На што здольны рамеснік?

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Баўдзіяна: амаль майстар-клас ад ганчара
“К” сустрэлася з бабруйскім адмыслоўцам гліны, народным майстрам Беларусі Юрыем БОЎДАМ, каб разам з ім паспрабаваць раскласці па палічках назіранні, тэндэнцыі, а таксама праблемы, датычныя сучаснай рамесніцкай справы ў нашай краіне.

/i/content/pi/cult/530/11487/6-1.jpg

— Вядома, вясна — час абнаўлення. Дый, чаго душой крывіць, — пачынаюцца заробкі. Раней жыццё ганчароў наогул падпарадкоўвалася прыродзе: летам працавалі, а зімой гандлявалі. Сёння ж, калі ўмееш, паспяваеш і ляпіць, і рэалізоўваць. На продаж шмат часу не траціш, таму што калі ведаеш попыт, то рыхтуеш адпаведную прапанову. Рамеснік са стажам палову тавара пры выездзе цалкам прадае. Дарэчы, у розных месцах гандлюецца па-рознаму: дзесьці больш папулярныя рэчы сувенірнага плана, дзесьці — больш практычнага. Для сябе я вызначыў наступнае: вялікія вырабы трэба браць на нейкія маштабныя мерапрыемствы, кшталту “Славянскага базару ў Віцебску”. Яны патрабуюць час для рэалізацыі і размаітай публікі, а на тым “…Базары” Захад з Усходам сыходзяцца…

— У сваёй творчасці вы звяртаецеся да народных матываў...

— Я застаўся адным з тых нямногіх, каму знаёмы вытокі старажытнага рамяства на Бабруйшчыне. Вучыўся гэтаму падлеткам у 70-гадовага Міхаіла Ламакі ў ганчарным цэху. Калі я туды трапіў, там шчыравала пяць чалавек. Можна сказаць, што я вучань старых майстроў нашага рэгіёна з пасёлка Керамічны, дзе людзі займаліся саматужным вырабам. Такія майстры ў свой час былі абкладзены патэнтам, і многія з-за гэтага рамяство кінулі. Ды не ўсе — да самых адданых я і трапіў. А пару гадоў таму я сам атрымаў статус прадаўжальніка рамесных традыцый Бабруйшчыны. Але выраб прадметаў менавіта ў рэчышчы традыцыі патрабуе больш дасканалага абсталявання, — на базе маёй майстэрні такім не зоймешся. Гэтым і цудоўны пасёлак Глуша, дзе ёсць магчымасці для керамістаў. Мы там пабудавалі печы на дровах і падышлі да справы з пазіцыі старажытных традыцый абпалу.

— А як людзі ставяцца да спрадвечнай творчасці?

— Ой, захапляюцца! І не вераць, што сам раблю. А калі яшчэ і за працэсам назіраюць… Магчыма, хтосьці не ўсведамляе значнасці прадметаў, але гэта ад недасведчанасці ў нашай справе.

— Вы, напэўна, і гандлюеце “па-боўдаўску”: нямоўчкі, шмат распавядаючы пра ўласныя вырабы?

— Ведаеце, я нават цану не стаўлю, каб мець сапраўдныя зносіны з пакупніком: лічбы з’яўляюцца бар’ерам.

— Ці можна акрэсліць тэндэнцыі, якія назіраюцца ў сучасным ганчарстве?

— Адзначыў для сябе, што кераміка набірае папулярнасць. Калі раней майстроў было мала, то зараз узнікае нават канкурэнцыя. Гэта і добра. Да ўсяго, кераміка патрабуе адмысловага стаўлення. Але базу не кожны зможа сабе дазволіць. Так атрымалася, што з гэтай майстэрні да мяне пяць гадоў абяцалі зрабіць керамічную, але не зрабілі. А я хутка да месца “прырастаю”, таму, калі прыйшоў сюды, за паўгода запусціўся і стаў працаваць. Гэта было пад час перабудовы. Тады я зразумеў, што зараблю грошы за працу, якая мне падабаецца. Мо ў гэтым і ёсць нейкі меркантылізм...

