Лёгкасць быцця

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

Знаёмства з маладой мастачкай адбылося на яе выстаўцы ў магілёўскім музеі В.Бялыніцкага-Бірулі. Гэта першая персанальная экспазіцыя 23-гадовай Аксаны Еўдакіменка, якая летась скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага універсітэта.

 /i/content/pi/cult/152/1146/Legkasc.jpg

А.Еўдакіменка. “Лёгкасць быцця”.

Чаму ж Аксана менавіта так назвала сваю выстаўку — “Лёгкасць быцця”? На гэтае пытанне яна адказала наступным чынам: “Мая самая любімая карціна называецца “Лёгкасць быцця”. Незямная дзяўчына кідае яблыкі ў бездань. Пад яблыкамі я маю на ўвазе мінулае. Яно засталося толькі ў памяці, і шкадаваць тут няма чаго…”

Карціна выканана ў насычанай вогненнай гаме, якая надае твору павышанае гучанне і яскравую эмацыйнасць. Мастачка з асаблівай вастрынёй перажывае жаданне адысці ад прастабачання натуры, “узнесціся” над ёй, перайсці да ўмоўна-абагульненай формы новай жывапіснай мовы.

У экспазіцыі — 20 жывапісных работ у алейнай тэхніцы, якая хутчэй падобна да акварэльнага жывапісу— настолькі яна паветраная і празрыстая. Шмат фантастычных, казачных вобразаў.

Аксане падабаецца пісаць рыб: жоўтых і блакітных, вялікіх і малых, драпежных і добрых. Скажам, у карціне “Падарожжа на рыбе”, фантастычнай па сутнасці і рацыянальнай па форме, мастачка імкнецца перадаць жыццё духу, перамогу гармоніі над хаосам, прарыў да чагосьці светлага, высокага... У гэтым казачным, туманным свеце паўлюдзей, паўнімф час ідзе назад, бывае — стаіць на месцы: “На быках”, “Вясенняя фантазія”, “Шпацыр”, “З вуснаў рыбы, якая гаворыць”, “Дзяўчынка і рыба” — тут шмат жаночых вобразаў, прыгажосць і пачуццёвасць якіх раскрываецца Аксанай вельмі тонка і далікатна. Таямнічы, дэкаратыўны свет, блакітныя коні, яркія пеўні— усё кажа пра нястрымную фантазію маладой мастачкі.

У экспазіцыі ёсць і дыпломная праца — трыпціх “Нараджэнне казкі”, што атрымаў найвышэйшую адзнаку Дзяржаўнай камісіі. А зусім нядаўна Аксана прыняла ўдзел у Рэспубліканскай маладзёжнай выстаўцы ў Мінску, дзе яе карціна “Зорны пыл” атрымала глядацкую ўхвалу і добрыя водгукі ў прэсе.


Альбіна ДЗЯРЫГЛАЗАВА