“Я не фестываль, я — форум…”

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Бюджэтныя мерапрыемствы: вызначана не толькі тэрміналогія
Даўнія развагі пра тое, колькі і якіх фестываляў трэба захаваць у краіне, набылі ўрэшце выніковую акрэсленасць. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь Пастановай № 263 ад 2 красавіка вырашыў зацвердзіць Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення асобных культурных мерапрыемстваў, што фінансуюцца з бюджэту (рэспубліканскага, мясцовага), а таксама — Пералік гэтых самых мерапрыемстваў. Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму неабходна ў трохмесячны тэрмін прывесці свае нарматыўныя Прававыя акты ў адпаведнасць з названай пастановай і прыняць меры па рэалізацыі апошняй.

/i/content/pi/cult/528/11424/4-1.JPGШто ж палягае за словам “асобныя”? Канкрэтыка тут — самая поўная. Асобныя мерапрыемствы — гэта фестывалі, конкурсы, форумы, святы ды пленэры. Не больш і не менш.

Зараз — пра тэрміны і дэфініцыі. Пагадзіцеся, блытаніна ў дадзеным пытанні — не на карысць агульнай справе. У раёне, да прыкладу, абвяшчаецца конкурс, а лепшыя ўдзельнікі па выніках не вызначаюцца. Ці наша, журналісцкая, недакладнасць, калі для выратавання ад таўталогіі мы слова “фестываль” часам замяняем на “форум”. Аказваецца, не маем ніякай рацыі. У дачыненні да дакладнай градацыі мерапрыемстваў “форум” і “фестываль” — не сінонімы… Дык вось, прапанаваны азначэнні тэрмінаў, у якіх мы вылучылі асноўныя адметнасці:

конкурс — вызначэнне лепшых выканаўцаў, мастацкіх калетываў, іншых фізічных і юрыдычных асоб ці іх работ;

пленэр — стварэнне, паказ, распаўсюджванне твораў выяўленчага мастацтва на адкрытым паветры;

свята — мерапрыемства з нагоды дзяржаўных святаў, святочных дзён ды памятных дат ці звязанае з адраджэннем народных традыцый, звычаяў і абрадаў;

фестываль — тычыцца сцэнічнага, выяўленчага, цыркавога мастацтваў, мастацкай літаратуры, кінематаграфіі, тэлебачання, народнай творчасці;

форум — тычыцца дзейнасці музеяў і бібліятэк, досведу культурна-асветніцкай работы і педагагічнай дзейнасці ў сферы культуры.

Пойдзем далей. Па ўзроўні правядзення ды складу ўдзельнікаў мерапрыемствы могуць быць:

міжнароднымі — удзельнічаюць прадстаўнікі Беларусі і не менш як пяці замежных краін;

рэспубліканскімі — удзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх ці большасці абласцей Беларусі і Мінска, могуць запрашацца і прадстаўнікі іншых краін;

рэгіянальнымі — удзельнічаюць прадстаўнікі аднаго ці некалькіх раёнаў (гарадоў), абласцей Беларусі, могуць запрашацца прадстаўнікі іншых раёнаў (гарадоў), абласцей Беларусі, а таксама — замежных краін.

Падаецца, градацыя — больш чым дакладная… Міжнародныя і рэспубліканскія конкурсы павінны праводзіцца не менш чым у два этапы: папярэдні адбор і конкурсныя туры ці іншыя адборачныя працэдуры.

Дадамо, што на фестывалях, форумах, святах могуць ладзіцца канцэрты, выстаўкі, спектаклі, конкурсы, агляды, канферэнцыі…

Якія ж мерапрыемствы ўвайшлі ў пералік? З міжнародных штогадовых фестываляў — мінскія “Лістапад”, Фестываль Юрыя Башмета, “Беларуская музычная восень” і “Анімаёўка” з Магілёва, “Славянскі базар у Віцебску”, полацкія “Званы Сафіі”, брэсцкія “Студзеньскія музычныя вечары” і “Белая Вежа”, віцебскі Фестываль імя І.І. Салярцінскага, полацкі Фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, пастаўскія “Звіняць цымбалы і гармонік”, “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, Фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску…

А ўсяго — 35 міжнародных фестываляў, 13 — міжнародных конкурсаў, 3 — міжнародныя форумы. У гэты “жанр” трапілі, дарэчы, “М.@rt.кантакт”, магілёўскі форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, Мінскі дзіцячы тэатральны форум “Крокі”. Статус міжнароднага свята займелі “Браслаўскія бліскавіцы”. Колькасць міжнародных пленэраў дасягнула чатырох. Сярод 18 рэспубліканскіх фестываляў — “Берагіня” з Акцябрскага, “Вясновы букет” з Мінска, “Аўцюкі” з Калінкавіччыны, гродзенскі Фестываль нацыянальных культур… Статыстыку працягваюць рэспубліканскія конкурсы. Іх — таксама 18. Ды плюс два рэспубліканскія форумы: “Музеі Беларусі”, “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці”. Ранг рэспубліканскага свята маюць “Купалле” ў Александрыі і Дзень беларускага пісьменства.

У выніку маем 96 міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Што да іншых, дык, як пазначана ў Пастанове, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам рэкамендуецца зацвердзіць Пералікі сваіх рэгіянальных фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, што фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў.

І апошняя спасылка на пастанову Савета Міністраў. Фінансаванне падрыхтоўкі і правядзення культурных мерапремстваў вядзецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў у межах сродкаў, прадугледжаных дзяржаўным органам на наладжванне цэнтралізаваных мерапрыемстваў, а таксама за кошт іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"