Хронікі ацалелага архіва

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Маленькі адрэзак гісторыі краіны
Больш за год я заняты прывядзеннем да ладу свайго фотаархіва. Сканую плёнкі 1980-х. І мне здаецца, што я сканую не толькі ўласна іх, але і сваю памяць. Дзіўна, як, гледзячы на кадры, пра якія я ўжо даўно забыўся, прыгадваецца ўсё тое, што спадарожнічала здымцы… Гэта падобна на цуд. На маленькі цуд падобна і тое, што гэтыя плёнкі захаваліся...

/i/content/pi/cult/529/11462/14-1.jpg

З серыі "Мінскія дворыкі".

/i/content/pi/cult/529/11462/14-5.jpgКардынальна ці не?

Лёс распарадзіўся так, каб у 1990-я я кінуў фатаграфію. Ведаючы, што творчасць моцна трымае ў руках, я тады вырашыў парваць з гэтай справай назаўжды. Перш-наперш раздарыў сябрам сваю тэхніку. Пасля гэтага вырашыў разабрацца з архівам. Хацеў паступіць кардынальна: выкінуць усё на сметнік. Спачатку занёс туды частку фатаграфій, а калі вярнуўся за новай партыяй, на парозе кватэры стаяў мой сябра Яўген Залужны — калега і паплечнік па фотаклубе “Вячэрні Мінск”. Ён хутка ацаніў сітуацыю і ўгаварыў негатывы ды частку здымкаў схаваць на антрэсоль: “Есці не просяць, дык няхай паляжаць да лепшых часоў”, — аргументаваў ён. Лепшыя часы, падобна на тое, наступілі цяпер.

Сёння шкадую, што разам з адбіткамі ўсё ж вынес адзін пакет з плёнкай. Тое, што здымаў, як мне здавалася, не ўяўляе цікавасці для ўсіх. Гэта — штодзённае жыццё. Часам — асабістае. Але не здымаць  не мог. У гэтым працэсе ёсць нешта магічнае: ты націскаеш на кнопку затвора — і час спыняецца. Ён, вядома, пайшоў наперад, але маленечкі кавалачак — у цябе на плёнцы.

Свята без пропуска

З фотаапаратам у 1980-я я амаль не расставаўся: здымаў дома, на працы, на вуліцы, у парку — усё, што атачала мяне і было часткай жыцця. Упершыню ўзяўся перабіраць плёначны архіў у 2003-м — 2004-м, рыхтуючы альбом “Фатаграфіі мінулых гадоў”. І тады якраз выявіў здымкі святкавання першага ў Мінску Дня горада. Называўся ён “Спартыўна-мастацкае свята”, адзначаўся ж адразу пасля Дня вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Было гэта ў 1987-м. Упершыню на афіцыйнае свята можна было ісці без спецыяльных пропускаў. У той дзень, узяўшы ў рукі фотаапарат, я пайшоў на свята. Здымаў не афіцыёз (ён мяне ніколі не цікавіў), а настрой людзей, прычым — проста так, на памяць, асабліва не задумваючыся пра сюжэт, пра кампазіцыю. Прыйшоўшы дадому, праявіў плёнку, прагледзеў на прасвет — і закінуў у архіў, забыўшыся на яе. А ў 2003-м некалькі работ з гэтай серыі ўключыў у альбом. У 2007-м у Інстытуце Гётэ, акурат праз дваццаць гадоў пасля здымак, адкрыў персанальную выстаўку са здымкамі Дня горада.

/i/content/pi/cult/529/11462/14-2.jpg

Першае Спартыўна-мастацкае свята ў Мінску ў 1987-м.

І ўсё ж нават тады давесці да ладу пачатае ды адсканаваць увесь архіў не атрымалася. А летась вырашыў адсканаваць усё. Адкрыццяў аказалася значна больш. Выявіліся серыі “Мінскія дворыкі”, “Верхні горад”, “Масленка”, “Першы Дзень славянскага пісьменства” і многія іншыя. Але пра названыя здымкі я, прынамсі, памятаў, а пра тое, што здымаў у дзіцячым доме, забыўся наогул! Гэта цяпер, гледзячы на выявы, прыгадалася ўсё…

Дзіцячы дом

Сябры неяк запрасілі на здымку ў дзіцячы дом. Гэта было дзесьці ў 1987-м ці 1988-м. Пагадзіўся не адразу, а толькі прыгадаўшы сябра дзяцінства — суседа Мікалая. Нарадзіўся я ў вёсцы на Палессі, а калі мне споўнілася адзінаццаць, сям’я пераехала ў горад. Жылі мы ў прыватным доме. У суседнім жыў мой аднагодак Мікалай. Калі з іншымі раўналеткамі з нашай вуліцы адносіны складваліся складана, пакуль мяне не прынялі за свайго (даводзілася і з пабітым носам дадому прыходзіць), дык з Мікалаем мы пасябравалі неяк адразу. У нас была свая агульная тэрыторыя, дзе мы маглі гуляць у поўнай адзіноце: на невялікім участку безгаспадарчай зямлі паміж нашай адрынай ды іх домам гулялі ў піратаў.

/i/content/pi/cult/529/11462/14-3.jpg

З серыі "Дзіцячы дом".

Вучыліся з Колем у адной школе, але толькі ў паралельных класах... І раптам здарылася няшчасце: у Мікалая трагічна загінула мама… Праз некаторы час ягоны бацька прывёў у дом мачыху, а яшчэ крыху пазней Мікалая аддалі ў інтэрнат. Але на вакацыі ён прыязджаў дадому. Слухаючы яго апавяданні пра жыццё ў інтэрнаце, я нават трошкі зайздросціў яму: столькі цікавага там адбывалася! А калі ўбачыў, як перад ад’ездам ён плакаў у адзіноце ў нашым закуточку, зразумеў, што не ўсё там проста… Вось гэтыя ўспаміны і падштурхнулі мяне да здымкі.

/i/content/pi/cult/529/11462/14-4.jpg

З серыі "Дзіцячы дом".

Бываў я там і здымаў прыкладна цягам года. Уражанне цяжкае. Помняцца вочы дзяцей. Мне здавалася, што яны — сумныя, нават калі дзеці ўсміхаліся. Дзесьці там, у глыбіні вачэй, — вечная журбінка… І яшчэ: у кожным, хто прыходзіць туды, дзеці бачаць сваіх патэнцыйных бацькоў. Каб не нанесці ім вялікай псіхалагічнай траўмы, я паступова спыніў здымку…

Вадзім КАЧАН, фатограф, выкладчык фатаграфіі