Пакуль не на нашых паліцах

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Крысціна СМОЛЬСКАЯ, тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства
Пачатак 2000-х стаў адметным для беларускага тэатра. Новая хваля драматургаў, якая нарадзілася ў гэты час, зрабіла неабходную справу. Беларускі тэатр пасля перыяду гістарычнай п’есы, які існаваў у 1990-я, змяніў свой вектар у бок сучаснасці і пачаў гаварыць з гледачом на востраактуальныя тэмы, задаваць пытанні, што маюць дачыненне да сённяшняга дня і да праблем, якія ўзніклі на мяжы стагоддзяў.

/i/content/pi/cult/530/11486/5-2.jpgНовая хваля беларускай драмы пачалася пасля перамогі драматургаў на Міжнародным конкурсе “Еўраазія”. Мікалай Рудкоўскі, Дзмітрый Багаслаўскі, Андрэй Іваноў, Андрэй Курэйчык, Канстанцін Сцешык, Рыма Ушкевіч, Максім Дасько, Павел Пражко, Павел Расолька, Дзіяна Балыка, Віктар Красоўскі — далёка не поўны спіс новых аўтараў.

Найноўшая драматургія цікавіцца чалавекам, які існуе тут і зараз ды выбірае для гэтага новыя сродкі выразнасці. Аўтары актыўна ўводзяць у структуру п’есы новыя элементы: фотаздымкі, музычныя кампазіцыі… Тэматыкай найноўшай беларускай драматургіі становіцца татальная камунікацыйная раз’яднанасць, спажыванне, нестабільнасць эмацыйнага стану, крызіс сям’і, гвалт, няздольнасць да самаідэнтыфікацыі ды іншае. Драматургі пераасэнсоўваюць тэму вайны і патрыятызму з пазіцый чалавека XXI стагоддзя. Спектаклі па іх п’есах сталі цікавай культурнай з’явай: “Дажыць да прэм’еры” Мікалая Рудкоўскага (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі), “Тата” Дзмітрыя Багаслаўскага (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) “Patris” Дзмітрыя Багаслаўскага і Віктара Красоўскага (Цэнтр візуальных мастацтваў), “Гаспадар кавярні” Паўла Пражко (Магілёўскі абласны драматычны тэатр)… Новая п’еса патрабавала ад тэатра пошуку новых сродкаў выразнасці, і такое абнаўленне адбылося.

Нягледзячы на існаванне новай драматургіі, у нас дагэтуль няма зборнікаў сучаснай беларускай драмы. У 2008 годзе выйшаў зборнік “Сучасная польская і беларуская драматургіі” (праект Цэнтра беларускай драматургіі і Польскага Інстытута ў Мінску). Высветлілася нават, што такія зборнікі часцей з’яўляюцца за мяжой, чым на радзіме.

У сакавіку гэтага года доктар навук, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін прэзентаваў трэці том кнігі “Новая беларуская драматургія”. Першы том выйшаў у 2011 годзе і складаўся з п’ес Алены Паповай, Мікалая Халезіна, Андрэя Курэйчыка, Канстанціна Сцешыка, Паўла Пражко і Рыгора Цясецкага, Анатоля Шурпіна. Упершыню гэтыя аўтары былі прадстаўлены польскаму чытачу. У прадмове аўтар напісаў слушную рэч: “Я ўпэўнены, што новая беларуская драматургія ў стане дапамагчы рэфармаваць тэатр на Беларусі. Новая генерацыя маладых творцаў з’яўляецца сур’ёзнай сілай, якая фарміруе тэндэнцыі і з якой патрэбна лічыцца”.

Другі том “Жыццё ў пастцы” выйшаў у 2014 годзе. У яго трапілі такія аўтары, як Юлія Чарняўская, Мікалай Рудкоўскі, Андрэй Іваноў і Алена Папова.

Храналагічна апошні трэці том новай беларускай драматургіі, які пабачыў свет сёлета, носіць назву “Маладыя разгневаныя”. Выбраўшы такую назву, аўтар праводзіць пэўныя паралелі паміж вядомым цячэннем англійскіх літаратараў і драматургаў 1950 — 1965 гадоў і пакаленнем нашых маладых аўтараў. Хаця беларускія драматургі не ствараюць адзінага цячэння, тое, што іх аб’ядноўвае з брытанскімі творцамі, — гэта спроба расказаць праўду пра сучасны свет і грамадства. У творах Канстанціна Сцешыка, Паўла Расолькі, Мікіты Валадзько, Юліі Шаўчук, Максіма Дасько, Рымы Ушкевіч, Аляксея Нарановіча, Вікторыі Біран, якія ўвайшлі ў зборнік, ёсць сучасны герой. Ён, дарэчы, не ўчыняе пратэсту, як англійскі “малады разгневаны”, а, хутчэй, разгублены перад абліччам сучаснага свету, у якім цяпер усё магчыма.

Цяжка пераацаніць такую папулярызацыю айчыннай п’есы за мяжой. Застаецца спадзявацца, што хутка і ў нашых кнігарнях можна будзе набыць найноўшы зборнік сучаснай беларускай драматургіі.