Час аднаго "хлеба" — ды не толькі...

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Чэрвень / Як зберагчы родную культуру: меркаванне купалаўца Дзмітрыя Есяневіча
Любоў да двух прадуктаў аб’ядноўвае мяне з акцёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, артыстам кіно і музыкантам гурта “ili-ili” Дзмітрыем Есяневічам. У дзяцінстве галоўная дзеючая асоба гэтага матэрыялу (нарадзіўся ён у 1981-м у вёсцы Чарнаградзь Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці) ездзіла ў горад Чэрвень разам з бабуляй, якая бывала тут па справах калгаса. Скончыўшы іх, Зінаіда Пятроўна мэтанакіравана вяла ўнука ў кафэ “Ласуха”, дзе яны ласаваліся пірожнымі “Бульба” і бярозавым сокам. Але гэта так, да слова. Калі я прапанаваў Дзмітрыю здзейсніць сумесны візіт у ягонае мінулае, ён адразу пагадзіўся. Чаму? Па-першае, у вёсцы па-ранейшаму жыве бабуля нашага героя, якую ён часта наведвае. Па-другое, прычына зноў у бабулі: у свае прыезды Дзмітрый падоўгу гутарыць з ёй пад дыктафон, запісваючы ўспаміны, штосьці здымае на камеру. У планах у Есяневіча — зрабіць пра родныя яму мясціны дакументальную стужку ў фармаце “як ёсць”, з гісторыямі — пацешнымі і сумнымі — пра людзей, пра абставіны, пра жыццё за Мінскай кальцавой. І, па-трэцяе, яму падалося цікавым апынуцца ва ўласным учора, каб зірнуць на дзень сённяшні праз прызму культуры.

/i/content/pi/cult/527/11422/10-1.jpg

Валянціна Зенчык і Дзмітрый Есяневіч.

ДК з музыкай

Чарнаградзь выглядае бязлюднай, нягледзячы на цёплы, сонечны, бязветраны дзень. Напэўна, старэйшае пакаленне, прыглядаючыся да надышоўшай вясны, займаецца сваімі справамі. Іншыя жыхары — хто працуе (тут жа, у суседніх населеных пунктах або ў Мінску, да якога — паўгадзіны язды), хто на вучобе. Вось пракульгала праз дарогу котка, да паштовага аддзялення пад’ехала машына, на тэрыторыі дзіцячага садка — выхавацелька з гуртком малеч...

— У садок я хадзіў тут, а ў школу пайшоў у Мінску (тры змяніў), куды мы пераехалі з мамай, якая ўладкавалася на працу ў сталіцы, — распавядае Дзмітрый. — Вельмі не хацеў з’язджаць. У Мінску жылі спачатку ў інтэрнаце, потым у так званай падменцы (лічы, у “камуналцы”): як кажуць, пераехалі ад нашай каровы да прусакоў. Потым бацькам прапанавалі будаваць кватэру. Натуральна, у 1990-я гэта было цяжка, а выжываць дапамагала бабуля. На ўсе вакацыі я вяртаўся да яе. Тут мелася вялікая гаспадарка: аб’ём працы — велізарны, але ўсё гэта — звычайныя вясковыя будні…

Установай жа баўлення вольнага часу служылі мясцовы Дом культуры з бібліятэкай, кіназалай і дыскатэкай. Чытаць Дзіма асабліва не любіў (з пазашкольнай праграмы прыязна згадвае толькі “Востраў скарбаў”, адсюль і першая вялікая дзіцячая мара: стаць піратам), таму ў творах для пазакласнага чытання ён абмяжоўваўся анатацыямі. Лёс “падміргнуў” Дзмітрыю ў 16-гадовым узросце, калі дзядзька падарыў гітару. Першым пачутым ад яго ж грандыёзным рыфам стаў пройгрыш з “Smoke on the water” гурта “Deep Purple”. Музыка юнака і зачапіла, аднак профільнай адукацыі ён не атрымаў, хоць мама яшчэ ў першым класе літаральна ўгаворвала яго пайсці ў музычную школу.

У Мінску Дзіма не спяшаўся стаць заўсёднікам устаноў культуры, аддаючы перавагу спартыўным гульням, а ў вёсцы, як і ўсе тамтэйшыя, чакаў прыезду кінамеханіка з шэдэўрамі індыйскага кіно. Нарэшце, для дыскатэкі падлетак прывозіў са сталіцы свежыя запісы на касетах. Між тым, актуальныя выканаўцы (“The Prodigy”, “740 Boyz”) падабаліся толькі яму і двум-тром яго таварышам, астатнія ж адрываліся пад “Вецер з мора дзьмуў” ды нятленкі “Ласкавага мая”. Ну, гэта трэнды вечныя.

