Не “цацка”, але грамадзянка

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

Жаночы погляд на сваю эпоху, зафіксаваны пісьмова, — рэдкая з’ява ў вякі мінулыя. Аж да ХХ стагоддзя ролі летапісцаў і хранікёраў даставаліся мужчынам. Для іх знамянальнай падзеяй былі, напрыклад, выбары на сойме, а для белагаловых — прыезд сватоў ці нараджэнне дзіцяці. Тым не менш, асобныя спадарыні, не пазбаўленыя пісьменніцкай жылкі, адважна браліся за пяро, занатоўваючы свае надзённыя радасці і клопаты ў спадзяванні на спагадлівых чытачоў. Мемуары шляхцянкі ХІХ ст. Евы Фялінскай у нашай рубрыцы прадстаўляе навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, даследчыца гендэрнай праблематыкі Наталля АНОФРАНКА.

 /i/content/pi/cult/152/1143/Fyalinskaja1.jpg
 Ева Фялінская.
Ева Фялінская з Вендорфаў (1793 — 1859) нарадзілася ў Слуцкім павеце, там правяла дзяцінства і юнацтва. Пасля шлюбу з Герардам Фялінскім пераехала на Валынь. Не здавольваючыся роляй жонкі і маці шасцярых дзяцей, актыўна ўключылася ў грамадскае жыццё, удзельнічала ў тайнай арганізацыі Сымона Канарскага.
У 1838 г. была арыштавана і зняволена ў турмах Вільні і Кіева. Паводле загаду расійскіх улад зведала даволі суровае для жанчыны пакаранне — высылку ў Сібір.
У 1839 — 1841 гг. Ева жыла ў Бярозаве, а на 1841 — 1844 гг. была пераведзена ў Саратаў. Апошнія гады правяла на Валыні.

Гэтая персона застаецца практычна невядомай на сваёй радзіме, аднак даволі папулярная ў польскай і ўкраінскай гістарыяграфіі як аўтарка “Успамінаў з падарожжа ў Сібір, побыту ў Бярозаве i ў Сaрaтавe” (1845— 1850), у якіх праявіла талент этнографа. Яны друкаваліся ў альманаху “Athenaeum”, а пасля выйшлі асобнай кніжкай у друкарні Юзафа Завадскага ў Вільні. Літаратурныя здольнасці Е.Фялінскай высока ацанілі яе сучаснікі. На схіле гадоў Ева звярнулася ў творчасці да роднага краю. У мемуарах “Памяткі з жыцця” (на жаль, незавершаных), выдадзеных у Вільні ў 1856— 1859 гг., побач з цудоўнымі замалёўкамі Беларусі, Палесся, Літвы яна шукала і аналізавала прычыны эканамічнага і сацыяльнага заняпаду гэтых зямель. Падкрэслівала як ролю жанчыны ў сямейным жыцці і годным выхаванні дзяцей, так і неабходнасць актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Спецыфіка ўспамінаў — у прэзентацыі грамадства праз жаночыя вобразы ў штодзённым жыцці розных шляхецкіх дамоў. Акрамя сямейнага ладу, Е. Фялінская апісала розныя варыянты жаночай адукацыі, забавы, звычаі і норавы суайчыннікаў.

...Адзінай надзеяй і апорай жанчыны ў гэтым сацыяльным слоі, як, відаць, і ў іншых, быў муж: “У той час не было звычаю, як сёння, глядзець на пасаг жонкі… Кожны мужчына спадзяваўся больш на тое, што мог сам зарабіць, патрабуючы ад жонкі толькі адно — каб была ашчаднай і пільнай вартаўніцай яго працы... Адзінае патрабавалася — каб была шляхецкага роду”.

Першы вобраз на старонках успамінаў — маці аўтаркі, якая паходзіла з вельмі беднай шляхты і ў шлюбе была за збяднелым шляхцічам. Ева піша, што яе бацька меў прыязную жонку — ціхую, працавітую, ашчадную, якая пільна даглядала працу мужа. Яго ўсмешка была для яе ўзнагародай за клопаты. Але пасля смерці бацькі маці ездзіла па параду да пана Станіслава Вендорфа, сваяка мужа, як да “свайго і нашага апекуна, і раілася, што рабіць з сабой, як выхоўваць дзяцей”, бо муж загадаў ёй ва ўсім падпарадкоўвацца апекуну. Бацька за сваё жыццё мала што зарабіў. Засталіся невялікія гаспадарка і зберажэнні. Але і такая сціплая спадчына прыносіла шмат турбот “кабеце з лагодным характарам, прызвычаенай да працы, адпаведнай свайму полу, а не да мужчынскага гаспадарання”. У такіх абставінах клопат пра дзяцей бралі на сябе больш заможныя сваякі.

Наступны характэрны вобраз дробнай шляхцянкі, аднак больш заможнай, — сястра маці. Аўтарка падкрэслівае, што гэта “можа, страчаны тып нашых шляхцянак сярэдняга класа, якія жылі толькі для дому і ў доме.

Чынная, добрая, энергічная, дакладна прытрымлівалася аднойчы заведзенага парадку”. Цікава, што ўвесь гэты “хатні сусвет” трымаўся выключна на гаспадыні, а гаспадар ва ўспамінах фігуруе толькі як “цётчын муж”.

Парадак жа быў наступны: уставалі рана, прыбіраліся, чыталі пацеры, у сенях чакаў сняданак. Пра каву або гарбату гаворка не ішла: каша, крупнік, зацірка. Абеды былі шляхецкія, не панскія. Пасля вячэры трэба было ісці да ложка — такі быў звычай у доме, “гэта быў не адзіны капрыз, бо большая частка дому складалася з людзей працавітых”.

Традыцыйнасць падкрэсліваецца апісаннем святочных строяў: “Жанчыны ў прыгожых тканінах, мужчыны ў кунтушах, атласных жупанах яркага колеру і багатых пасах. Ніводнага не было ўбранага ў фрак. Бачна было, што гэта шляхта сярэдняга класа, якая з замілаваннем трымалася краёвых звычаяў...”.

Наступны перыяд, адлюстраваны ў мемуарах, — жыццё Е.Фялінскай у яшчэ больш багатых апекуноў Вендорфаў. І зноў характэрны лад жыцця жанчын падаецца праз асобу жонкі сваяка — Евы Вендорф: “Чынная і лагодная, найлепшага сэрца, чулая і шчыра прывязаная да мужа, практычная, хоць і малаадукаваная, з міласцю і разуменнем да кожнага”. Распараджалася значнымі даходамі, якія муж ёй пакідаў. Не мела ўласных “фантазій”, памятала пра патрэбы кожнага, і кожны знаходзіў пад рукой тое, што было яму патрэбна. Вопраткаяе была найпрасцейшая, зручная і вельмі чыстая. У яе доме быў бачны вялікі дастатак і выгода. Гаспадыня кіравала ўсёй гаспадаркай і ведала пра ўсё. Муж таксама адчуваў яе вартасць, не лічыў яе за “цацку”, “хоць і не бачна было пяшчоты і чуласці ў словах паміж сужэнцамі, але немагчыма было жадаць лепшага шлюбу”.

Жанчыны прывілеяванага саслоўя фарміраваліся разумова і маральна як праз хатні ўклад, так і праз адукацыю, што мела свае асаблівасці ў розных маёмасных станах. У мемуарах Фялінскай выразна прасочваюцца гэтыя адрозненні. Пачатковыя веды і ўменні яна атрымала ад маці, якая, нягледзячы на беднасць, была дастаткова пісьменная. Паводле аўтаркі, у родным доме яна вучылася “не ў прамым сэнсе, не ведаю, якім спосабам убіваліся ў галаву некаторыя веды”. У выніку Ева добра чытала па-польску, пісала вялікімі літарамі, вязала панчохі і ведала крыху Катэхізіс. Але больш любіла чытаць і лічыла чытанне “лепшай забавай” (аддавала перавагу кніжцы для набажэнства і вучыла на памяць літанні да Панны Марыі).

Яе маці была вельмі пабожная, таму асновай размоў паміж імі найчасцей былі прадметы рэлігійныя (жыццё Хрыста, каталіцкая вера, стварэнне свету, аповеды са Старога Запавету). Аднак разам з тым маці тлумачыла ёй, як Зямля абарочваецца вакол Сонца, чаму змяняюцца дзень і ноч, зіма і лета. Аўтарка падкрэслівае, што маці чытала польскія кніжкі, праўда, дазваляла сабе гэтыя “забавы” толькі ў нядзелю і па святах.

 /i/content/pi/cult/152/1143/Fyalinskaja2.jpg
 Ян Пётр Норблін. “Паланез”.

У доме матчынай сястры навучальны працэс строга рэгламентаваўся. Пасля сняданка дзяцей выпраўлялі да так званай школкі, будыначак якой стаяў у двары, дзе вучыліся і некалькі суседскіх хлопчыкаў. Настаўніка звалі “дырэктарам”. Пры сумесным навучанні хлопчыкаў і дзяўчынак была некаторая розніца ў прадметах: калі польскае чытанне было агульнай дысцыплінай, то пазней хлопчыкі браліся за лаціну, а дзяўчаткі — за пісьмо, часам пісьмо замянялася арыфметыкай — вылічэннямі ў чатыры дзеянні. Увечары адбывалася абавязковае пакаранне лінейкай па руках, потым вучні чыталі малітву, цалавалі руку “дырэктару” і разыходзіліся.

Падлеткам Ева Фялінская трапіла ў дом апекуноў Вендорфаў. Тут паненак рыхтавалі да свецкага жыцця. Гувернантка наглядала за вучаніцамі ўвесь дзень і выкладала французскую мову. Яе муж вучыў іграць на фартэпіяна (хоць сам не вельмі добра валодаў тым інструментам), пан Музыньскі вучыў пісаць і даваў лекцыі па арыфметыцы, пан Пілецкі вучыў новым танцам (казачку, альмандзе, тамбурыне, фанданга, менуэту, старасвецкай кадрылі).

Праўда, Ева крытычна адзначала, што гэтая адукацыя была не надта дасканалая, бо па-французску вучыліся “па маленькай французска-польскай граматыцы, невядома якога аўтара... але не вельмі клапаціліся пра акцэнт”. Дзіцячая бібліятэчка ў класным пакоі складалася пераважна з падручнікаў па французскай мове ды некалькіх тамоў па гісторыі і геаграфіі, астатнія кніжкі траплялі “кантрабандным” чынам, і тады чытанне было вельмі цікавым.

Адукацыя дзяўчынак, нават у заможнай шляхты, заканчвалася ў 12-13 гадоў, далей пачыналіся пошукі годнай шлюбнай партыі. Стрыечная сястра аўтаркі Эўка Вендорф ужо ў свае 14 атрымала некалькі шлюбных прапаноў,— “то на словах, то праз лісты”. Праўда, бацькі адмаўлялі, спасылаючыся на маладосць дачкі, але было зразумелым, што гэта толькі ветлівы рытуал. Таму ў доме Вендорфаў усё часцей сталі бываць юнакі, а цётка з дочкамі выязджала на балі. Ева Фялінская аказалася сведкай змены гэтых традыцый: “Цяпер 14-15-гадовыя дзяўчынкі апрануты, як дзеці, у кароткія сукенкі, пад наглядам мэтраў і гувернантак мусяць сядзець за секрэтэрам, вучыцца і выводзіць гамы. А раней у такім узросце выходзілі ў свет або станавіліся маткамі”. Надта юны ўзрост нявест рэдка дазваляў ім самастойна абіраць сужэнца, яны цалкам давяраліся выбару бацькоў. Пасля перамоў са сватамі пачынаўся збор пасагу, што для нявест было самым прыемным. Фялінская піша, што шмат дзяўчат (па іх асабістых прызнаннях) выйшлі замуж “адно з мэтай набыцця некаторых строяў, якія ім надта карцела мець”. Яны ведалі, што атрымаюць такія строі і сукенкі толькі такім чынам.

Падобная легкадумнасць не асабліва здзіўляе, калі ўлічваць, у якіх юных гадах некаторыя дзяўчаты выходзілі замуж. Аднак усе, і маладзейшыя і старэйшыя, мелі цьмянае ці ўвогуле падманнае ўяўленне пра перамену свайго стану. Выхаванне паненак, іх захапленне французскімі і польскімі раманамі фарміравалі ідэальнае ўяўленне пра стасункі паміж жанчынай і мужчынам. Кніжныя ідэалы яны пераносілі на традыцыйныя шлюбы, што непазбежна прыводзіла да разладаў у сямейных адносінах. Так, Фялінская шчыра распавядала, што яе стрыечная сястра пакахала мужа, але ўзаемаразумення не атрымалася. Муж быў суровы, а жонка — пачуццёвая. Яна пакутавала, калі ён не разумеў і спыняў яе лепшыя памкненні і пяшчоту, дакарала сябе тым, што не можа знайсці яго прыязні ды зрабіць мужа шчаслівым. Муж, са свайго боку, не мог зразумець, чаго маладой жонцы не хапае, бачыў яе смутак і слёзы на вачах, але не ўсведамляў іх прычыны і прыпісваў гэта жаночым капрызам. З-за гэтага непаразумення кожны дзень здараліся “вымовы” з аднаго боку і слёзы з іншага, толькі ў прысутнасці гасцей надыходзілі хвіліны адпачынку. “У той час хатняе жыццё ішло за кулісамі, а сцэну займала рэпрэзентацыя”. Для мужа гэта была найлепшая частка жыцця, але жонцы — толькі хвіліннае прадстаўленне, якое не магло ўспрымацца як сапраўднае жыццё.

Жанчына апыналася ў такой сітуацыі, калі яе самамэтай рабілася развіццё экзальтаванай пачуццёвасці. Ева Фялінская прызнавалася, што ні яна, ні яе сястра не былі ў стане падняцца вышэй і знайсці мэту свайго жыцця паза пачуццёвай сферай. “Я марыла і спадзявалася, яна плакала і марнела. Абедзве мелі так мала досведу. Тое, што мы бачылі ў некалькіх дамах або вычыталі ў кніжках, бралі за агульную норму і думалі, што ўвесь свет падпарадкоўваецца гэтай норме. Не думалі, што першыя былі выключэннямі ў жыцці, а другія — ідэальнымі вобразамі”.

Шчырая споведзь Евы Фялінскай — вельмі цікавая крыніца для вывучэння штодзённага жыцця беларускага грамадства першай паловы ХІХ ст., асабліва для тых, хто займаецца маладаследаванымі ў нас праблемамі жаночай гісторыі.

Наталля АНОФРАНКА,

навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі