"Калі скончыцца вайна..."

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

“Узарваў” Інтэрнэт”… Як часта мы чуем або чытаем гэтую фразу… То відэа панды, якая аблізвае котку, то відэа коткі, якая вымылася ў пральнай машыне, — спрэс разрывы мозгу. А “бомбай” нядаўняй стаў прома-ролік аднаго з украінскіх тэлеканалаў па матывах фільма “В бой идут одни “старики”, прысвечаны 70-годдзю Перамогі над фашызмам ды чарговым угодкам заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Паўтары хвіліны, пад час якіх, упэўнены, сэрца замерла ў кожнага, хто бачыў гэтыя пранізлівыя кадры…

/i/content/pi/cult/531/11512/2-1.jpg— Калі скончыцца вайна, вернемся мы сюды, пройдзем па гэтых месцах — хто застаўся ў жывых...

— І паклічам лепшы сімфанічны аркестр. У фраках... І як улупім “Смуглянку”! Ад пачатку і да канца...

Гэта словы з рэальнага фрагмента карціны, калі героі Леаніда Быкава і Аляксея Смірнова сядзяць ля магілы дзяўчат з авіяцыйнага палка. І названы адрэзак зманціраваны са сцэнай з як бы дня сённяшняга, калі па полі да месца пахавання лётчыц з кофрамi ў руках падыходзяць людзі ў фраках (у іх ролях заняты музыканты Нацыянальнага прэзідэнцкага аркестра Украіны), дастаюць інструменты, рассаджваюцца на крэслах ды сапраўды ўразаюць “Смуглянку”. Дзіўна, цудоўна!..

У мяне няма пэўнага меркавання, ці павінна айчыннае тэлебачанне 9 Мая здзіўляць ды скараць уяўленне гледачоў. Памятаецца, неяк раней спецыяльна да святой даты здымалі праекты, якiя сюжэтна прадстаўлялi вядомыя песні часоў вайны, пра вайну, а спявала іх цяперашняе пакаленне артыстаў, прычым жанравая прыналежнасць выканаўцаў была самая розная. Мне здаецца, калі гэтыя праекты атрымліваліся, дэманстрацыі “тут ды цяпер” памяці, павагі, “радасці са слязамі на вачах” было дастаткова…

Калі фантазіраваць, то можна было б прапанаваць не падобны тэлеканцэрт, а асобныя песенныя ўкрапванні нумароў з яго на працягу дня паміж іншых перадач (урэшце, на некаторых нашых каналах тое існуе). Або маглі б з’явіцца ўстаўкі, у якіх цяперашнія акцёры сыгралі б памятныя кавалачкі са знакавых стужак пра Другую сусветную, беражліва, акуратна і сэнсава дапоўніўшы эпізоды, як гэта сапраўды таленавіта зрабілі ўкраінцы. Далібог, ну не патрэбны ў такі дзень на экранах ТБ шоу са спецэфектамі, занадта заліхвацкiмi скокамі ды спевамі! Гэта дзень урачыстых мерапрыемстваў, ускладанняў кветак да помнікаў, віншаванняў, ушанавання тых, каго з кожным годам застаецца ўсё менш і менш, проста шпацыраў па вуліцах, нягучных застолляў ды прагляду старых савецкіх (і некаторых больш сучасных, у тым ліку айчынных) фільмаў пра страшныя і вялікія гады. І — фінальнага салюту…

Я пісаў гэтыя радкі яшчэ да таго, як стала вядомая тэлесетка на 9 Мая. Вы, напэўна, яе ўжо вывучылі. Чаго мне дакладна не хацелася б убачыць па тэлевізары ў будучую субботу, дык гэта скляпаных “на каленцы” сучасных серыялаў пра той трагічны перыяд нашай гісторыі… І хочацца, каб хутчэй скончылася вайна ў нашых суседзяў…

“Хлопцы, будзем жыць!..” — крычыць пілот падпаленага самалёта з таго ж несмяротнага кінатвора.

Будзем!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"