— Дом культуры карыстаўся папулярнасцю здавён, — працягвае Дзмітрый, — бо ў Чарнаградзi калісьці быў калгас імя Фрунзэ — у тым ліку і культурны цэнтр для бліжэйшых вёсак. Але я сапраўды не памятаю, каб бібліятэка была поўная народу. Дыскатэка — так. Традыцыйныя абрадавыя святы, нейкія злёты з фестывалямi таксама збіралі шмат людзей. Скажам, Купалле заўсёды адзначалася масава, весела. З іншага ж, не памятаю, каб у вёсцы праводзіліся нейкія святы, уласцівыя менавіта гэтай мясцовасці. Да “фірменнага” можна аднесці тое, што мясцовыя жыхары называюць “чакурыкi”. (Праўда, ні Дзмітрый, ні яго бабуля, ні іншыя чэрвеньцы не змаглі мне патлумачыць значэнне гэтага слова. Не дапамагла і спроба “прагугліць”. Знайшоўся толькі адзін вынік: так называлася імправізаваная карчма пад час свята вёскі ў Чарнаградзі пяць гадоў таму. — А.К.)

Ля будынка ДК нас сустракае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Аксана Качановіч. Праходзім ва ўстанову. Чыста, светла. Зала для дыскатэк, глядзельная зала. Падняўшыся на сцэну, агледзеўшы яе, Дзмітрый робіць выснову: “квадратаў” для яго гурта хопіць.

— Хор бабуль тут па-ранейшаму спявае, — інфармуе Аксана Васільеўна.

— Напрыканцы 1980-х на Вялікдзень Стэфанія Станюта выступала, — далучаецца да размовы былы дырэктар ДК Валянціна Зенчык. — Раней, пры шэфах, артысты з Мінска да нас прыязджалі адно за адным…

— Сёння тут падтрымліваем культурнае жыццё, на жаль, толькі мясцовымі сіламі, — паведамляе спадарыня Качановіч. — Зараз на так званай перыферыі настаў час аднаго “хлеба”, а не “хлеба і відовішчаў”… Гэта датычыцца і артыстаў (рэдка хто з іх можа дазволіць сабе выступіць за ідэю), і работнікаў устаноў культуры. У ходзе аптымізацыі з ДК пераехала і бібліятэка. На жаль, ёсць праблема з кадрамі — з дырэктарам, мастацкім кіраўніком: за зарплаты ў крыху больш як два мільёны рублёў сюды працаваць не ідуць. Але людзей шукаем…

Мерапрыемствы ў Доме культуры праходзяць з нагоды святочных дзён, па суботах — дыскатэкі, здараюцца канцэрты з удзелам вясковых талентаў. Працуюць бясплатныя гурткі — вакальны (для людзей старэйшага ўзросту) і мяккай цацкі (дзіцячы), хоць пачатковую школу ў Чарнаградзi закрылі ў 2013 годзе. Кінасеансаў няма: нерэнтабельна. Стацыянарнай бібліятэкі таксама ўжо не існуе: кнігі прывозяць пад заказ, як правіла, раз на тыдзень.

— Можа быць, — разважае Аксана Васільеўна, — тры ДК у вёсках Валевачы, Грабёнка і Чарнаградзь, якія ўваходзяць у Валевацкi сельсавет, трэба аб’яднаць у адзін, што абслугоўваў бы ўсю гэтую зону? Але без скарачэння штатных супрацоўнікаў, якія курыравалі б свае вёскі. Тады б і фільмы ў Дом культуры прывозілі, і на артыстаў грошы знайшліся. Жыхары ж відовішчаў жадаюць!..

Аксана Качановіч з’язджае ў Чэрвень, тым часам мы з Дзмітрыем развітваемся з Валянцінай Зенчык.

— Я ўсё разумею, — уздыхае яна. — І не разумею! Куды пайсці таму ж механізатару пасля працы, у выхадны? Кіно няма, кафэ няма, сталовую выкупілі пад нейкі бізнес… Была надзея на аграгарадок з яго інфраструктурай. Дзе ж яна? — засмучана нам махае на развітанне рукой Валянціна Пятроўна...

