Бяседы над Бесяддзю: што ні вёска, то цікавостка

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

Хоцімшчына адметная не толькі тым, што з’яўляецца ледзь не самым дальнім раёнам Магілёўскай вобласці. На гэтай старажытнай зямлі, асветленай паэтычнай Бесяддзю, жывуць і працуюць дбайныя людзі, якім неабыякавы лёс нацыянальнай культуры.

Дзяржпраграмы — у жыццё На пытанні “К” адказвае начальнік аддзела культуры Хоцімскага райвыканкама Мікалай ХУЧАЎ:

— Для нас Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла разам з праграмай развіцця культуры і мастацтва Хоцімскага раёна — настольныя дакументы. І ў адпаведнасці з імі жывём і працуем сёння, займаемся, перш за ўсё, удасканаленнем інтэлектуальнага асяродка.

— Якія этапы ў гэтай шматграннай рабоце, Мікалай Адамавіч, для вас самыя важныя?

— Летась у аграгарадках “Бярозкі”, “Забялышын”, у адпаведнасці з Праграмай адраджэння і развіцця сяла, адкрылі дзве школы мастацтваў. Вельмі эфектыўна дзейнічаюць бібліобус пры ЦБС, аўтаклуб. Хутка пачне работу Дом рамёстваў. Рыхтуем пакет дакументаў для атрымання ліцэнзіі на рэалізацыю прадукцыі, зробленай рукамі народных майстроў ды іх вучняў. Гэта сёння надзвычай важна!

— Як мацуецца матэрыяльная база?— На будаўніцтва і рэканструкцыю культустаноў нам выдаткавана больш за мільярд рублёў. Толькі летась на капітальны рамонт Бярозаўскага СДК выкарыстана 250 мільёнаў рублёў. 300 мільёнаў пайшло на добраўпарадкаванне Трасцінскага СДК, 100— на рамонт будынка РЦК. Даводзіліся да ладу будынкі Вялікаліпаўскага і Яльнянскага СДК, затрацілі на гэта адпаведна 110 і 105 мільёнаў рублёў.Новая гукаўзмацняльная аппаратура з’явілася ў сельскіх дамах культуры Ліпаўкі і Ельні— пайшло на гэта 15 мільёнаў рублёў. Нашай дзіцячай школе мастацтваў упраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама закупіла і перадало на баланс раяль і піяніна, аддзелу культуры — новы мікрааўтобус “Газель”, а таксама — камп’ютэры ў Вялікаліпаўскую, Забялышынскую, Бяседавіцкую, Бярозаўскую, Яльнянскую, Шаладонаўскую сельскія бібліятэкі.Папрацавалі на суботніку— набылі новы гульнёвы комплекс “Метэор”, які каштуе 9 мільёнаў рублёў. Адкрылі атракцыёны ў парку культуры і адпачынку. Для аднаго з лепшых нашых народных калектываў — “Пацеха” набылі за 12 мільёнаў шыкоўныя сцэнічныя касцюмы... Спадзяёмся, што ўжо сёлета ў нашым старажытным Хоцімску з’явіцца амфітэатр.— Далёкае мястэчка Хоцімск, лічы — глыбінка рэспублікі, а правінцыяй назваць яе цяжка, бо віруе тут культурнае жыццё. Распавядзіце, калі ласка, больш падрабязна пра сістэмнасць культасветработы ў раёне...

— Сапраўды, гаворка не пра ўскраіну і правінцыю, але аб развіцці вясковай духоўнасці ва ўсёй разнастайнасці гэтага паняцця. У нас існуе пэўная сістэма культасветработы, якую заўжды падтрымліваюць мясцовыя ўлады. Нядаўна, на Свята Хоцімска, кожны сельскі Савет прывёз у райцэнтр свой мастацкі падворак. Здавалася б, непадалёк вёскі адна ад адной, а традыцыі ў кожнай — розныя. Вось захаваннем гэтых адмысловых нацыянальных традыцый і заняты штодня не толькі нашы культасветработнікі, але і прадстаўнікі вясковых улад... Прыехалі да нас і пабрацімы са Смаленшчыны і Браншчыны. А гэта ўжо, так бы мовіць, міжнародны вектар развіцця культуры Хоцімскага раёна. І нашы самадзейныя артысты рэгулярна наведваюць Расію з самымі рознымі культурнымі місіямі— выступаюць у Почапе, Мгліне, Суражы, Клетні. Да прыкладу, ансамбль “Пацеха” так спадабаўся суседзям, што дахаты беларускія артысты вярнуліся з падарункам — тэлевізарам “Самсунг”. Дарэчы, канцэртнымі праграмамі па раёне няблага зарабляе не толькі “Пацеха”, але і адзін узорны ды шэсць народных калектываў.