— Дык вы ж за свае гаршчкі палац не пабудавалі?

— Не. Ведаеце, як кажуць у нашым асяроддзі: хто працуе рукамі, той ніколі не разбагацее, але і галодным не будзе. Заўсёды знойдзецца ваш кавалак масла на мой кавалак хлеба. Рамеснікі заўсёды былі сярэднячкамі. А да званняў сваіх я не імкнуўся: яны самі мяне “знаходзілі” ў выніку працы.

— Давайце пагаворым пра гліну... Дзе вы яе бераце?

— Купляю. Можна, вядома, і дзесьці на кар’ерах яе накапаць, але цяпер гліна лічыцца прыродным рэсурсам.

— Які ў вас расход?

— Выдатна, калі 200 кілаграмаў хапае на месяц. Раней і за два дні яны маглі сысці, калі я працаваў толькі ганчаром і “гнаў” гаршчкі ды збаны. З гадамі выпрацавалася беражлівае стаўленне. Тая гліна, што прадаецца, гатова да працы: мяккая, падатлівая, у ёй няма лішняга паветра, смецця.

— Наколькі выгадна ў нашай краіне быць рамеснікам? Ці гэты занятак пакідаюць як хобі, а на хлеб зарабляюць іншым?

— Я раней падпрацоўваў. Дапамог вобраз запявалы з першага класа, сам навучыўся граць на гітары, а потым я нават на вяселлях выступаў у якасці тамады, хоць было тое і складана. Спяваць, граць — адно, а забаўляць процьму людзей, ды яшчэ і падпітых... Трэба быць дыпламатам, карацей. Хоць у нас кажуць: “Бойку заказвалі? Калі не, то плаціце за несапраўдны выклік!”

Наогул, жыццё так хутка праляцела, таму што я ўвесь час быў заняты. Калі ў мяне цяпер атрымліваецца адносны дзень гультайства, мне становіцца не па сабе. Нават у такія часіны думаю аб працы, нешта аналізую.

— Рамеснік здольны ўтрымліваць жонку, дзяцей рамяством?

— У нас такія прыклады — адзінкавыя. Хоць сапраўды ёсць такія людзі. Вось у Глушскім раёне стаіць хутар, там майстар і жыве, і працуе. Але, відаць, і свая гаспадарка дапамагае жыць. У мяне ёсць так званае лецішча. Яно таксама паступова ператварылася ў майстэрню. І атрымліваецца так: добрае надвор’е — я на рыбалцы, дрэннае — працую. Імкнуся далучаць да ганчарства і сваіх унукаў, хоць і не вельмі паспяхова пакуль, хаця зацікаўленасць ёсць. Я нават даў магчымасць самім зарабіць, але камп’ютар перакрыў увесь энтузіязм. Я заўважыў, што многія ставяцца да гліны як да бруду: грэбуюць дакрануцца, маўляў, рукі сохнуць, непрыемна… А ў мяне наадварот: паўдня за ганчарным станком сядзіш, гліна скуру сцягвае, але калі мыеш рукі, як быццам ад кайданоў вызваляешся!..

— Раскрыйце сакрэт: як стварыць кліенцкую базу і быць, разам з тым, цікавым дзяржаве?

— Не сказаў бы, што ў мяне маецца нейкая пастаянная база, а заказчыкі ёсць, вядома. Раней стараўся браць маштабныя замовы. На гаспадарчым разліку па такім прынцыпе зручна працаваць. Альбо ганарарна. А дзяржава сапраўды вылучала мяне прадстаўляць народную творчасць Беларусі ў дэлегацыях за мяжой.

— Што трэба рабіць, каб рамяство было актуальным?

