І ні слова пра Напалеона!..

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Барысаў / Бібліятэка, музей, школа мастацтваў: крыху пра лічбы, здзяйсненні і “болевыя кропкі”
Я не проста не надта добра знаёмы з цяперашняй школьнай праграмай, а наогул поўны нуль у гэтым пытанні. Але, калі, прапаноўваючы да вывучэння праявы сучаснай беларускай культуры, выкладчыкі не згадваюць мастака Валерыя Шкарубу, то робяць тым самым памылку. Калегі Валерыя Фёдаравіча па станковым жывапісе лепш за мяне ведаюць, хто ў “топах” трымае першае месца ў краіне. У маю ж “тройку прызёраў” ён дакладна ўваходзіць. З гэтым творцам, які некалi паступіў у наш Тэатральна-мастацкі інстытут з чацвёртага разу, а з 1982-га пачаў прадстаўляць свае працы на ўсіх рэспубліканскіх выстаўках, мы і рушылі ў горад. Тут ён з’явіўся на свет, восем гадоў вучыўся майстэрству ў студыі выяўленчага мастацтва, а потым папаўняў веды і развіваў руку ў гуртку пры Доме культуры, дзе набыццё 15-гадовым Валеркам першага ў яго жыцці прафесійнага эцюдніка, магчыма, стала тым крокам, пасля якога юнак канчаткова вырашыў для сябе, што звяжа жыццё з жывапісам…

/i/content/pi/cult/529/11458/10-1.jpg

Зусім не звычайная бібліятэка

Чатырохпавярховая (!) Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Каладзеева размешчана, натуральна, у цэнтры горада. Калі стаць да ўвахода ў яе спінай, то злева апынецца райвыканкам, справа — Дом быту. І з прадстаўніком выканаўчай улады нас чакала сустрэча ўнутры мясцовага галоўнага храма кнігі і, як аказалася, яшчэ шмат чаго.

А пакуль — ненадакучліва “катую” Валерыя Фёдаравіча з нагоды яго адносін з літаратурай.

— Чытаць мне падабалася, у школе па літаратуры, а таксама па гісторыі, геаграфіі ў мяне заўсёды былі добрыя адзнакі, — адказаў ён. — З кніг любіў гістарычныя. Якія яны былі ў 1960-я? У асноўным пра тое, што адбывалася ў былой Расійскай імперыі пачынаючы з 1917 года, пра СССР. Пра Вялікае Княства Літоўскае, пра Радзівілаў я даведаўся значна пазней і сёння працягваю з вялікай цікавасцю знаёміцца з беларускай гісторыяй…

Праўда, Валерыю Шкарубу не падабалася, што пасля летніх канікул даводзілася трымаць экзамен перад настаўнікам па змесце твораў для пазакласнага чытання. А ў Доме піянераў тады існавала бібліятэка, дзе невялікая колькасць кніг і часопісаў па выяўленчым мастацтве, літаратуры пра мастакоў зачытвалася літаральна да дзірак. А ў “абавязковую праграму” падлетка ўваходзіла наведванне пасля “домпiянерскай” студыі выяўленчага мастацтва кнігарні.

— Кніга — папяровая, электронная — найважнейшая рэч у самаразвіцці чалавека, — перакананы майстар. — У адрозненне ад прагляду фільма, тэатральнай пастаноўкі, пад час чытання ён з’яўляецца як бы яе сааўтарам альбо персанажам. Абуджаецца ўяўленне, актывізуецца разумовы працэс…

Сам Валерый Фёдаравіч аддае перавагу слуханню літаратуры з адначасовым пісаннем карцін: “Сусветную класіку амаль усю “праглынуў” такім чынам! Інакш да яе ў такім аб’ёме дакладна не дабраўся б”.

Тым часам Галіна Слесарэнка, дырэктар ЦРБ, бярэ ініцыятыву ў свае рукі, апярэджваючы маё пытанне:

— Беларускія бібліятэкі павінны змяняцца, і нават не таму, што таго патрабуе аптымізацыя ўстаноў культуры, а з-за тэндэнцый, якія адбываюцца ў сферы сусветнай культуры. У Барысаўскім раёне — больш за 13 бібліятэк, якія з’яўляюцца філіяламі нашай. Усе яны паступова становяцца сацыякультурнымі цэнтрамі. Такую канцэпцыю я распрацоўвала з 2003 года, і з таго часу мы яе паступальна ўкараняем.

Узорам служыць сама ЦРБ, дзе дзейнічае мастацкая галерэя “З’ява” (у калекцыі “каладзееўкi” — звыш 80 карцін), духоўна-асветніцкі цэнтр (тры з лішнім тысячы пастаянных карыстальнікаў, сярод іх — інваліды маладога веку, дзеці, хворыя на туберкулёз, людзі сталага ўзросту, падлеткі, вайскоўцы, прыхаджане храмаў...), дзіцячая бібліятэка з мультымедыйным цэнтрам і лялечным тэатрам, творчае аб’яднанне “Падзея” (якое выступае з выязнымі пастаноўкамі ў горадзе і па краіне), танцавальная студыя, краязнаўчы, а таксама інфармацыйна-пошукавы цэнтр ды іншыя структуры.

Штодня Цэнтральную наведвае каля 700 чалавек (усяго ў бібліятэкі — 25 тысяч чытачоў), якія прыходзяць не толькі па кнігі, але і, напрыклад, навучацца на курсах камп’ютарнай дасведчанасці (прасякніцеся кідкай назвай: “IT пасля 55”!), у клубы “Залаты ўзрост”, “Славянка”...

— Галіна Міхайлаўна, пры такім ахопе атрымліваецца, што Палац культуры патрэбен гораду толькі ў якасці канцэртнай пляцоўкі? — рызыкоўна жартую я.

Мая візаві ўсміхаецца:

— У яго свае задачы, працы хапае ўсім!

— Дапоўню папярэдняе пытанне наступным, сур’ёзным, ад імя чалавека з кансерватыўнымі ўяўленнямі. Ці не размываецца пры падобнай усеабдымнасці сутнасць бібліятэкі як такой?..

— Возьмем для прыкладу краязнаўчы цэнтр. Акрамя бібліятэкара, у ім працуюць прафесійныя гісторыкі, якія ў пошуках інфармацыі могуць дапамагчы чытачу больш, чым бібліятэкар. Я лічу, што збор інфармацыі — гэта сутнасць бібліятэкі. Так, ёсць краязнаўчы музей з яго экспанатамі, але, як правіла, вялікую іх частку ён захоўвае ў запасніках. Патрэбную наведвальніку інфармацыю краязнаўчага характару мы можам падаць у любы момант. Матэрыялы пра мастакоў, прадстаўленых у нашай галерэі, ён абавязкова знойдзе ў нас. Ад таго, што ў бібліятэцы працуюць гурткі, клубы, залаў з літаратурай менш не стала. Вось агульная чытальная зала, вось — калекцыя рэдкай кнігі і аўтографаў, зала літаратуры на замежных мовах, у пэўныя дні да ўвахода ў бібліятэку пад’язджае “гётэўскi” медыя-аўтобус (пра яго, нагадаю, мы пісалі ў звязку з працай Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі ў “К” № 12. — А.К.)

Яшчэ адным праектам ЦРБ стане Карцінная галерэя Валерыя Шкарубы — пад яе будзе адведзена цэлая зала: зараз памяшканню неабходны рамонт, а значыць, грошы на яго. Пра праблемы з фінансаваннем наогул дырэктар згадвае мімаходзь, а марыць яна аб большай аўтаматызацыі ўстановы. Чытацкі адток спадарыня Слесарэнка лічыць часовым, верыць, што, насыціўшыся Інтэрнэтам, людзі вернуцца да жывой кнігі і, адпаведна, у бібліятэкі. Сярод прычын аслаблення цікавасці да чытання ў цэлым, Галіна Міхайлаўна называе зніжэнне агульнаадукацыйнага ўзроўню і патрабаванняў, якія сёння прад’яўляюцца да адукацыі непасрэдна.

З Валерыем Шкарубам мы апынуліся на рэпетыцыі музычна-паэтычнага вечара “Франтавыя паэты... Вашы жыцці вайна рыфмавала”. Наведалі галерэю “З’ява”, у якой Шкаруба неаднаразова прадстаўляў публіцы свае карціны: мастацтвазнаўца Анжэла Кудакова ў экспрэс-рэжыме азнаёміла нас з выстаўкай графікі Валерыя Славука. У адным з пакояў Галіна Слесарэнка паказала падарункі Шкарубы бібліятэцы — альбомы па мастацтве, на якія мастак выдаткаваў палову сродкаў з атрыманай ім у 2002 годзе Дзяржаўнай прэміі (другая палова пайшла на такі ж камплект выданняў для Акадэміі мастацтваў).

Аптымізацыя па-рознаму

З нейкага важнага пасяджэння зазірнула ў ЦРБ намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама Ала ЛЕНКІНА.

— На Барысаўшчыне — больш за 80 устаноў культуры, — гаворку яна пачынае са статыстыкі. — Агульная колькасць работнікаў, занятых у гэтай сферы, складае каля 900 чалавек. Што да канкрэтна горада, то за апошнія гады я адзначыла б дзве буйныя падзеі, звязаныя з культурай: адкрыццё ў Цэнтральнай райбібліятэцы залы краязнаўства і аднаўленне Дома-сядзібы Івана Каладзеева — грамадскага дзеяча XIX стагоддзя, мецэната, уладальніка калекцыі артэфактаў вайны 1812 года…

А я адзначыў бы такі факт. У самым прымітыўным набліжэнні пад аптымізацыяй разумеецца скарачэнне штатаў, ліквідацыя нейкіх аб’ектаў ды іншае секвеставанне. А вось у Барысаве за апошнія пяць гадоў, нягледзячы на складанасці ў фінансавым плане, аддзел узяў на баланс пустыя будынкі колішніх дамоў афіцэраў у мікрараёнах Печы і Лядзішчы. І крок за крокам напаўняе іх зместам, — рамантуючы, усяляючы ў іх, у тым ліку, агмяні культуры, праводзячы разнастайныя мерапрыемствы.

— У раёне — шэсць дзіцячых школ мастацтваў, — спадарыня Ленкіна працягвае знаёміць нас з лічбамі. — У іх займаецца 13 працэнтаў дзяцей ад агульнай колькасці вучняў агульнаадукацыйных школ раёна (рост у параўнанні з 2010-м — 5 працэнтаў)…

Да болевых кропак Ала Георгіеўна адносіць кадравае пытанне — асабліва тое тычыцца вёскі. За тры гады было скарочана 8 устаноў клубнага тыпу, перапрафілявана 12 бібліятэк, але патрэба ў прафесіяналах існуе. Шукаюць іх шляхамі рознымі, напрыклад, пільна адсочваючы лёс выпускнікоў сваіх школ мастацтваў, каб лепшым з іх, якія скончылі навучальныя ўстановы, скажам, у Мінску, прапанаваць працу на радзіме.

Іншая праблема — матэрыяльна-тэхнічная база сельскіх клубаў. Знос інструментаў там — амаль стопрацэнтны. Гэта значыць, замене падлягае практычна ўсё, а сярэдні кошт таго ж баяна — 60 мільёнаў рублёў. Але штосьці неяк купляецца — з дапамогай пазабюджэтных сродкаў і пры спонсарскiм удзеле (так, у 
2014-м набылі два баяны, што былі ў карыстанні, і адзін новы).

Мастак павінен быць сытым

У сярэдняй школе № 16, якую Шкаруба хацеў наведаць абавязкова, паколькі правучыўся ў ёй “ад званка да званка” (у нашай праграме яна стала прыемным выключэннем, што не мае дачынення да ўстаноў культуры), пра мастака не забываюць. Пра гэта сведчыць яго партрэт ды кароткая біяграфія на стэндзе знакамітых выпускнікоў і выстаўка ілюстрацый маэстра. Ёсць тут і арыгінальныя работы, падораныя ім.

— У верасні нашы вучнi разам з класным кіраўніком збіраюцца ў госці да Валерыя Фёдаравіча, каб уручыць яму стужку “Знакаміты выпускнік” у рамках акцыі з такой жа назвай, — адкрывае сакрэт дырэктар школы Анжэла Сяргожка. — Гэты праект з уручэннем памятных стужак вядомым у краіне людзям мы хочам прапанаваць для рэалізацыі ў рэспубліканскім маштабе…

Школу Шкаруба скончыў сорак гадоў таму. Схільнасць ён меў да гуманітарных прадметаў, а матэматыку і фізіку (з пятага класа) толькі спісваў. Настаўніца хіміі нават прапаноўвала “адлучыць” хлапчука ад студыі выяўленчага мастацтва, якая, на яе думку, замінала Валерыю ў навучанні. Цікава, што да ўлюбёных урокаў маляванне ён не адносіў. Можа, таму, што ў школу прыйшоў ужо... мацёрым рысавальшчыкам: “заразіўся” ж выяўленчым мастацтвам хлопец у пяцігадовым узросце.

— Валерый Фёдаравіч, — хітра прыжмурыўся я, — у школе, напэўна, ёсць вучні, здольныя да жывапісу. Шэфам іх не хочаце стаць?..

— Чаму б і не? З задавальненнем! Няхай пакажуць работы, я нешта падкажу, параю. Калі вучнi некалькі гадоў таму прыязджалі ў Мінск на маю выстаўку, у нас з імі адбыліся размовы і на гэтую тэму…

Не “Луўрам” адзіным

Аблічча Аб’яднанага музея сведчыць пра тое, што асноўнае месца ў ім адведзена прадметам, звязаным з 1812 годам. Усё так і аказалася. Пад час нашага знаходжання ва ўстанове там праходзіла экскурсія для курсантаў Мінскага кадэцкага вучылішча.

— Раней на прылеглай да музея тэрыторыі выстройваліся чароды з аўтобусаў, у тым ліку замежных, — кажа дырэктар Наталля Раховіч. — Але і цяпер бывае па восем-дзесяць экскурсій за дзень. Да таго ж мы і самі “гастралюем” перасоўнымі выстаўкамі на ўласным “УАЗе”…

За апошнія сем гадоў музей адзначыўся двума новымі экспазіцыямі: да Дня беларускага пісьменства (2008) і пра вайну 1812 года (2012), якая працуе і дагэтуль. Музейны фонд налічвае 50 тысяч адзінак захоўвання, папаўняецца ён за кошт закупак, сіламі саміх работнікаў. І — пры актыўным садзейнічанні жыхароў Барысаўшчыны, якія перадаюць у дар рарытэты старадаўнія і рэчы адносна старыя: усе гэтыя прадметы перыядычна выстаўляюцца.

— Ці павінен музей, завязаны на гісторыю нейкага кутка, на краязнаўства, быць сучасным — тэхналагічна, візуальна і гэтак далей? — спытаў я Наталлю Сцяпанаўну. — Альбо ён мусіць заставацца “ўкаранёным у зямлю” — грунтоўным, без пертурбацый у сваёй дзейнасці?

