Не толькі пленэр…

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Сказаць, што Наваполацк — адзін з найбуйнейшых індустрыяльных цэнтраў Беларусі, — мала. Абавязкова трэба дадаць, што гэта яшчэ і адзін з самабытных асяродкаў краіны. Хаця б і з той нагоды, што з 1977 года існуе тут Мастацкая школа, якая з 2007-га носіць імя выбітнага жывапісца Івана Хруцкага. Ён жыў на Полаччыне ў маёнтку Захарнічы, на мясцовых могілках і пахаваны.

Штогадовы адкрыты рэгіянальны пленэр-конкурс дзіцячай творчасці “Палітра Прыдзвіння” таксама прысвечаны Хруцкаму. Але пра пленэр — пазней, спачатку — пра школу. Курс навучання — пяцігадовы, класічны: выкладаюцца кампазіцыя, малюнак, жывапіс. На бюджэтным навучанні — 250 школьнікаў. Ёсць платная выяўленчая студыя, дзе займаюцца дзеці ва ўзросце да дзесяці гадоў ды іхнія бацькі.

На пазабюджэтнай аснове дзейнічае і студыя “Абітурыент”, дзе ахвотных рыхтуюць для паступлення ў профільныя сярэднія ды вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дарэчы, 85 працэнтаў школьных выпускнікоў шанц далейшага паступлення рэалізоўваюць цалкам. Але далёка не адзіны гэты паказчык сцвярджае пра высокую эфектыўнасць Наваполацкай мастацкай школы, у якую каб паступіць, трэба вельмі пастарацца.

Па словах кіраўніка ўстановы Аксаны Тарасікавай, прыблізна дваццаць працэнтаў сённяшніх выкладчыкаў школы — яе колішнія выпускнікі. І яшчэ адзін надзвычай красамоўны факт. Штогод юныя мастакі бяруць удзел больш чым у… трыццаці міжнародных конкурсах. Шчыра кажучы, я спачатку не паверыў. Аднак Аксана Тарасікава патлумачыла “тэхналогію” такога міжнароднага прарыву. Аказваецца, педагогі ўстановы метадычна адсочваюць у Сеціве палажэнні конкурсаў, якія прапаноўваюцца юным мастакам. Удзел у іх — віртуальны, але перамогі навапалачан — цалкам канкрэтныя. Работы высылаюцца — замест іх, як правіла, вяртаюцца прэстыжныя дыпломы і граматы. Такім чынам творчыя старанні школьнікаў адзначаны Вялікабрытаніяй, Японіяй, Кітаем… Дзеці адчуваюць сваю запатрабаванасць у свеце. Ці існуе лепшы стымул для далейшага ўдасканалення?

Кантакты з замежжам — не толькі віртуальныя. Да прыкладу, у маі жывапісцы з Наваполацка скіроўваюцца на пленэры ў Рыгу і Талін. Транспартныя выдаткі аплачваюць не толькі бацькі, але і спонсары. Вернуцца дзеці з Прыбалтыкі — пачнуць рыхтавацца да ўласнага пленэру, прысвечанага Хруцкаму.

Пра гэтае мерапрыемства — таксама падрабязна. А раптам досвед Наваполацка спатрэбіцца ў іншых ДШМ краіны? Дырэктар Наваполацкай мастацкай школы Аксана Тарасікава кажа, што ў пленэры, які ладзіцца з 2009 года і за кошт мясцовага бюджэту, бяруць удзел каля сарака юных мастакоў, у тым ліку з гарадоў-пабрацімаў: Пскова, Электрасталі, Арэхава-Зуева.

Маршруты выездаў стараюцца не паўтараць. Дзеці знаёмяцца са старасвецкай архітэктурай Віцебшчыны. Пабывалі, да прыкладу, у Захарнічах, дзе захаваўся маёнтак Івана Хруцкага, а сёлета збіраюцца ўжо ў вёску Бяздзедавічы, якая славіцца ў акрузе сядзібай, закладзенай на пачатку мінулага стагоддзя Рымскім-Корсакавым… Пейзажаў і помнікаў архітэктуры на палотных юных жывапісцаў паболее. Да слова, выстаўка па выніках пленэру ладзіцца, па традыцыі, яшчэ і ў Полацку ды Віцебску…

А 15 красавіка ў Наваполацкай мастацкай школе імя Івана Хруцкага прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Да гэтага мерапрыемства была прымеркавана і мастацкая выстаўка, на якой прэзентаваліся батык, графіка і работы змяшанай тэхнікі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"