Пахавана пад уцяпляльнікам

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Каму клапаціцца пра лёс манументалістыкі савецкай пары?
У Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, у томе, прысвечаным Мінску (год выдання — 1988-ы), ёсць артыкул пра Палац культуры тэкстыльшчыкаў. Палац згадваецца як помнік савецкага дойлідства і характэрны для свайго часу ўзор архітэктуры грамадскіх збудаванняў. Яго ўзвядзенне ішло ў 1954 — 1956 гадах па праекце, ужо скарыстаным раней, у 1960-м было адноўлена па перагледжаным праекце (архітэктары — С.Мусінскі і Л.Каджар), а скончылася ў 1965 годзе.

/i/content/pi/cult/531/11514/2-2.jpg

Справа ў зграфіта

Можна сказаць, што ўзводзіць яго пачыналі як тыпавы, а ў выніку шэрагу трансфармацый атрымаўся будынак з арыгінальнымі рысамі. І надае тую самавітасць палацу не ў апошнюю чаргу манументальная аздоба галоўнага фасада — зграфіта агітацыйна-прапагандысцкага характару, зробленае двума мэтрамі беларускага мастацтва, на той час — маладымі мастакамі, Гаўрылам Вашчанкам і Уладзімірам Стэльмашонкам. Асабіста для мяне найбольшую цікавасць прадстаўляюць не выявы, а шрыфтавая частка зграфіта. Бо хоць самі тэксты "кананічныя", іх выкананне — досыць авангарднае. Па сутнасці, гэта абстрактныя кампазіцыі з літар.

У 2007 годзе палац, што належыў Камвольнаму камбінату, змяніў гаспадара. Цяпер гэта камунальная ўласнасць, гаспадар — Мінгарвыканкам. Афіцыйная назва — “Дзяржаўная культурна-асветная ўстанова “Палац культуры “Лошыцкі”.

Знаходзіцца палац у зручным месцы — на адной з галоўных транспартных камунікацый сталіцы, побач з прыроднай і культурнай каштоўнасцю — Лошыцкім паркам — і раёнам, дзе яшчэ нядаўна пераважала дэпрэсіўная забудова гарадской ускраіны, а зараз як грыбы пасля дажджу растуць рэспектабельныя гмахі. Пры адносна невялікіх памерах, дзякуючы ўдалай прывязцы да ландшафту, даволі выразнаму сілуэту ды пластыцы фасада, палац успрымаецца архітэктурнай дамінантай прылеглага раёна. Пэўны час будынак палаца быў у заняпадзе. Зараз вядзецца яго рэканструкцыя, якая мусіць завяршыцца напрыканцы наступнага года. Мяркуецца, што ў выніку горад узбагаціцца сучасным комплексам для арганізацыі відовішчаў і заняткаў аматарскай творчасцю.

Магу дадаць, быў час, калі гэты будынак трапляў мне на вока ці не штодня на працягу некалькіх месяцаў, і глядзець на яго мне не надакучвала. Ёсць у ім прывабнасць, някідкая прыгажосць, манументальнасць. Гэта далёка не горшы ўзор архітэктуры савецкага функцыяналізму. На жаль, у час рэканструкцыі частка гэтай прывабнасці была страчана, бо дэкаратыўнае пано на фасадзе знікла з вачэй, пахаванае пад плітамі ўцяпляльніка. Што будзе менавіта так, адміністрацыя палаца і будаўнікі таямніцы не рабілі. У прыватнасці, прадстаўнік замоўцы — інжынер тэхнічнага нагляду ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Рыта Странгельская заяўляла ў прэсе, што пано не падлягае аднаўленню, рэстаўраваць яго няма магчымасці, бо будынку — пяцьдзясят гадоў, і за гэты час да яго, так бы мовіць, рукі не даходзілі.

Сапраўды, навошта?

Мяркуючы па рэакцыі ў Сеціве, шкада гэтага твора савецкага манументальнага мастацтва не мне аднаму: “Навошта пано прыбіраць?! Якая ні ёсць, але гэта гісторыя. Наша гісторыя”; “Пано амаль цэлае. Мазаіка “Беларусь партызанская” на гасцініцы “Турыст” уся абвалілася, але яе будуць аднаўляць. А тут: “Няма магчымасці…”!”; “Дадзенае пано варта захаваць, бо гэта люстэрка эпохі”; “Гэтаму пано 50 гадоў, але выглядае яно нармальна”.

І сапраўды, для каменнага будынка пяцьдзясят гадоў — гэта ўзрост немаўляці, а зграфіта (разьба альбо выдзіранне па тынкоўцы) не ўяўляе для рэстаўратара праблем. Бо вартасць гэтай тэхнікі — у яе таннасці ды прастаце выканання, а таксама ў трываласці адносна агрэсіўнага асяроддзя. Самы просты ўзор зграфіта — гэта калі слой тынкоўкі колерам адрозніваецца ад асновы. І тым не менш, пано “пахавана” пад слоем уцяпляльніка, бо “захаваць няма магчымасці”.

