Маэстра і яго сад у квецені

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Ігар і Вольга Паліводы: дыялог праз 19 гадоў. Частка І
Вольга Палівода не давала інтэрв’ю 19 гадоў. І пра сустрэчу мы дамаўляліся бадай год. Так доўга шукалі нагоду, каб гутарка набыла канкрэтны вынік па ўшанаванні памяці мужа Вольгі Пятроўны — знакамітага беларускага кампазітара Ігара Паліводы. Папулярызацыяй ягонай творчасці Вольга Палівода займаецца ці не ўвесь гэты час. Яе намаганнямі разам з іншымі неабыякавымі творчымі асобамі зладжаны вечары памяці кампазітара ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, зняты дзве дакументальныя стужкі пра Ігара Ігаравіча, выпушчаны нотны зборнік яго твораў, якія гучаць няхай і не заўжды з вялікіх сцэн, але ж далучаюць да работ маэстра ўсё больш выканаўцаў розных пакаленняў. А яшчэ Вольгай Пятроўнай захаваны архіў рукапіснай і машынапіснай спадчыны Паліводы — музычнай ды літаратурнай, што даступны для даследчыкаў феномену гэтага творцы.

/i/content/pi/cult/531/11507/15-1.jpg

Нагоды для сустрэчы аказалася дзве. Па-першае, у сталіцы плануецца стварыць і ўсталяваць мемарыяльную шыльду кампазітару на доме, дзе ён жыў, па вуліцы Пляханава. Па-другое, 21 мая ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры распачынаецца выстаўка, што шырока прадставіць архіў Ігара Паліводы. Пра ўсё гэта і пойдзе гаворка ў некалькіх частках артыкула, які складаецца не толькі з разваг Вольгі Палівода, але і з фрагментаў дзённікавых запісаў Ігара Паліводы, адабраных ды падрыхтаваных для публікацыі Вольгай Пятроўнай. Так і склалася нечаканае сумоўе.

Калі жыве музыка?

В.П.: — Жыве музычны твор толькі праз яго выкананні, запісы, інтэрпрэтацыі. У 1992-м адбылася прэм’ера поп-оперы “Максім”, напісанай для тады яшчэ Дзяржаўнага канцэртнага аркестра краіны, што зведала аншлаг у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Поспехам карысталіся і цыклы “Беларушчына” на вершы Янкі Купалы, “Матчын спеў”, сатканы з паэзіі Аркадзя Куляшова. Не паспеў Ігар пачуць сцэнічнае ўвасабленне ягонай праграмы народных песень, якая атрымала назву “Нёман”… Падзея гэтая адбылася праз год па сыходзе аўтара: у 1997-м на вечары памяці Ігара Паліводы было выканана чатыры песні з праграмы, а ў 2010-м — увесь цыкл…

І.П.:

“1995 год.

Аўт. 21.3.

Такім чынам, матыўчыкі на народныя тэксты ўсё ж вымушаны быў складаць. Склаў восем; пяць ужо ў партытурах. На пачатку красавіка пачынаем набіваць гэтым фуражом магнітафонныя плёнкі. Набіваць будзе шматвопытны “Bolvanking Combo” (членам якога некалі меў гонар быць і я).

Фестываль у Маладзечне па ліку атрымліваецца трэці, і трэці ж будзе адкрывацца песенным цыклам, увянчаны маім слаўным іменем. І трэці ж год разважаю задуменна: дзе вы, мае знакамітыя калегі? Дзе вы, лепшыя людзі рэспублікі? Народныя і заслужаныя? Ардэнаносцы? Лаўрэаты? Чаму маўчыце, калі ў мяне на падыходзе ўжо чацвёрты песенны цыкл? Чаму не гоніце мяне ў карак? Спіце? Смеяцеся?..

Ні тое, ні другое. Ім, ардэнаносцам, гэта не патрэбна. Ім патрэбна не гэта. Ім патрэбен Спонсар. Яны яго шукаюць.

Ці знойдзеш Спонсара з цыклам песень (“операй-песняй”) на вершы Аркадзя Куляшова? Янкі Купалы? Максіма Багдановіча? Вось жа. А з песенькай “Бізнесмены вы мае, бізнесменчыкі”, спрацаванай у лепшых традыцыях “камерна-песеннай лірыкі”, — будзеш заўжды сыты і п’яны. Не ўсе, канешне, узнімаюцца да такіх завоблачных вышынь, але ёсць шчасліўчыкі. Яны прылюдна ўдастойваюцца ганаровых званняў “Лепшы Кампазітар (Паэт, Спявак) Года” і шчодрых заморскіх дароў.

