І мобілі, нібыта павукі...

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

За школу можна не турбавацца
Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” зноў дэманструе творчасць студэнтаў. Гэтым разам — аддзялення керамікі факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Акадэміі мастацтваў. Выстаўка мае назву “Касмадром”.

/i/content/pi/cult/530/11491/8-2.jpg

На золку касмічнай эры, распачатай запускам савецкага штучнага спадарожніка Зямлі, усяму, што мела дачыненне да касмічнай тэмы, надавалася ледзь не сакральнае значэнне. Але цуд не можа доўжыцца вечна, і рана ці позна касмічная справа мусіла стаць завядзёнкай, што, зрэшты, і адбылося. Блізкі космас нават уключаны у гаспадарчы абарот. І ўсё ж космас застаецца для чалавека таямніцай, спасцігнуць якую ўсё адно немагчыма. Бадай, пра гэта і мусіла распавядаць выстаўка паводле задумы куратараў. Прынамсі, прэс-рэліз напісаны мовай з паэтычным ухілам. І сапраўды, пры пэўнай настроенасці, пры адпаведным жаданні ў творах экспазіцыі можна ўбачыць пазаземныя формы жыцця, рэаліі зорнага неба ды тэхнагенныя аб’екты, якія могуць быць і караблямі, зробленымі людскімі рукамі, і НЛА.

Але падобна на тое, што самі аўтары твораў маюць алергію на пафас. Дый сама тэма нібыта спрыяе гульні з абстрактнымі формамі і структурамі ў стылі фэнтазі. Немалую колькасць прадстаўленых тут работ можна, змяніўшы назву, увесці ў іншы тэматычны кантэкст. Думаю, правільна часам робяць мастакі, якія сваім работам увогуле не даюць назваў.

Кампазіцыя “Ракета” нагадвае не столькі тэхнічны аб’ект, колькі алтар храма невядомай рэлігіі, гарадскую вежу з гадзіннікам ці нават… надмагільны помнік. Каб не прысутнасць у ёй кананізаванага партрэта Юрыя Гагарына... Запомнілася мне і кампазіцыя, падобная на раскладзеную па талерках піцу, хоць увасабляла яна нейкую касмічную фантазію. Дзіўнаватай падалася мне кампазіцыя “Астранаўты”: штосьці накшталт гульнёвай мэблі для дзіцячага пакоя. Я ні ў якім разе не іранізую. Кожны ўспрымае творы мастацтва з гледзішча свайго сацыяльнага і побытавага досведу. Памятаю, адна мая знаёмая, пабачыўшы рэпрадукцыю карціны Макса Эрнста “ХХ стагоддзе” (мільгаценне чырвоных і аранжавых плям), сказала: “Класная была б тканіна на спадніцу!” І, далібог, гэта выдатная рэцэнзія! Значыць, усё ж спадабалася, зачапіла…

Для мяне самай заўважнай на гэтай выстаўцы стала кампазіцыя, што паўтарае формы, уласцівыя так званаму павуку з саломы, якім беларускія сяляне здаўна ўпрыгожваюць інтэр’еры свайго жытла. Па меркаваннях этнографаў, гэтая вельмі простая ў канструктыўным ды выразная ў эстэтычным сэнсе рэч з дахрысціянскіх часоў служыць увасабленнем мадэлі Сусвету. Класік мастацтва ХХ стагоддзя амерыканец Колдэр, які прыдумаў рухомыя скульптуры — мобілі, з вялікім спазненнем дайшоў сваім розумам да таго, што жыхары нашага краю ведалі ад пачатку дзён. Такім чынам, відавочна: і глабальныя (касмічныя!) з’явы могуць мець нацыянальнае, у дадзеным выпадку — беларускае, увасабленне.

Адзначу высокі тэхнічны ўзровень прадстаўленых работ. Відаць, што і выкладчыкі Акадэміі сваю справу ведаюць, і студэнты не лянуюцца. У бліжэйшыя гады за нацыянальную школу керамікі, дакладней — за яе тэхналагічны чыннік, можна не турбавацца…

Дарэчы, трэба падказаць Валерыю Калтыгіну тэму для аднаго з бліжэйшых “Арт-Жыжаляў”. Рабіў жа Бог чалавека з гліны, чаму б і чалавеку не вылепіць з гліны Сусвет?..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"