рускі” праіснавала да 1946 года. Але яшчэ да гэтай “змены шыльдачкі” першым спектаклем беларускага аўтара стала пастаноўка п’есы Крапівы “Хто смяецца апошнім”, ажыццёўленая пасля звароту да твораў Гогаля, Горкага, Чэхава. Таму цяперашняя прэм’ера “Брамы неўміручасці”, што адбылася пасля нядаўняга святкавання 75-годдзя тэатра, можа ўспрымацца яшчэ і заканамерным працягам гістарычных традыцый, не кажучы пра яе прымеркаванасць да 120-годдзя з дня нараджэння нашага класіка, якое будзе адзначацца менш чым праз год.

Але як паставіць нацыянальную класіку, каб яна была цікавай для сучасных гледачоў? Мы паспрабавалі знайсці нейкі свой ход. П’еса ярка адлюстроўвае эпоху канца 1960-х, калі яна была напісана. У ёй шмат побытавых матываў, яшчэ больш — сацыяльных, скіраваных на барацьбу з варожымі, палітычна “непадкаванымі”, маральна няўстойлівымі элементамі, як іх тады называлі. Таму трэба было ці трансляваць усё гэта для сучаснага гледача, перадаючы тагачасныя рэаліі і дэталёва адлюстроўваючы тую атмасферу, ці, наадварот, наблізіць да нас, зняўшы некаторыя відавочныя прыкметы таго часу. Мы абралі другі шлях. Таму з’явіліся двое персанажаў, якіх няма ў Крапівы: гэта анёлы — служкі прасцэніума. Такі падыход дапамог выявіць і падкрэсліць філасофскую аснову гэтага твора.

П’еса ў свой час акцэнтавала ўвагу на адказнасці навукоўцаў за свае адкрыцці, якія могуць як палепшыць чалавечае жыццё, так і прывесці да катастрафічных наступстваў. У ёй паслядоўна праводзілася думка, што не толькі асобныя людзі, але і ўсё чалавецтва можа быць не гатова да некаторых вынаходніцтваў, што з’явяцца тыя, хто будзе імкнуцца выкарыстаць знаходкі не на карысць чалавека, а супраць яго. Мы паспрабавалі знайсці свой сродак для дасягнення неўміручасці. Аказалася, ён даўно знойдзены і “прайшоў апрабацыю”, як кажуць навукоўцы, у многіх і многіх пакаленнях, цягам жыцця ўсяго жывога на зямлі. Шлях да бессмяротнасці не ў цудадзейных леках, не ў нейкіх крэмах для амаладжэння, а — у прадаўжэнні роду. Неўміручасць чалавека — у сямейных і духоўных каштоўнасцях, у вечнасці ягонай душы…

Спачатку мы рэпеціравалі на рускай мове, потым вырашылі, што спектакль павінен ісці па-беларуску — на мове арыгінала. Перакладзеная ж версія спатрэбіцца для магчымых гастрольных паказаў у той жа Расіі. Для выездаў планаваўся і палегчаны варыянт сцэнаграфічнага рашэння. Увогуле, з галоўным мастаком тэатра Уладзімірам Ціханавым мы паспрабавалі сысці ад побытавага рашэння, стварыць нейкую сюррэалістычную прастору. Адгукнуліся на такое прачытанне і артысты. А за імі, вядома, пайшла і публіка. Спектакль вельмі добра ўспрымаюць і дарослыя, і школьнікі (у нас было нават некалькі дзённых паказаў на мэтавую аўдыторыю — апладысменты літаральна пасля кожнай сцэны).

Гэта ўжо не першая мая самастойная работа ў тэатры пасля заканчэння ў 2012-м Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Раней тут жа, у Гомелі, я паставіў “Каханне пад вязамі” — таксама з Уладзімірам Ціханавым. Здараецца, маладыя рэжысёры скардзяцца, што іх, маўляў, не ўспрымаюць належным чынам, не даюць разгарнуцца іхнім творчым памкненням, і г.д. Можа, я шчасліўчык, нейкае выключэнне з правілаў, але нічога падобнага не адчуваю. І чым далей, тым больш разумею, што ўзрост, пол у рэжысуры не маюць значэння, — важны толькі прафесіяналізм. Дзякуй вялікі ўсім, хто дапамагае мне ў гэтым пераконвацца!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"