Гэта нагадвае мне практыку капітальных рамонтаў савецкай пары, калі з будынкаў знікалі ляпніна, каваны і разны дэкор, а замест іх — альбо нічога, альбо што папрасцей. Будаўнікі ў дадзеным выпадку зрабілі як ім звыкла, зручней ды танней. А адміністрацыя будынка не мела нічога супраць. Уцяпліць тыя ж сцены ды зграфіта захаваць — гэта ж думаць трэба, што ды як…

Запыталіся мы, аднак, як такое магло здарыцца, у дырэктара Палаца культуры “Лошыцкі” Мікалая Казюліна. Ён спаслаўся на згаданае вышэй меркаванне спецыялістаў упраўлення капітальнага будаўніцтва. Ад сябе дадаў, што будынак Палаца культуры не з’яўляецца помнікам архітэктуры і яго аздоба мастацкай каштоўнасці не ўяўляе. Мой суразмоўца адзначыў, што не варта нам засяроджвацца выключна на тых сямі дзесяцігоддзях савецкага часу , калі Беларусь мае тысячагадовую гісторыю. А каб надаць Палацу культуры больш беларускасці, дадаў суразмоўца, да яго прыбудуюць рэстаран і бар, дзе наведвальнікі змогуць паласавацца нацыянальнымі стравамі ды напоямі.

За кім ініцыятыва?

Пацікавіліся мы і ў Беларускім саюзе мастакоў, чаму аказалася неабароненай манументальная работа аўтарства двух народных мастакоў Беларусі і хто павінен быў бы ініцыяваць складанне “ахоўнай граматы” для гэтага ды іншых аналагічных твораў нашай культуры. У адказ пачулі: Саюз — грамадская арганізацыя і, адпаведна, паўнамоцтваў, каб нешта бараніць, не мае. Можа хіба выказаць шкадаванне з нагоды таго, што адбылося... А займацца аховай культурнай спадчыны мусяць Міністэрства культуры і службы Мінгарвыканкама, калі гэта сталічная камунальная ўласнасць.

У Мінгарвыканкаме нашай суразмоўцай была галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі спадарыня Наталля Радчанка. Яна брала ўдзел у нядаўнім “круглым стале” па тэме аховы гісторыка-культурнай спадчыны, арганізаваным “К”. Паводле яе слоў, у юрыдычным сэнсе няма да каго мець прэтэнзіі, бо будынак насамрэч не мае статуса помніка гісторыі і культуры, а значыць, у праекціроўшчыкаў ды будаўнікоў “развязаны рукі” ў справе яго рэканструкцыі. Між тым, зазначыла яна, Саюз мастакоў мог бы паклапаціцца пра такі статус і для гэтага будынка, і для іншых, калі да іх фасадаў ці інтэр’ераў маюць дачыненне нашы вядомыя майстры. Права ініцыятывы па прызнанні аб’екта помнікам, адпаведна заканадаўству, маюць і прыватныя асобы, і грамадскія арганізацыі. Каму ж, як не Саюзу мастакоў — аб’яднанню прафесіяналаў, ведаць, што варта лічыць творам і помнікам, а што — не? Вось здолелі ж мастакі дамагчыся статуса помніка культуры для будынка, дзе знаходзіцца іх арганізацыя, бо такі статус прадугледжвае падатковыя льготы…

Дык чыя справа?

Самі аўтары пано, Гаўрыла Вашчанка і Уладзімір Стэльмашонак, адышлі ў іншы свет. Мы звярнуліся да іхніх нашчадкаў, таксама мастакоў, — Канстанціна Вашчанкі і Сяргея Стэльмашонка, з пытаннем пра іх магчымыя дзеянні ў дадзенай сітуацыі. Адказы абодвух былі падобныя, прынамсі, па сэнсе. Канешне ж, і Канстанцін, і Сяргей абураны, але кепска ўяўляюць, што могуць зрабіць. Гаўрыла Харытонавіч калісьці распавядаў свайму сыну, што, паводле агульнапрынятых маральных норм, твор мастацтва знішчаны быць не можа (Нататка на палях, як той казаў: адным з надпісаў у тым зграфіта быў “Мастацтва належыць народу”.) Няма закону, які гэта дазваляў бы. Закон законам, а рэчаіснасць — іншая справа. Тут адмоўных прыкладаў шмат…

Распаўсюджваюцца на нашчадкаў нормы аўтарскага права на манументальныя творы ці не, было нашым наступным пытаннем мастакам. Калі твор аплачаны і мае гаспадара, дык — наўрад ці. У дадзеным выпадку права ўладання і ахоўныя функцыі належаць дзяржаве. А ці гэта справа Саюза мастакоў — пільнаваць манументальныя творы па ўсёй краіне? Адназначна не, у голас адказалі абодва. І паразважалі, што каб вывезці твор за мяжу, уладальніку патрэбна хадзіць па інстанцыях, праводзіць экспертызы, атрымліваць на падставе дакументаў дазвол, а каб твор мастацтва знішчыць, ні экспертных заключэнняў, ні дазволу не трэба.

Лёс твора на фасадзе або ў інтэр’еры будынка павінен вырашаць усё ж не будаўнік, які мае натуральнае жаданне мець як мага менш клопату, а дасведчаны ў мастацтве эксперт. Так — у ідэале. У жыцці, на жаль, інакш…

“Знікла памятка дзён…” — сказаў бы з гэтай нагоды класік. Мы ж канстатуем, што на ўсе выпадкі законаў не зробіш, да кожнай карціны міліцыянера не прыставіш. Застаецца спадзявацца на маральную эвалюцыю грамадства…

Можа, хтосьці, прачытаўшы артыкул, скажа: “Падумаеш, страта! Хіба Вашчанка са Стэльмашонкам — гэта Сікейрас з Рыверай?” Параўнанне творчых патэнцыялаў — рэч паводле вызначэння спрэчная. Але ці мела б Мексіка вялікіх манументалістаў пры тым стаўлені грамадства да мастацкай творчасці, узор якога мы тут згадалі…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"