— Я думаю, усяляк падтрымліваць яго з боку дзяржавы. Хоць бы ў матэрыяльным плане на пачатковай стадыі — стварэнні ўмоў, каб выдзялялі нейкае памяшканне… Калі характар непрабіўны, можна і за бортам апынуцца, пры ўсіх сваіх талентах...

— Дык што патрэбна для “стартапа” кераміста?

— Для пачатку неабходна мінімальная колькасць перашкод. Бо тую ж майстэрню няпроста адкрыць. Трэба прайсці шэраг інстанцый, камісій, адміністрацыйна-гаспадарчую працу ніхто не адмяняў… Не кожнаму рамесніку ўсё тое пад сілу. Вось тут якраз і патрэбна дапамога збоку. Усё ж кожны павінен добра рабіць сваю працу…

— У кераміцы ёсць мода, павевы?

— Ёсць, але я іх не прытрымліваюся. У іншых — заўважаў. Кераміка ж вельмі разнапланавая: у адным кірунку можна быць каралём, у іншым — нікім. Таму нават нейкія тэхналагічныя рэчы спрабуеш патрошку: прыёмы, сакрэты, спалучэнні матэрыялаў. Мой козыр — гэта аб’ём.

— А ў калег нешта “падглядалі”?

— Паездкі, зносіны тое-сёе прыносяць. А можна і наўпрост спытаць.

— Наколькі ахвотна ганчары дзеляцца таямніцамі?

— Канкурэнцыі ў гэтым я не бачу. Калі ўсведамляю, што чалавеку гэта трэба, то асабістыя амбіцыі сыходзяць. Галоўнае ж — рамяство. Нават з наладжваннем тэхнікі дапамагалі неаднойчы.

— Колькі слоў пра вашых вучняў, калі ласка…

— Віктар Дубовік — займаецца дробнай анімалістыкай у Салігорску. Асабліва добра ў яго атрымліваюцца гратэскныя смешныя коткі. Сям’я Вераксаў са Слуцка — спецыялізуецца на дэкаратыўным пано з бытавымі або тэматычнымі сюжэтамі: ён выдатна працуе з пластыкай, яна — з колерам. Пётр Краўцоў — у Магілёве працуе… Сёння ў госці заходзіла стараста маёй групы — такая творчая, што яе хапае і на кераміку, і на шыццё… Магчыма, астатнія таксама займаюцца рамяством, але не ведаю таго дакладна. Аднойчы я рабіў праект для “Славянскага базару…”, куды запрашаў дзясятак керамістаў, сярод якіх былі і мае вучні. Атрымалася выдатна: кожны дасканала ведаў справу.

— І ўсё ж якія праблемы можна выявіць у рамястве?

— Хочацца, каб энтузіязм не быў голым, каб яго падтрымлівалі. Прынамсі, у матэрыяльным плане. Я быў бы прыхільнікам здзельна-прэміяльнай сістэмы, бо так і пачынаў: у гасразліковай мастацкай майстэрні ў часы перабудовы. У мяне пенсія была б яшчэ меншая, каб не гэты перыяд. Прыемна працаваць, у тым ліку таму, што ведаў, за што. І ў выхадныя даводзілася, і па начах, бо быў стымул. Дый творчае аблічча губляць не хочацца. Зараз галоўнае — проста застацца на ўзроўні. Гадоў дзесяць таму тагачасны губернатар Магілёўшчыны ў мяне спытаў, ці не думаў я змяніць прафесію. А я яму сказаў: на пераправе коней не мяняюць. Дый разумею: не з маім характарам у нешта іншае лезці. Я занадта добры…

— 2016-ы прапануюць абвясціць Годам культуры. Якія маеце меркаванні на гэты конт?

— Я прапанаваў бы грамадству і чыноўнікам найперш павярнуцца да культуры тварам. А яшчэ хочацца, каб культура была здольная сагрэць душу. Дый свет выратаваць. Чаму не? Калі работы заахвочваюць да добрага, значыць, вынік ёсць. Усё ж культура — паняцце высакароднае…

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст