Навальніца? Дык не…

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Ці патрэбен творцу стымул?
Днямі ў сталічным Палацы мастацтва адкрылася вялікая выстаўка жывапісу і скульптуры пад назвай “Лабірынт-2”. Яе ініцыятар — секцыя жывапісу Беларускага саюза мастакоў. Скульптары далучыліся пазней. Пластыка ў экспазіцыі, кажучы журналісцкім слэнгам, — гэта “падвёрстка” да жывапісных палотнаў. Аднак прысутнасць скульптуры тут вельмі дарэчы, хаця б з той прычыны, што добра арганізуе экспазіцыйную прастору.

/i/content/pi/cult/529/11454/8-1.jpg

Выстаўка з такой назвай праводзілася ўжо, і ў канцэптуальным сэнсе ідэя шырокага паказу ўсяго, што ёсць у наяўнасці, усяго, што аўтары самі лічаць цікавым для публікі, аказалася вартай для запачаткавання традыцыі. Тое, што сёння робіцца ў нашым і навакольным выяўленчым мастацтве з пазіцый “вялікага стылю”, якім, безумоўна, з’яўляўся сацыяльна арыентаваны рэалізм савецкай эпохі, — не што іншае, як “разброд і бадзянне”. Так падаецца звонку. Але ўнутры адбываецца пошук шляху (як рэфлексіўна запаволены, так і актыўна асэнсаваны) у лабірынце магчымасцей, якія створаны сацыяльна-культурнымі варункамі ды новымі тэхналогіямі, у тым ліку інфармацыйнымі. Дый як насамрэч назваць выстаўку, дзе прадстаўлены, бадай, увесь спектр стылёвых адметнасцей і больш-менш выразна акрэсленых напрамкаў нашага жывапісу ды немалы сегмент скульптуры?

Час, калі вызначальнай рысай беларускага выяўленчага мастацтва былі кананізаваны рэалізм і сюжэтны шэраг, вывераны паводле дзяржаўнай ідэалогіі, даўно мінуў. Новая “вавілонская вежа” на грунце чарговай глабалісцкай ідэі выбудуецца няхутка, — мастак пакуль сам сабе і ідэолаг, і цэнзар. Адсюль — сюжэтная ды стылёвая разнастайнасць, якой, ізноў нагадаю, да нейкай ступені пасуе параўнанне з лабірынтам. Канешне ж, не ў тым сэнсе, што выйсця няма, а таму, што нават у чыстым полі, пазбаўленым выразных арыенціраў, заблукаць так жа лёгка, як і ў скляпеннях бярлогі Мінатаўра.

Мне давялося прысутнічаць на адкрыцці выстаўкі і пагутарыць з яе ўдзельнікамі. Як станоўчы факт адзначалася тое, што такія розныя творы могуць адначасова знаходзіцца у адной экспазіцыйнай прасторы. Гэткая дэманстрацыя талерантнасці — якое ні ёсць, а дасягненне нашага культурнага развіцця. Але не абміналі ў размовах і такую акалічнасць: тут няма за што зачапіцца воку. Калі я сачу за творчасцю таго або іншага мастака, альбо калі асабіста знаёмы з жывапісцам ці са скульптарам, дык усё адно спынюся ля іхніх работ, бо мне цікава, што новага на творчым рахунку неабыякавых мне асоб. Гэта інтарэс прыватнага характару. А вось, каб убачанае накрыла ўражаннямі, як навальніца ў полі (а мне, хоць не часта, але даводзілася быць пад такім уздзеяннем твораў мастацтва, прычым — беларускіх аўтараў), дык не… Чаму? Кажуць, у мастака няма матывацыі рабіць нешта грунтоўнае. Але і лайдачыць ён не можа, бо творчая натура патрабуе хоць якой рэалізацыі. Вось і прадстаўляе мастак на суд публікі не даведзеную да ладу рэч — не твор з замахам на эпапею, а нейкае падабенства дзённікавых нататак…

Не хачу, каб мае словы патлумачылі так, нібыта на выстаўцы няма на што паглядзець. Прынамсі, цікавымі мне падаліся спробы Андрэя Смаляка вярнуцца ў “сацарт”, на ніве якога ён даволі паспяхова шчыраваў напрыканцы 1980-х — на пачатку 1990-х гадоў. Таксама я не абмінуў увагай філасафічны, эстэтычна вывераны жывапіс Уладзіміра Тоўсціка, вобраз далёкай вандроўкі пэндзля Уладзіміра Ганчарука, эфектны, вытанчаны гламур Рамана Заслонава, сумныя казкі ад Сяргея Рымашэўскага, а таксама палотны Васіля Касцючэнкі, Зоі Луцэвіч, Марты Шматавай, Уладзіміра Кожуха… Дый пластыка Аляксандра Шомава, Мікалая Дробыша, Сяргея Аганава, Алега Варвашэні вартая таго, каб наведаць выстаўку. Творчы і прафесійны патэнцыял нашых мастакоў не падлягае сумневу.

Парадаксальна (а мо і заканамерна) тое, што на выстаўцы мне запомнілася не столькі ўбачанае, колькі пачутае. Адзін з творцаў, скептычна ацаніўшы форму ды змест таго мастацтва, якое ў Беларусі называюць авангардным, сучасным, актуальным, згадаў творчы праект, дэманстрацыю якога ён бачыў не так даўно ў Польшчы. Гэты праект мае прадстаўляць апошнюю на прэстыжнай мастацкай імпрэзе. Ягоная тэма — уваходжанне сучаснага чалавека ў свет мастацкай класікі. Дык вось… Фактычна, гэта кіно. На сцяну праецыруецца выява вядомага, знакавага палатна славутага майстра даўняга часу. Да яго падыходзіць чалавек, разглядае, потым разварочваецца і… апынаецца на карціне. Потым — другі, трэці… Мноства людзей з’яўляюцца спачатку як гледачы, а потым становяцца персанажамі жывапіснага твора, гарманічна (як ні дзіўна!) дапаўняючы класічнае палатно. Гэты натоўп гамоніць, жэстыкулюе, жыве ўнутры карціны. Такім чынам, у новай якасці паўстае сам класічны твор, і думка пра значнасць культурнай спадчыны мінулага для сённяшняга чалавека выяўлена выразна і даступная разуменню людзей розных інтэлектаў.

Мой суразмоўца быў шчыра ўражаны і задумай, і рэжысурай, і майстэрскай рэалізацыяй задумы ды скарыстаным для гэтага інструментарыем. Відавочна, што зладжана працавала вялікая каманда. А праца камп’ютаршчыкаў у гэтым праекце заслугоўвае найвышэйшай пахвалы.

Вось на якія ўзоры, на які ўзровень, на думку майго суразмоўцы, варта арыентавацца. Тады і такія традыцыйныя формы мастацтва, як жывапіс, графіка, скульптура, змогуць набыць вартасць у вачах грамады. Мушу згадзіцца з дасведчаным чалавекам…

І яшчэ. Адначасова і побач са згаданай выстаўкай разгорнута невялікая персаналія вялікага мастака Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча — ад ранніх твораў да самых апошніх. Вось гэта ўражанне! Сапраўды як навальніца ў полі… А якая ў генія была матывацыя ствараць шэдэўры?..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"