Не цяпер, але ў 2017-м

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Падрабязна пра фільм, што Эмір Кустурыца здыме ў Беларусі
Сербскі рэжысёр, акцёр, прадзюсар і музыкант Эмір Кустурыца мае рэпутацыю — да апошняга кінаметра, да апошняй ноты — патрыёта і колішняй Югаславіі, і сучаснай Сербіі. Як сцвярджаюць яго крытыкі, “анфан тэррыбль” сучаснага мастацтва, якi некалі спрабаваў зрабіць кар’еру ў Галівудзе, з-за сваіх поглядаў з’яўляецца для апошняга ледзь не персонай нон-грата, да чаго Кустурыца ставіцца з гумарам. Дый сам Эмір калісьці зарокся звязвацца з амерыканскай кінаіндустрыяй. А з беларускай — чаму б і не? Майстар бываў у нас, — і як кінематаграфіст, і з канцэртамі гурта “The No Smoking Orchestra”. Апошні яго візіт прыпаў на панядзелак.

/i/content/pi/cult/531/11511/1-2.jpg

У гэты дзень у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь яго кіраўнік Барыс Святлоў прыняў частку здымачнай групы фільма “Калі не цяпер, то калі?”, рэжысёрам якога выступае Эмір Кустурыца. Здымкі карціны пройдуць у нашай краіне.

— Сённяшняя сустрэча носіць нефармальны характар, хоць на ёй могуць узнімацца пытанні любой глыбіні, — адкрываючы сумоўе, адзначыў Барыс Святлоў. — Міністэрства гатова аказаць пасільную дапамогу пры рэалізацыі праекта…

Аб падрабязнасцях, звязаных з ім, распавёў прысутным афіцыйным асобам і журналістам сам Кустурыца. Ён кажа, што праект прысвечаны Другой сусветнай вайне. У аснову яго легла аднайменная кніга вядомага італьянскага пісьменніка Прыма Леві, дзе распавядаецца пра групу партызан (сярод іх ёсць і яўрэі), якія з баямі прабіраюцца з Беларусі ў Італію, а канчатковым пунктам іх маршруту з’яўляецца Палесціна. Сцэнарый, што знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, Эмір піша сумесна з Горанам Міхічам (сасцэнарыст кінашлягера “Чорная котка, белы кот”).

— Здымаць фільм мы хочам у вас не толькі з-за фабулы рамана, — падкрэсліў серб. — У мяне ёсць асцярога, што фашызм сёння актывізаваўся ва ўсім свеце. Я быў упэўнены, што яго “рэстаўрацыя” немагчымая… Каму, як не вашым людзям, ведаць, што з сябе ўяўляе фашызм. Мы хочам сфакусаваць увагу гледачоў на паралелі паміж тым, што было тады і што можа паўтарыцца цяпер…

/i/content/pi/cult/531/11511/1-3.jpg

Эмір Кустурыца ў курсе магутнасцей “Беларусьфільма”, і яны яго цалкам задавальняюць. Рэжысёр быў уражаны тымі рэквізітам, дэкарацыямі ды абсталяваннем, якія захаваліся з далёкіх гадоў. Старыя танкі, гарматы, машыны маюць выкарыстаць у будучай карціне.

— Падставу для аптымізму, спадзяванне на рэалізацыю праекта належным чынам дае тое стаўленне, што мы адчулі і на студыі з боку людзей, якія працуюць на ёй — сапраўдных прафесіяналаў, — і ўсюды, дзе нас прымалі ў гэты ды папярэдні наш прыезд, — прызнаўся Кустурыца. — Думаю, мы шчыльна і шмат задзейнічаем у самых розных ролях беларускіх артыстаў…

Перш чым распачнуцца здымкі, Эмір плануе бываць у Беларусі ўсё часцей і часцей. Тады ён і збіраецца пазнаёміцца з ёй яшчэ больш: “Калі я вяртаюся з вашай краіны ў Бялград, то прыгадваю пра яе са шчырай любоўю, дзялюся сваімі пачуццямі з сябрамі. Дзівіць яе чысціня, адсутнасць маштабных крымінальных праяў, тут няма усяго таго негатыву — у самых розных галінах, — якога сёння так шмат на Захадзе…”.

/i/content/pi/cult/531/11511/1-4.jpg

Кажучы пра тое, якая дапамога яму неабходна, Кустурыца пазначыў некалькі плоскасцей. Каб былі задзейнічаны ўсе тыя патрэбныя яму тэхнічныя ды іншыя рэсурсы, якія ёсць на “Беларусьфільме”. Каб не ўзнікала праблем з чалавечым рэсурсам. Каб, па-магчымасці, да працы былі прыцягнуты тыя фонды і арганізацыі, што дапамаглі б у стварэнні антуражу ваеннага часу, характэрнага менавіта для беларускай рэчаіснасці. Вынікам, па словах Эміра, павінен стаць папраўдзе сумесны праект, а для Беларусі яшчэ — і нацыянальны. Разлічвае, дарэчы, Кустурыца і на садзейнічанне расійскага Міністэрства культуры.

Барыс Святлоў звярнуўся да генеральнага дырэктара “Беларусьфільма” Алега Сільвановіча з пытаннем, ці ўзнікаюць праблемы пад час ужо распачатай рэалізацыі праекта?

— Летась быў падпісаны мемарандум з французскай кінакампаніяй “Cinema Soleil” аб сумеснай вытворчасці дадзенай карціны, — адказаў Алег Ігаравіч. — Верагодна, ужо ў маі падпішам канчатковую дамову. У дадзены момант мы знаёмім групу з магчымасцямі нашай студыі, пасля чаго зразумеем, што ад нас патрабуецца канкрэтна…

У Беларусі запланавана 60 здымачных дзён, асноўная іх частка пройдзе, мяркуецца, пад Туравам. У карціне, вытрыманай у фірмовай стылістыцы Эміра, калі трагедыя і камедыя цесна пераплецены, будзе шмат музыкі. Але наўрад ці кампазіцый Горана Брэгавіча: іконы сучаснага балканскага фольку пасварыліся “ў хлам” колькі гадоў таму — ці то з прычыны высвятлення таго, хто з іх каго “зрабіў” як творцу сусветнага ўзроўню, ці то на глебе вызначэння, у чыёй музыцы больш запазычанняў з фольку. Карацей, тыповыя “разборкі” амбіцыйных мэтраў.

А пакуль Кустурыца працягвае працу над фільмам “На Млечным шляху”, здымкі якога павінны скончыцца напрыканцы верасня (у галоўных ролях — сам Эмір і Моніка Белучы). Налета маэстра спадзяецца прадставіць яго на Канскім кінафестывалі. У Беларусі ж у поўным аб’ёме падрыхтоўчы працэс стартуе ў наступным годзе, а здымкі запланаваны на 2017-ы.

Увогуле, як мне падалося, сустрэчай аказаліся задаволены ўсе, нам жа застаецца набрацца цярпення. А пакуль я прапаную вам бліц-абмен пытаннямі і адказамі, які адбыўся ў нас з Эмірам літаральна ў дзвярах залы Мінкультуры, дзе праходзіла сустрэча.

— У чым бачыце падабенства двух народаў — сербскага і беларускага?

— У чымсьці падобныя гісторыі. І людзі ў нечым падобныя, у тым, напрыклад, як ставяцца да працы.

— Вы па-ранейшаму не прымаеце сучасную сусветную культуру?

— Я скептычна стаўлюся да тых тэндэнцый у ёй, якія пануюць сёння на Захадзе. Калі ўсё будзе развівацца ў тым напрамку, у якім развіваецца цяпер, калі змываюцца ўсе характэрныя асаблівасці, усе індывідуальнасці культур, то яны, як асобныя агмені, знікнуць у такім аб’яднанні ў нішто. Архетыпы, традыцыі — вось на чым павінна грунтавацца культура. Мне здаецца, і мы, і вы гэта разумеем...

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