— Мы імкнёмся да аптымальнага спалучэння абодвух пачаткаў. У нас ёсць зала, дзе мы не дазваляем сабе рызыкоўныя эксперыменты. А ў залах, прысвечаных 1812 году, далі кантраляваны карт-бланш афарміцелям, дызайнерам, мастакам па святле…

Спадарыня Раховіч з непрыхаванай пяшчотай і трымценнем ставіцца да ўстановы, але лічыць, што новы, больш прасторны, будынак музею неабходны. І з асцярожнасцю разважае пра магчымую кадравую праблему, якая пакуль установе не пагражае, але такі варыянт развіцця падзей не выключаны. Бо супрацоўнікі Аб’яднанага за тую ж, не надта вялікую, зарплату выконваюць і адно, і другое, і нярэдка тое, што рабіць, у прынцыпе, не абавязаны. Шкадуе Наталля Сцяпанаўна і пра тое, што ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі наладжана не лепшым чынам, але не па віне барысаўчан. У архівах некаторых музейных устаноў Расіі ёсць матэрыялы, якія для Барысава ўяўляюць цікавасць, аднак, зыходзячы з карпаратыўнай дружбы, што існавала ў музейшчыкаў СССР, зараз іх саступаць задарма не жадаюць. У якасці станоўчага прыкладу дырэктар прывяла Падольскі краязнаўчы музей з яго архівам.

І ў Аб’яднаным музеі на сценах вісяць палотны жывапісца, прычым ідэя аднаго з іх была навеяна наведаннем установы ў 2009 годзе генеральным дырэктарам “Луўра” Анры Луарэтам. Захоўваецца тут і абсалютны эксклюзіў — карціна, намаляваная Шкарубам у дзяцінстве, дзе адлюстраваны Свята-Уваскрасенскі кафедральны сабор.

— Я жыў зусім побач з музеем, — згадвае Валерый Фёдаравіч. — І мы з хлопцамі вельмі часта прыходзілі сюды. Ён адкрываў для нас чароўны свет далёкага мінулага, якое “знаходзілася” літаральна на суседняй вуліцы — пару крокаў зрабіць. Ну а паколькі ўсе хлапчукі любяць гуляць у “вайнушку”, то паходы ў музей былі падзеямі проста грандыёзнымі! Тут жа ёсць залы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай, партызанскаму руху на Барысаўшчыне. Каб я не стаў мастаком, то, напэўна, абраў бы шлях гісторыка…

Калі ў мастацтве няма нацыянальнага

Фінальны аб’ект падарожжа “на хвалі памяці” — Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў, дзе нас сустракалі даўнія прыяцелі Валерыя Фёдаравіча — дырэктар установы Сцяпан Клімчук і выкладчык Мікалай Сяліцкі.

— Тут працавала Надзея Сяргееўна Анашчанка, у якой я восем гадоў займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва, — паведамляе Шкаруба. — Але ў толькі што адкрытую школу перад сваім ад’ездам у Мінск я некалькі разоў заходзіў, праўда, яна тады размяшчалася ў іншым месцы. Глядзеў кнігі, каталогі, стасункаваўся з вучнямі…

Валерый Шкаруба наведваў установы падобнага роду за мяжой, у якіх методыкі выкладання моцна адрозніваюцца ад беларускіх. Галоўнае ж адрозненне заключаецца ў тым, што там робіцца ўпор на маляванне па ўяўленні. Акадэмічная школа ў іх не ў пашане. Дапусцім, у Японіі ды Кітаі мастакі амаль не пішуць пейзаж з натуры, а “складаюць”, “прыдумляюць” яго самі. Рэалістычнае мастацтва ў гэтых краінах пачало развівацца гадоў дваццаць таму, а ў Еўропе яно практычна страчана. Зрэшты, з “нечым падобным” Валерый Фёдаравіч калісьці сутыкнуўся і ў нас, пад час навучання ў Тэатральна-мастацкім: “прасунутыя” педагогі ледзь не ў загадным парадку раілі студэнтам забыцца пра класічны жывапіс XIX стагоддзя. І “квадраты Малевіча” сталі ўзорамі “сапраўды сучаснага савецкага выяўленчага мастацтва”.

