Пяцьдзесят плюс гала-канцэрт

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

У Магілёве на мінулым тыдні афіцыйна распачалася Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Мы — беларусы!”. Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел міністр культуры краіны Уладзімір Матвейчук і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Барыс Батура.

 /i/content/pi/cult/153/1151/My-belarusy.jpg
Як паведамляе БелТА, акцыя праводзіцца Міністэрствам культуры сумесна з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам і вядучымі творчымі калектывамі і выканаўцамі краіны. Яе мэта — шырокая прапаганда ў Беларусі і за яе межамі духоўных і культурных каштоўнасцей нашага народа, дасягненняў сучаснага беларускага мастацтва, паляпшэнне культурнага абслугоўвання жыхароў рэгіёнаў, а таксама ўмацаванне станоўчага вобраза Беларусі за мяжой.
Акцыя “Мы — беларусы!”, распачаўшыся ў Магілёве з канцэрта мясцовых майстроў мастацтваў і Тэатра песні Ірыны Дарафеевай, прадоўжыцца выступленнямі найлепшых рэспубліканскіх, абласных, раённых творчых калектываў, што маюць прайсці з сакавіка па кастрычнік па ўсёй краіне.
На першым этапе плануецца правесці больш за 50 канцэртаў, а своеасаблівай кульмінацыяй стане начны гала-канцэрт у Дзень Незалежнасці каля стэлы “Мінск — горад-герой”. Удзельнікі акцыі выступяць і на XVII Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, а таксама ва Украіне, у Латвіі, Польшчы, Эстоніі і Расіі. Палац Рэспублікі 5 красавіка прыме канцэрт салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Беларусі і Марыінскага тэатра з Санкт-Пецярбурга.

Фота Алега ФАЙНІЦКАГА, БелТА