— І як справы з выкананнем плана па платных паслугах?

— Леташні план — 106 мільёнаў рублёў, зарабілі 113,4 мільёна. Колькасць платных паслуг у музеі, бібліятэцы, дзіцячай школе мастацтваў павялічваецца. Таму і аддача неблагая. Напрыклад, у ДШМ пры плане 8 мільёнаў рублёў зарабілі больш за 11... Хачу дадаць, што на душу насельніцтва гэта складае 8210 рублёў другі паказчык па Магілёўскай вобласці. Гэта даволі шмат, але лічу, што дзяржава, укладваючы столькі сродкаў у сферу культуры, мае права спытаць і больш строга. І гэта добра разумеюць работнікі культуры Хоцімшчыны.

— Ведаю, Мікалай Адамавіч, што вялікую ролю вы адводзіце метадычнаму цэнтру. Што новага на гэтым участку работы?

— Метадцэнтр — тэма для асобнай гаворкі. Хоць і знаходзіцца ён у райцэнтры, але канкрэтны ўплыў яго адчуваецца ў кожнай вёсцы раёна. Своеасаблівыя пазаштатныя супрацоўнікі — народныя майстры, бондары, вышывальшчыцы, ткачы, разьбяры — жывуць і працуюць у сваіх паселішчах, гадуюць новае пакаленне, захоўваюцьі развіваюць традыцыйныя промыслы. Штодзённая сувязь з Магілёвам — камп’ютэрная, бо, як вядома, усе культасветустановы вобласці, дзякуючы абласному метадцэнтру, аб’яднаны інфармацыйным сецівам, што значна спрашчае творчыя і метадычныя стасункі. Калі ў формах і метадах культасветработы з’яўляецца хоць нейкая інавацыя, яна імгненна становіцца набыткам кожнага раёна вобласці.

 Усе дарогі вядуць да храма

Ёсць у Хоцімску унікальная царква: храм Прасвятой Тройцы. Пабудаваны ён у гонар адмены прыгоннага права. Архітэктура— унікальная: зменшаны ў 10 разоў Храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве!

Настаяцель храма архімандрыт Кірыл служыць праваслаўнай веры ўжо 50 гадоў. У жніўні яму спаўняецца 80. Так прынята ў Хоцімскім раёне, што ўсе будоўлі асвячае святар, а архімандрыт Кірыл бласлаўляе на добрыя ўчынкі...

— Патрэбны і нам рамонт храма, бо нельга страціць такую рэдкую царкву,— упэўнены ён. — У гэтым таксама праява высокай культуры не толькі вернікаў, але і ўсіх жыхароў раёна. Храм Прасвятой Тройцы — спавядальня для старога і малога, крыніца духоўнага жыцця мясцовага насельніцтва.

А ў рамонт царквы, я ўпэўнена, кожны ўнясе свой пасільны ўклад. Пагаджаецца са мной і начальнік аддзела культуры. Дарэчы, у Мікалая Адамавіча любая ідэя ажыццяўляецца без перашкод. Побач з храмам — утульны парк, дзе заўжды людна. Дзейнічаюць самыя розныя атракцыёны, а з аглядавага кола ледзь не ўвесь горад бачны!

Старшыня райвыканкама Фёдар Вішнеўскі разумее клопат Мікалая Хучава. Працуюць супольна. І ў гэтым — таксама сістэма. Няма непаразуменняў, бо ёсць агульная справа: удасканальваць культуру раёна ў самых розных яе іпастасях. На ўвазе маецца і будучы рамонт храма, і новыя памяшканні гісторыка-краязнаўчага музея, якому ў верасні спаўняецца 10 гадоў. Дарэчы, нядаўна тут адкрылі экспазіцыю “Прырода роднага краю” — цудоўная зала атрымалася. Ёсць у музеі і гурток саломкапляцення, дзе творчы рэй вядзе цудоўная майстрыха Тамара Журун. Колькі езджу па рэспубліцы— нідзе не бачыла такіх дзівосных работ, такой разнастайнай выстаўкі: ад саламяных капелюшоў да лялек. Работы гуртка неаднойчы паспяхова дэманстраваліся на фестывалі“Вянок дружбы” ў Бабруйску. І зноў пра дапамогу абласнога ўпраўлення культуры. Менавіта яно перадало музею камп’ютэр, прынтэр і спецыялізаваную музейную праграму. Навукова-даследчая работа адразу актывізавалася. І план платных паслуг выканалі летась з поспехам...

Словам — усе дарогі ў Хоцімскім раёне вядуць да Храма веры і культуры.