Тыя, хто спонсара не знаходзіць — ці то па ўзросце, ці то па немілагучнасці прозвішча альбо візуальнай непрывабнасці, — таксама жадаюць чагосьці такога-гэтакага. Ганаровых званняў ім не трэба, гэтага дабра і так навалам. А вось лішні, да прыкладу, кухонны гарнітурчык “Вязынка” зусім не будзе перашкодаю. І галоўнае — не трэба шукаць ніякага Спонсара. Не трэба сачыняць новую песеньку кшталту “Цыганка — раз, цыганка — два, цыганка — тры, і чатыры, і пяць…”. Не трэба паказваць і даўнейшыя опусы, што можна слухаць толькі пад агульным наркозам.

Трэба толькі пайсці і ЎЗЯЦЬ.

Для гэтага існуе Фестываль. Малады, з запалам, поўны жыццёвых сіл, энергетычны і шматабяцальны “Фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-199…”

Гэта добры фестываль. Там шмат святла, шуму і піратэхнічных цудаў, там тонамі раскідваюцца з верталётаў жывыя кветкі і льецца пеністай Ніагарай шампанскае. Сардэчнасць і гасціннасць гаспадароў не ведае межаў. Пакуль на сцэне здзяйсняецца нейкае святочнае дзейства, якое кіруецца белафрачным маэстра, за кулісамі жыццё б’е гарачым гейзерам, што пераходзіць пад канец прадстаўлення ў захапляльны Бахчысарайскі фантан. Там “адцягваецца” ўвесь цвет беларускай эстрады разам са службовымі фігурамі рознай вартасці; там братаюцца і цалуюцца ў прысмок, высвятляючы складанапраглядныя задаляглядныя перспектывы…”

“1992 год.

Сер. 12.2.

А ў Аркестры тым часам хуткім алюрам ідзе падрыхтоўка да прэм’еры таго, у што ператварыўся за паўгода “Максім”. У горадзе расклеена рэклама, з якой вынікае, што гэтая “поп-опера” будзе прад’яўлена грамадскасці сталіцы 15 лютага, у суботу, у зале філармоніі. Аддрукаваны буклеты. Ідуць інтэнсіўныя рэпетыцыі — з аркестрам на Базе і з вакалістамі на сцэне ў постканцэртны вячэрне-начны час. У тэатральнай пастаноўцы — з мэбляй, бутафорскай чатырохметровай пальмай, касцюмамі ды іншымі аксесуарамі — рэжысёру Ляляўскаму адмоўлена. Ён аказвае адно пасільную дапамогу ў пастаноўцы святла і “разводзе” артыстаў-вакалістаў на сцэне — у канцэртным варыянце. […] Тэлебачанне б’ецца за права адзняць прэм’еру для эфіру. Апроч таго, хтосьці будзе спецыяльна здымаць яе ў сістэме secam для далейшага размнажэння на касетах і перапраўкі ў заморскія краіны. Білетаў няма. Маэстра забраў іх сабе і займаецца распаўсюджваннем асабіста. Мне ўдалося адхапіць трыццаць штук для родных і блізкіх, але і гэтага, падаецца, мала. Прыедуць з Масквы.

Восеньская “прэзентацыя” не прайшла дарэмна […]. Тэкст “Пагоні” раздрукаваны ў буклетах, каб ахвотныя маглі падпяваць-прытанцоўваць. “Максім” займае поўнае першае аддзяленне, а другое — з назвай “Пад зоркаю Пагоні” — складзена з розных песень, але заканчваецца, зноў-такі, нашай з Пранчаком “Талакой”. Агульны stereo-sound абяцае быць значна ніжэйшым за сярэдні, але з гэтым даводзіцца змірыцца.

[…]

Як бы тое ні было, чакаю гэтай праклятай суботы са складанай гамай розных пачуццяў і прадчуванняў.

