Жанчына, любоў, вясна – аднаго роду

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

Напярэдадні Дня Жанчын рэдакцыя газеты “Культура” звярнулася да жанчын-мастачак, прадстаўніц абласцей рэспублікі і горада Мінска, з двума напаўжартаўлівымі пытаннямі: 1. Вядома, што Жанчына створана з рабра мужчыны — Адама. На ваш погляд, ці адпавядае гэтае ўяўленне сучаснай Жанчыне? 2. Што вы як мастачка-стваральніца маглі б зрабіць з гэтага рабра?

Алена ХАРАБЕРУШ, скульптар, старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў (Мінск):

1. Так, Ева створана з Адамавага рабра. Аднак гэта ніяк не змяншае ролю Жанчыны ў дачыненні да яе стваральніка. Нават наадварот. Сёння яна, магчыма, значна больш амбіцыйная, самадастатковая, самастойная, чым мужчына. А калі яны аднадумцы, асабліва ў мастацтве, — дык гэта ідэальная пара для сумеснай творчай працы. Такі мой муж — скульптар Леанард Пакульніцкі, з  якім мы стварылі праект манументальнай скульптурнай кампазіцыі “Тры буслы” для плошчы Незалежнасці ў г. Мінску.

2. Я б стварыла Жанчыну ва ўсёй яе велічы — да “яблычнага” перыяду, да з’яўлення Змея-спакусніка.

 /i/content/pi/cult/152/1144/Zhanchyna1.jpg

Т.Рудэнка. “Залаты букет”.

Галіна КОНАНАВА, жывапісец, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела мастацкага музея імя П.Масленікава (Магілёў)
:

1. З часоў Адама і Евы свет не змяніўся. Па маім разуменні, стварэнне Жанчыны з рабра Адама — ні што іншае, як адзінства жаночага і мужчынскага пачаткаў. Свет без гармоніі існаваць не можа. Жанчына — гэта мудрасць, мяккасць і настойлівасць, дыпламатыя, прыгажосць, уменне захапляць і натхняць на стварэнне, унутраная напоўненасць і святло… Цуд!

2. Гэта дзіўна — адчуваць сябе Богам. Пэўна, не абысціся ў гэтым свеце без магчымасці здзіўляцца і ствараць. Мастак — стваральнік Цуда, Прыгажосці, Кахання. Гэта маё крэда, і толькі дзеля гэтага прызначана рабро Адама.

Таццяна РУДЭНКА, мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (Віцебск):

1. Магчыма, мы і былі створаны з рабра Адама, але да гэтага часу прырода ўсе “эксперыменты” праводзіць толькі на мужчынах, а нам па крупінках аддае ўсе самае лепшае з гэтых вопытаў. Таму жанчына — вянец прыроды, найлепшае яе стварэнне. Інакш і быць не можа, бо мы ж даём жыццё, адказваем за будучыню, за нашчадкаў. І ўвогуле, я — за матрыярхат. Тады спыніліся б войны і пакуты на Зямлі: жанчына не будзе знішчаць таго, каго нарадзіла, і захавае ўсё найлепшае, што стварыла чалавецтва.

2. Хацелася б стварыць мудрага, духоўнага, адказнага чалавека. Такіх, на жаль, становіцца ўсё менш. Але я не Гасподзь Бог. Проста, ва ўсё, што ствараю, я намагаюся ўкласці ўсю сваю душу.

Валянціна ШОБА, графік, акварэліст, ілюстратар (Гродна):

 /i/content/pi/cult/152/1144/Zhanchyna2.jpg

В.Шоба. “Вясна”.

1. Так здарылася, што я ўсё жыццё ўсведамляю сябе “Адамам”, а калi з мяне дасталi рабро… то сатварылася Мацi. Лічу, што не самая дрэнная. Пра iншых жанчын адназначна не скажу. Але зараз шмат хто з іх здольныя “зляпiць” любога Адама.

2. Тварыць нешта з Адамавага рабра — права толькi таго, хто ўсё гэта прыдумаў. Калi б Бог захацеў паўтарыць свой эксперымент, то Ён сам вырашыў бы, што яму рабiць. А ў мяне як у творцы кожная новая задума — той самы матэрыял, што быў скарыстаны Богам на стварэнне. Мая майстэрня — мой Сусвет...

Аксана ГАЙДУКЕВІЧ, жывапісец, дацэнт кафедры архітэктурнага праектавання і малюнка Брэсцкага тэхнічнага універсітэта (Брэст):

1. Як вернік лічу, што Бог зрабіў мудра, стварыўшы Жанчыну з рабра Адама і тым самым вызначыўшы яе месца. У дачыненні да першачалавека яна з’яўляецца нібы другасным, але цудоўным стварэннем. Адам як мужчына — лідэр. Ён і сёння павінен заставацца лідэрам у высокім сэнсе слова. Аднак у наш час разбураюцца многія маральныя, этычныя і эстэтычныя каштоўнасці, таму знайсці такога ідэальнага галаву сям’і, роду становіцца ўсё больш цяжка.

2. Вядома ж, цудоўную Жанчыну, якая за плячыма вернага сябра-мужчыны адчувала б сябе ў бяспецы і была акружана любоўю блізкіх.

Ларыса ЗУЕВА, мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (Гомель):

Не магу дакладна адказаць на гэтыя пытанні: усё вельмі спрэчна і заблытана ў жыцці. Ведаю толькі, што без прыгажосці Жанчыны і жаночай любові свет быў бы сумны, аднастайны і шэры, тым больш — мастацтва. Таму з рабра Адама я стварыла б, вядома ж, Жанчыну — прыгожую, высакародную, палкую і... мужную.