Майстэрня ў бібліятэцы

У Хоцімскай бібліятэцы — хатняя ўтульнасць, таму і чытачоў шмат.

— Кніжны фонд складае больш за 270 тысяч асобнікаў. Натуральна, і чытачоў нямала — 12 з паловай тысяч,— распавядае дырэктар ЦБС Раіса Касталонава.

Працуюць тут чатыры даволі цікавыя, на мой погляд, клубы: “Надзея”, “Ветэран”, “Бібліятэкар”, “Моладзь і час”... Мяне суправаджае загадчыца аддзела маркетынгу абласной бібліятэкі Таццяна Пашкоўская, якая рада сустрэцца з калегамі і абмеркаваць надзённыя планы будучай дзейнасці.

Пры дзіцячай бібліятэцы, як высветлілася, дзейнічае гурток разьбы па дрэве, якой кіруе адмысловы майстар Віктар Савёлаў. Дарэчы, кніжныя стэлажы ў выглядзе старадаўняга замка зрабіў сваімі рукамі ўсюдыісны Мікалай Хучаў, у якога трое дзяцей. Ён яшчэ і баяніст цудоўны. Так што з дзецьмі і баянам начальнік аддзела культуры ў бібліятэцы — госць часты. Здавалася б, якая сувязь паміж разьбярствам і кнігамі? Ды самая непасрэдная! Усе кніжныя сюжэты юныя чытачы-майстры ілюструюць у дрэве. Вось, да прыкладу, сюжэт з “Руслана і Людмілы”, а вось і сама Царэўна Лебедзь плыве па Бесядзі... Альбо па Альшоўцы ці па Жадуньцы? У Хоцімскім раёне ажно тры рэчкі.

Дзесяцікласнік Андрэй Яфрэмкін займаецца ў студыі ўжо чатыры гады. Спадзяецца паступіць у мастацкае вучылішча ў Бабруйску. А Коля Мяшкоў гурткоўцам толькі год і пра будучыню пакуль не задумваўся, бо падвучыцца трэба. Васьмікласнік Дзіма Салагуб марыць стаць архітэктарам. Прынамсі, мастацкія здольнасці ў хлопца ёсць: усім падабаецца ягоная ілюстрацыя да казкі “Канёк-Гарбунок”...

Віктар Савёлаў валодае педагагічным талентам: любога мальца хутка прывучае да ўпэўненага валодання разцом. І цяпло дзіцячых рук сагравае драўніну.

Як з’явіўся бібліятэчны гурток разьбы? Раённы метадычны цэнтр ажыццявіў ідэю абласнога метадцэнтра народнай творчасці. Сапраўды: ці мэтазгодна, каб гарадскія дзеці ездзілі вучыцца майстэрству да разьбяра Уладзіміра Корнева, які жыве ў няблізкай вёсцы Трасціно?

У райцэнтры ёсць не менш самабытны майстар Віктар Савёлаў са сваім стылем, са сваім педагагічным досведам...

Мяне зацікавіла, чым заняты работнікі ЦБС у прафесійным клубе “Бібліятэкар”.

— Удасканальваннем уласнага майстэрства, — адказала дырэктар ЦБС.— Ладзім конкурсы на лепшага бібліятэкара і вучобу маладых спецыялістаў, аналізуем новыя метадычныя прыёмы, што прапануюць метадычныя цэнтры раёна і вобласці. Дарэчы, я б назвала гэты клуб навуковым, бо менавіта з навуковых пазіцый імкнёмся разглядаць бібліятэказнаўства. А досвед пераймаем не толькі ў межах вобласці, але і ў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі...

На адным з апошніх пасяджэнняў прафесійнага клуба абмяркоўвалася пытанне пра ўкараненне новых паслуг насельніцтву. Вырашана ўдасканальваць стасункі з чытачамі праз Інтэрнет... Летась адпаведны план выканалі на 109 працэнтаў. Сёлета вырашылі зарабіць на платных паслугах не 5 мільёнаў рублёў, як у мінулым годзе, а 7.

Цешаць бібліятэкараў і новыя кніжныя паступленні. Апрача планавых, фінансаванне якіх закладзена ў бюджэт, ёсць і падарунак (100 цудоўных гістарычных выданняў) ад міністра культуры Уладзіміра Матвейчука, які некалькі гадоў працаваў у Хоцімску намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях...

Ёсць тут і куток земляка — паэта Пятра Прыходзькі, якога ў Хоцімску таксама шануюць, зберагаюць ягоныя кнігі, праводзяць вечарыны памяці.

І яшчэ адна бібліятэчная інавацыя: ЦБС пачала выданне вершаваных зборнікаў хоцімскіх паэтаў.