Нябёсы, зрэшты, захацелі, каб менавіта 15 лютага выпала калісьці нарадзіцца любай жонцы Вользе. І ўся надзея на тое, што гэтае светлае свята з суправаджаючай яго абавязковай aqua vitae ў кампаніі сяброў дазволяць аслабіць пасля поп-оперы некаторыя некамфортныя адчуванні. Уся надзея на тое…”

Памяць талакой

В.П.: — Лічу, годным увасабленнем памяці аб Ігары Паліводзе стане стварэнне і ўсталяванне мемарыяльнай шыльды майстру на тым доме, дзе ён жыў. Мэтазгоднасць праекта падтрымаў Інстытут гісторыі Нацынальнай акадэміі навук Беларусі. У адказе, атрыманым з названай установы, у прыватнасці, зазначаецца, што мемарыяльная шыльда стане яшчэ адной “турыстычнай візітоўкай краіны, будзе папулярызаваць культуру Беларусі і саму Беларусь у свеце”. З гэтай нагоды летась я скіравала зварот у Мінгарвыканкам, адказ на які паведамляў, што бюджэтам Мінска сродкаў на стварэнне такой памяткі не прадугледжана, што, аднак, не забараняе выкарыстоўваць іншыя крыніцы прыцягнення фінансавання пад названую мэту. Тады быў адкрыты дабрачынны рахунак (9004-Р/Дабрачынны рахунак BYR, аддзяленне 175 філіяла 529 “Белсувязь” 000033). Справу, пераканана, можна будзе зрабіць так, як пяецца ў адной з песень аўтарства Ігара: “…Што не зможаш адолець адзін, — / Талака дапаможа табе!”. І я шчыра рада, што да ініцыятывы ўжо далучылася моладзь, якая зможа дапамагчы ў пошуках патэнцыйных фундатараў, а таксама ў распаўсюджванні звестак пра збор сродкаў у Сеціве. Першую інфармацыю размясцілі на папулярным сайце прыхільнікаў ансамбля “Песняры”.

І.П.: “1990 год.

Сб. 24.11.

Краіна “ў становішчы”. Цытую паважаную газету, датаваную сённяшнім чыслом:

“[…] Прэзідэнт сказаў: таварышы, будзем пільнымі”.

У гэтым цікавым становішчы сацыялістычнай дзяржавы вышла з-пад пяра майго “Талака” — […]аптымістычная песенька на словы Л.Пранчака. Чырвонай ніткай праводзіцца тут думка Прэзідэнта нашага: трэба, маўляў, усім з’яднацца ў барацьбе з часовымі складанасцямі і перамагчы іх, як гэта бывала не раз у нашай вялікай гісторыі.

“Мы асілім усё талакой.

Ты заўсёды са мной, я з табой.

Не пакіне ў бядзе сябрука

Талака, талака, талака!..”

Сам жа Прэзідэнт з торбай праваяжыраваў па Заходняй Еўропе. Чалом не біў. Але, захоўваючы bonne mine, міластыню горда прыняў.

Нават калі і сотая частка яе дойдзе да нас, грэшнікаў, у выглядзе якойсьці жратвы, то, баюся, гэта будзе ўсяго толькі невялікая ін’екцыя морфію ў смяротна хворы арганізм.

“Талака” ж будзе жыць вечна.

“Светлай радасці нам не суняць.

Хай да раніцы песні звіняць,

Хай шуміць, як вясною рака,

Талака, талака, талака!”

В.П.: — Складанасць, акрамя пошуку грошай, бачыцца мне ў тым, як найлепш адлюстраваць шматбаковую натуру маэстра. Сам ён быў і “пясняр”, і кампазітар, і бліскучы выканаўца-інструменталіст, а таксама Ігар меў пісьменніцкі талент. Ці варта яго паказваць на гэтай шыльдзе ў касцюме часоў “Песняроў”?.. А можа, увесці ягоны экслібрыс?.. Названыя рашэнні няхай застануцца за скульптарам. Галоўнае, што да 65-годдзя майстра распачалася справа, якая можа заняць і не адзін год. А звесткі пра збор сродкаў на стварэнне мемарыяльнай шыльды прагучаць і 21 мая на адкрыцці выстаўкі з архіва Ігара ў Музеі тэатральнай і музычнай культуры…

Публікацыя і падрыхтоўка дзённікавых запісаў Вольгі ПАЛІВОДА

(Працяг — у наступных нумарах "К".)

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах