Лялькі для дарослых

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

У сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва да 5 красавіка можна будзе пабачыць выстаўку аўтарскіх лялек пад назвай “Дэбют у кубе”. На ёй прадстаўлены работы трэцяга выпуску мінскай Школы лялечнага дызайну, зробленыя з пластыку, керамічнай масы, фарфору, тэкстылю ды іншых матэрыялаў. Натуральна, аўтарскія лялькі не прызначаны да масавай вытворчасці ці дзіцячых гульняў на развіццё, іх каштоўнасць — уласна мастацкая.

Навучэнцы Школы лялечнага дызайну паспрабавалі перадаць праз ляльку нацыянальныя каларыты розных народаў, вобразы прыроды, настроі надвор’я, характары людзей.
Да слова, перадача менавіта вобраза, а не фізічных данных чалавека апошнім часам заняла сваё месца ў іншых сферах вытворчасці і дызайну, напрыклад, на ўласных візітоўках, калі чалавек друкуе на іх не фізічны, а асацыятыўны і запамінальны партрэт: дзьмухавец, кактус, балерыну, Чырвоны Каптурык…
Хаця большасць аўтараў прадстаўленых лялек не маюць спецыяльнай мастацкай адукацыі, іх творы міжволі выклікаюць захапленне. Адзін зрабіў акцэнт на касцюмную дакладнасць лялькі, знайшоўшы не толькі тканіну з адзнакамі старадаўнасці, але і карпатліва вышыўшы золатам і срэбрам маленечкі лялечны гарсаж на даўнейшы манер. Другі паклапаціўся пра максімальна выразны з псіхалагічнага, пластычнага і характарнага боку вобраз чалавека пэўнай сацыяльнай праслойкі і роду заняткаў. Трэцяму захацелася папрацаваць з аўтарскай лялькай як магчымай формай скульптуры, зрабіць з яе дызайнерскую статуэтку, цікавую для разгляду з самых розных ракурсаў. А некаторыя і ўвогуле стварылі сюжэтную кампазіцыю, нібы вобраз для анімацыі з прамалёўкай характару і атрыбутыкі, дэталёвай распрацоўкай героя.
Выстаўка “Дэбют у кубе” выявіла новыя імёны беларускіх лялечнікаў, за кожным з якіх — свой уласны творчы погляд на аўтарскую ляльку.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