Шлягеры па-вясноваму

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі Нацыянальны канцэртны аркестр нашай краіны пад кіраўніцтвам народнага артыста рэспублікі, прафесара Міхаіла Фінберга падрыхтаваў буйны мастацкі праект “Шлягеры на ўсе часы”. Гэта цыкл з чатырох канцэртаў, якія адбудуцца ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі 24 — 27 сакавіка.

У госці да нас завітаюць не толькі лепшыя джазавыя і эстрадныя хіты, прычым у новым выкананні нашых салістаў, але і такія знакамітыя расійскія музыканты, як Святаслаў Бэлза, які выступіць вядучым на першых трох канцэртах, і Аскар Фельцман, які правядзе ў нас свой творчы вечар “… За паўгадзіны да вясны”. Ураджэнцу Адэсы, стваральніку “Ландышаў” і іншых больш чым 300 песень, аўтару шматлікіх аперэт і твораў іншых жанраў, уключаючы балет і вакальныя цыклы, у лютым споўнілася 87 гадоў. Цяпер яго ўспаміны папоўняцца мінскай вандроўкай, з аркестрам жа ён знаёмы даўно: фінбергаўцы неаднойчы ўдзельнічалі ў закладанні сімвалічных зорак на плошчы перад Канцэртнай залай “Расія” ў Маскве, правялі амаль 40 творчых вечароў знаных расійскіх кампазітараў, музыкантаў і спевакоў.
Яшчэ адной канцэртнай “манаграфіяй” праекта стане вечар “Запомні гэты міг…”, прысвечаны памяці Мікаэла Тарывердзіева — лаўрэата 18 міжнародных прэмій, аўтара не толькі музыкі да 132-х фільмаў, але і многіх акадэмічных твораў, уключаючы оперы, балеты, арганныя кампазіцыі (нагадаем, што ў розныя гады ў нашай філармоніі гучалі яго опера “Граф Каліостра”, арганная сімфонія “Чарнобыль”, канцэрт “Касандра”, вакальныя цыклы і інш.).
Астатнія два вечары — першы і апошні — збяруць лепшыя мелодыі розных аўтараў. Адкрыецца цыкл яднаннем джаза з класікай: у гэты вечар выступяць не толькі Біг-бэнд нашага славутага аркестра, але і яго шматлікія камерныя калектывы. Завершацца “Шлягеры на ўсе часы” выкананнем лепшых беларускіх і расійскіх песень мінулага стагоддзя.
Увогуле, як адзначыў М.Фінберг на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь, гэты праект, напоўнены цудоўнымі мелодыямі, што могуць лічыцца класікай ХХ стагоддзя, стане “своеасаблівым майстар-класам сучаснаму шоу-бізнесу”.
Ну, а напярэдадні“шлягерных вечароў” Нацыянальны канцэртны аркестр на чале са знаным маэстра прадоўжыць удзел у буйнамаштабнай творчай акцыі “Мы — беларусы!” і наведае Чачэрск. Там, паводле традыцыі, адбудзецца сустрэча парламентарыяў з грамадскасцю горада, прагучаць лепшыя беларускія творы ў выкананні камерных калектываў аркестра.

Надзея БУНЦЭВIЧ