Маналогі з самім сабой

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

Карціны-загадкі падобныя да шахматнага поля “Алісы ў Залюстэраччы”. Здаецца, быццам робіш просты ход, а трапляеш у іншую часавую прастору. Вядома, зашыфроўваць палотны пачалі задоўга да нас. Як распавёў у сваёй апошняй стужцы “Начны дазор” містыфікатар Пітэр Грынуэй, нават вялікі Рэмбрант у, падавалася б, простым калектыўным партрэце схаваў інтрыгуючую дэтэктыўную гісторыю. Розніца з сучаснымі мастакамі тут у адным: мінулыя стагоддзі ўпляталі ў мазкі алею чалавечыя ўчынкі, цяпер жа галаваломкай часцей за ўсё становяцца думкі, пачуцці, душа. Пераканацца ў гэтым можна ў Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва на выстаўцы графікі “Маналогі” маладой беларускай мастачкі Юльяны Пятровіч.

 /i/content/pi/cult/152/1147/Manalogi.jpg

Ю.Пятровіч. “Зімовы сон”.

Аўтару цесна ў класічных рамках аднаго жанру, таму і змешвае яна ў работах эмаль, графіку, іншыя тэхнікі. Лініі наплываюць адна на адну, расцякаюцца ў розных плоскасцях, “выцягваючы” на святло патаемныя жаданні людзей.

Вось разыгрывае “Гамбіт вясны” пасталелая дзяўчынка, якая ўявіла сябе, як і многія ў гэтым узросце, адзінай каралевай мужчынскіх сэрцаў. Побач “Усходняя прыгажуня” засынае пад казку экзатычнай для яе краіны пра Царэўну-жабу, не падазраючы, што падобны лёс можа чакаць жанчыну ў любым пункце свету. Вогнішчам успыхвае “Зімовы сон”, калі так чакаеш вясны, што нават хатні вусаты Барсік падаецца рыжым тыграм, на чыёй спіне распускаюцца дзіўныя кветкі, і ўжо гэта не спіна, а маляўнічы ўсходні дыван.

П’янлівая насычанасць колераў, матывы традыцыйных мастацтваў Афрыкі, Лацінскай Амерыкі абуджаюць у памяці дзіўныя апавяданні Маркеса, Борхеса, Картасара. І раптам запыняеш сябе на думцы, што такой жа экзотыкай паўстае для нас не толькі чужое жыццё, але і ўласная душа. З асацыяцый і мрояў выплывае наша асабістае “Я”. Нездарма пасярод залы Юльяна павесіла дэкаратыўнае люстэрка. Менавіта яно дало выстаўцы назву “Маналогі”. Мастачка прапануе кожнаму правесці маналогі з самім сабой, бо самая цікавая гульня — гульня ў канструяванне свайго вобраза. Чалавек новага тысячагоддзя навучыўся найдасканала хаваць сябе пад маскамі, якія, на яго думку, хоча бачыць грамадства. Прафесійная мімікрыя пакрысесцірае натуральныя пачуцці і думкі.

Вельмі рэдка выпадае магчымасць пабыць сумленным сам-насам. На жаль, чароўнае люстэрка вельмі дымнае. Відаць, занадта шмат ілюзій вакол сабе стварае чалавек, бо скрозь гэтыя наслаенні з вялікай цяжкасцю разгледзіш душу.


Настасся ПАНКРАТАВА