— Я не хацеў бы выглядаць занудам і рэтраградам, — тлумачыць спадар Шкаруба. — Моладзь мае арыентавацца ва ўсіх напрамках мастацтва: у кубізме, абстракцыянізме ды іншых “-ізмах”. Але асновай у такіх дзіцячых школах, як гэтая, павінна быць мастацтва акадэмічнае — падмурак любога віду выяўленчага мастацтва. Адвучыўся, перайшоў на наступную адукацыйную прыступку — выбірай, да чаго душа ляжыць, узводзь на падмурку ўсё, што пажадаеш. Тыя “-ізмы”, якія я маю на ўвазе, — гэта мастацтва касмапалітычнае. Так, для кагосьці яно, напэўна, сапраўднае, а для мяне вельмі важна, каб пада мной была тая зямля, на якой я нарадзіўся. Калі я не бачу, што выгадавала мастака, для мяне ён як творца не існуе. Калі ў мастацтве няма нацыянальнага, то гэта не мастацтва…

З Валерыем Фёдаравічам шмат у чым згодны і Сцяпан Якаўлевіч, пацвярджаючы, што Беларусь ды Расія — ці ледзь не апошнія ў свеце “запаведнікі” акадэмічнага выяўленчага мастацтва. Дзяцей жа на Захадзе ў спецыялізаваных мастацкіх установах, па яго словах, сапраўды вучаць адшукваць, нараджаць у сабе асаблівы ўнутраны стан і адлюстроўваць яго, падмяняючы канкрэтны прадмет, чалавека, пейзаж эмоцыямі ў колеры.

Ва ўласнай “гаспадарцы” Клімчука турбуе тое, што пераход ДМШМ на пяцігадовы тэрмін навучання (замест чатырохгадовага, як пяць гадоў таму) ніякай відавочна адчувальнай перавагі не даў. Заняткі займаюць тую ж колькасць гадзін на тыдзень — 13-14. Менш стала нагрузкі ў першых-другiх класах, але сярэдні лік складваецца за кошт старшых. У бюджэтных групах у ДМШМ вучацца 270 чалавек, у самаакупных — 100 (месячная аплата складае 240-300 тысяч рублёў).

— І вось уявіце наступную сітуацыю, — тлумачыць дырэктар. — Дзіця прыходзіць на платную форму, напрыклад, у сямігадовым узросце, тры гады так займаецца, а калі яму спаўняецца дзесяць, ён паступае на бюджэт і вучыцца яшчэ пяць гадоў! Кожны “лішні” год, вядома ж, дзецям у цяжар…

У Сцяпана Якаўлевіча ёсць прэтэнзіі да “гаспадарак” канкурыруючых — прыватных дзіцячых мастацкіх школ, якія працуюць па прынцыпе рэпетытарства. Арандуецца памяшканне, набіраюць дзяцей, якіх рыхтуюць да паступлення ўжо ў дзяржаўную школу. Такім чынам, бізнесмены, дэмпінгуючы, фактычна падмяняюць падрыхтоўчыя групы самой ДМШМ. “А ёй, — уздыхае Клімчук, — вельмі патрэбны рамонт, новая мэбля...”

— А Барысаву наогул — асобная гарадская карцінная галерэя, — дадае Шкаруба, — дзе маглі б збірацца мастакі, ладзіць выстаўкі, прадаваць работы, абменьвацца думкамі, досведам. Культурны асяродак — рэч важная і неабходная, там нараджаюцца ідэі, адтуль пачынаецца рух…

Апошні мазок

— Радзіма — гэта не пусты гук, — падводзіць сціслы вынік нашага ваяжу Валерый Шкаруба. — А тое, што ва ўстаноў культуры ёсць праблемы, дык у мой час іх было яшчэ больш. Грошай ніколі не хапала, матэрыяльная база заўсёды пакідала жадаць лепшага. Калі любіш прафесію, галоўнае — не апускаць рукі, нягледзячы ні на што, пераадольваць перашкоды, рабіць сваё жыццё, жыццё іншых лепшым!

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"