Механізм ста працэнтаў

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Аляксандр САЛАДУХА, спявак
З гэтага нумара "К" пачынае друкаваць своеасаблівыя майстар-класы ад паспяховых асоб у сферы культуры і шоу-бізнесу. Сёння ўласным досведам дзеліцца вядомы беларускі спявак Аляксандр Саладуха.

/i/content/pi/cult/530/11500/13-2.jpgУ маі 2006-га мы з жонкай Наталляй зарэгістраваліся як індывідуальныя прадпрымальнікі, адкрылі рахунак у банку, атрымалі пячатку, займелі юрыдычны статус. А ўжо 20 кастрычніка таго ж года я выправіўся ў трэці па ліку гастрольны тур па Беларусі. З тых часоў выступленні ў мяне праходзяць без перапынкаў.

За гэты час — шэсць праграм, шэсць альбомаў. У 2010-м я вырашыў узяць усе стадыёны ды лядовыя палацы спорту краіны. Але, задумваючы ўсё гэта, усведамляў: ніхто мне поўныя трыбуны ды залы за прыгожыя вочы не збярэ, нават пры маёй — чаго хітраваць — пэўнай папулярнасці. І я сказаў сабе: “Саня, уключай галаву!” Прыйшла ідэя самому нешта зрабіць у гэтым кірунку, нарадзілася ўсім вядомая схема, па якой я i сёння дзейнічаю.

Спачатку тэлефаную адміністратарам канцэртнай пляцоўкі. “Добры дзень, вас турбуе спявак Аляксандр Саладуха, — прадстаўляюся. — Хачу вам прапанаваць сваё выступленне 17 верасня. У вас вольны гэты дзень?” Як толькі мы дамаўляемся пра дату, у спісе гар- ці райвыканкамаў выбіраю патрэбны, тэлефаную ў прыёмную, тлумачу прычыну свайго звароту i сакратар высылае мне заказным лістом пералік тэлефонаў усіх дырэктараў прадпрыемстваў горада ці раёна. Затым тэлефаную гэтым кіраўнікам: “Добры дзень, гэта спявак Аляксандр Саладуха. У мяне да вас пытанне: ці практыкуе ваша прадпрыемства набыццё білетаў па безнаяўным разліку для сваіх супрацоўнікаў у якасці заахвочвання? Так? Тады, калі не цяжка, вазьміце ручку ды ліст паперы ды запішыце даныя: “17 верасня, Палац культуры, 19.00, Аляксандр Саладуха з новай праграмай “Вернае сэрца”, кошт білетаў, кантактныя тэлефоны”. І так — усім дырэктарам усіх прадпрыемстваў горада альбо раёна. (Праца, вядома, няпростая, але вынік варты таго: на свае прапановы я атрымліваю 90-95 працэнтаў станоўчых адказаў.) А ад пляцоўкі прашу даць мне чалавека, на якога выводжу прадпрыемства, адкуль тэлефануюць ды замаўляюць, дапусцім, 100 білетаў. 90 працэнтаў выручкi ад канцэрта забіраю сабе, а 10 аддаю за арэнду пляцоўкі. Такім чынам праехаў за тры гады трыццаць найбуйнейшых арэн, пасля — чарга сярэдніх і малых гарадоў. У 2012 годзе я са сваёй камандай зарабіў 1 мільярд рублёў, у 2013-м ды 2014-м — па два мільярды, не будзе менш і сёлета.

Некаторыя дырэктары дзівяцца: “Чаму сам тэлефануе?” Разумею, што, з пункта гледжання сусветнага шоу-бізнесу, нават расійскага, тое, як я прасоўваю свае канцэрты, няправільна. У значнага артыста, вядома, павінны быць у штаце людзі, у абавязкі якіх уваходзіў бы такі фронт працы. Але, па-першае, гэта мае праблемы: хто ды як можа працаваць на Сашу Саладуху. Па-другое, такі занятак мне пакуль “у кайф”. Мне цікава займацца i рэкламай уласных канцэртаў. У невялікіх гарадах дастаткова дзвюх-трох аб’яў у раённай газеце цягам двух-трох тыдняў ды інтэрв’ю, узятага па тэлефоне, якое выходзіць дзён за дзесяць да выступлення. У гарадах больш буйных на мясцовае тэлебачанне высылаю рэкламны ролік, кліп, падключаецца радыё. Не так даўно з дапамогай сыноў стаў больш актыўна задзейнічаць у гэтых жа мэтах Інтэрнэт. Мне не сорамна мець зносіны з сеткавымі рэсурсамі, да якіх ставяцца па-рознаму, але ў якіх ёсць сталае і немаленькае кола чытачоў.

Апошнім часам мяне зацягнулі ў сваю тусоўку — людзей маладых, прасунутых — менеджары аднаго з мінскіх клубаў, у якім і сцэны, па сутнасці, няма, але i ў ім мне спяваць даспадобы. Гэта прыцягвае ўвагу публікі, якая яшчэ год таму пра Саладуху і не ведала. Разам з мастаком займаюся дызайнам афіш, магу даць параду фатографу. Натуральна, скрупулёзна праглядаю па відэа свае выступленні, аналізую іх, адзначаю, дзе штосьці зрабіў не так...

Наш Прэзідэнт на адной з нарад сказаў, што кожны дырэктар на сваім месцы павінен стаць міністрам гандлю. І яшчэ Кіраўнік дзяржавы неяк казаў, што зараз цяжкі час: хто ляжа, той не ўстане. Я лічу, што гэта тычыцца i культуры. Некаторых задавальняе жыццё ад зарплаты да зарплаты, маўляў, раз не плацяць добрыя грошы, то нічога і рабіць не будуць. У іх не дамы культуры, бо там цішыня стаіць і дзеці туды не ідуць. А ў іншых адбою няма ад ахвотных трапіць у гурткі, таму i супрацоўнікі не скардзяцца на свой матэрыяльны стан. У такіх людзей i трэба вучыцца, каб і сябе нармальна ўтрымліваць, і культуру беларускую развіваць.

Вось кажуць, што культура наша фінансуецца сёння так сабе, — гэта праўда. Аднак ёсць людзі бізнесу, якія дапамагалі мне, калі тое было неабходна, і сёння дапамагаюць. Але мне, калі б я апусціўся, аказаўся бязвольным, яны нічога не зрабілі б. Бізнес ідзе туды, дзе бачыць перспектыву і рух. Калі ўстанова культуры выдумляе новыя праекты, актыўна заяўляе аб сабе, то і прыватнікі да яе пацягнуцца. Нават калі яна не надта прэзентабельная звонку, але ўнутры — парадак, падлогі — вымытыя, чысціня — ідэальная, служачыя яе — акуратныя, то стаўленне будзе адпаведным. І адрамантуюць ды прэзентабельны выгляд нададуць!

Вера ў сябе на 100 працэнтаў ды “паханне” з раніцы да ночы — іншага шляху няма. Я многімі мудрымі выслоўямі кіруюся па жыцці, адно з іх: “Не бывае нявырашаных пытанняў — бывае нежаданне іх вырашаць”. Чалавек можа ўсё...

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"