“Малавата будзе!”

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Шпацыруючы па Мінскім футбольным манежы, дзе ладзіўся XXII Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТІВО-2015”, я не пераставаў здзіўляцца тым навінкам, якія тут былі прадстаўлены.

/i/content/pi/cult/531/11516/4-22.jpgШто ні кажы, а сёлетні форум быў асабліва багаты на сюрпрызы: кожны пяты замежны госць на ім дэбютаваў, а яшчэ на “ТІВО” ўпершыню ладзілася цэлая робататэхнічная выстаўка... Цікавостак сапраўды хапала: інавацыі, што называецца, былі на любы густ. Напрыклад, каля робата-гаспадара віраваў сапраўдны натоўп гасцей, а аматараў здаровага ладу жыцця цікавіў фітнес-бранзалет, які мерае пульс і сінхранізаваны са смартфонам… Адна з кампаній прапагандавала мабільныя прыкладанні для бацькоў, іншая — адзіны дыспетчарскі call-цэнтр па пытаннях ЖКГ...

Не адставалі ад агульнага трэнда і ўстановы культуры. Так, Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала для гасцей выстаўкі некалькі прэзентацый, а да 70-годдзя Вялікай Перамогі супрацоўнікі галоўнай бібліятэкі краіны стварылі інтэрнэт-рэсурс “Памяць палаючых гадоў”. Таксама тут жа можна было азнаёміцца з новым электронным выданнем “Падпольны і партызанскі друк Беларусі”, паглядзець на абсталяванне для алічбоўкі пласцінак, пабываць на прэзентацыі новага электроннага рэсурсу “Мода. Стыль. Прыгажосць”...

Усе гэтыя навінкі не маглі не радаваць. Засмучала толькі тое, што такіх інавацый было не так ужо і шмат, а на канферэнцыі “Электронная культура”, якая павінна была б стаць сапраўднай пляцоўкай для падобных ноу-хау ў сферы культуры, дакладчыкі распавядалі збольшага пра развіццё праектаў, што “прагучалі” год ці два таму…

Зразумела, няма мяжы дасканаласці. Але ж таму наведвальніку выстаўкі “ТІВО-2015”, які працуе ў музеі, клубе ці бібліятэцы або проста імі цікавіцца ды наведвае, хацелася б, прынамсі, пачуць пра новыя праекты, дасягненні і перспектывы ў сферы інфармацыйных тэхналогій ды іх прымянення ва ўстановах культуры. Так, на канферэнцыі “Электронная культура” прагучалі і такія даклады… Але ж, як казаў герой аднаго вядомага мультфільма, усяго гэтага “малавата будзе”...

На мой погляд, асноўная праблема ў тым, што галіна інфармацыйных тэхналогій — адна не толькі з самых перспектыўных, але і высокааплатных. Так, валанцёрскі рух можа дапамагчы справе, але без фінансавай падтрымкі як з боку дзяржавы, так і прыватных арганізацый наўрад ці можна будзе чакаць хуткага ўкаранення найноўшых тэхналогій ў сферы культуры. І нашым раённым бібліятэкам ды музеям часцей за ўсё застаецца адно толькі марыць пра высакаякасныя сайты ды старонкі ў Сеціве, пра электронную чаргу, замовы білетаў праз Інтэрнэт ці віртуальныя экскурсіі ў рэжыме онлайн…

Выйсце тут можа быць толькі адно: не сядзець і чакаць бюджэтных сродкаў, але шукаць спонсараў ды мецэнатаў, ствараць праекты і дасылаць штогод па некалькі заявак на гранты ў айчынныя ды замежныя фонды. Можна наладзіць супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі і тымі ж валанцёрамі, якія, будучы, скажам, прыхільнікамі музейнай ці краязнаўчай дзейнасці, дапамогуць музейшчыкам з развіццём інтэрнэт-старонкі, з напаўненнем яе актуальным кантэнтам ды, магчыма, праз свае кантакты выйдуць з прапановамі на інвестараў з іншых краін і гэтак далей… А калі ўстанова культуры сапраўды пачне “гучаць” спачатку ў віртуальнай, а пасля і ў рэальнай прасторы, на яе звернуць увагу і больш буйныя арганізацыі — як прыватныя, так і дзяржаўныя, — ды, магчыма, і кіраўнікі райвыканкамаў… Улічваючы ж тое, што менавіта з дапамогай валанцёраў летась ды сёлета ў Беларусі было ажыццёўлена нямала праектаў у сферы культуры, гэты шлях падаецца адным з самых перспектыўных…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"