/i/content/pi/cult/527/11422/10-2.jpg

Выстаўка твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва клубных устаноў Чэрвеньшчыны ў РЦКіВЧ.

Чэрвень з аншлагамі

— Сумна? — пытаюся Дзмітрыя на шляху ў Чэрвень.

— І так, і не. Спадзяюся, я ведаю тых людзей, якія жывуць у вёсцы. Яны, вядома, розныя. У асноўным — добрыя, спагадлівыя, працавітыя, дапамагаюць адно аднаму. Нашу вёску да ліку “п’яных” я б не аднёс бы ні ў якім разе. Культуры тамтэйшай спрыяе райвыканкам, прынамсі, па-за ўвагай яе дакладна не пакідае. Уражанне ўсё ж пазітыўнае, таму што іншыя работнікі культуры плюнулі б і з’ехалі ў Мінск — на рынак гандляваць. А яны адчуваюць сваю адказнасць перад чымсьці істотным нават на такім маленькім участку культуры. Балюча?.. Так. Бо нам, гарадскім, справы няма да сельскіх ДК! А яны існуюць, таму што патрэбны. Хай дзесяці-дваццаці людзям, але патрэбны. Лепш, напэўна, у бліжэйшай перспектыве не стане…

А вось і Чэрвень, з культурай якога ў Дзмітрыя перасячэнняў, як аказалася, няма. Ні Раённы цэнтр культуры і вольнага часу, ні кінатэатр, ні краязнаўчы музей, ні бібліятэкі не могуць пахваліцца тым, што ў іх бавіў час ці атрымліваў дадатковую творчую адукацыю іх зямляк.

— Магчыма, таму, — тлумачыць Дзмітрый, — што звязваць сваё жыццё з культурай я не планаваў. Каб ведаў, што выберу творчасць, можа, больш занурваўся б у мінулае Чарнаградзi, каб пасля тыя веды прымяніць і на практыцы. (Можа, зараз навярстаю з дапамогай бабулі.) Тое ж датычыцца і Чэрвеня. Мне тады мінімальнага культурнага баўлення часу ў вёсцы хапала з галавой: дзіцем жа быў...

І ўсё ж творчы пачатак прачнуўся ў Есяневіча ў дзяцінстве, калі ён мог стаць як мінімум “сапраўдным палкоўнікам” пасля заканчэння класа з ваенна-патрыятычным ухілам і далейшага руху ў названым кірунку. Але ў яго жыцці здарыўся раман з… кнігай “Майстар і Маргарыта”. Прачнулася любоў да літаратуры наогул. Пагартаў Дзмітрый даведнік для тых, хто паступае ў ВНУ, — і натрапіў на Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе на спецыяльнасць “Акцёр драматычнага тэатра і кіно” патрабавалася выканаць байку, верш, прозу... Праспяваў ён песню “Гэта ўсё” гурта “ДДТ”, нешта станцаваў, нешта паказаў. Паступіў. Па заканчэнні вучобы выпускніка гатовы былі прыняць у трупы Горкаўскага тэатра, Маладзёжнага, ТЮГа, але, па парадзе кіраўніка курса Лідзіі Манаковай, Дзмітрый пайшоў у Купалаўскі, аб чым не шкадуе. Першай жа “роляй” у кіно стала падмена ў эпізодзе серыяла (патрэбна была толькі спіна артыста). Цяпер жа ён здымаецца ў серыяле з рабочай назвай “З каханымі не растаюцца”, грае ў гурце “ili-ili”, якi ўзнік яшчэ да калектыву “Дзецідзяцей”, дзе Дзмітрый і атрымаў вядомасць у меламанаў.

Ну а калі Есяневіч ва ўстановах культуры Чэрвеня не бываў, дык вырашаем проста здзейсніць невялікую экскурсію ў некаторыя з іх. Пачынаем з Дзіцячай школы мастацтваў, якая размешчана ў двух будынках. Музычнае, эстраднае, харэаграфічнае, мастацкае і тэатральнае аддзяленні наведваюць 350 чалавек: і маленькія дзеткі, што ходзяць у дзіцячы сад, і старшакласнікі. У сярэднім кошт навучання складае 100 тысяч рублёў за месяц. У многіх шкаляроў ёсць зусім не лакальныя поспехі, а перамогі ў конкурсах і на рэспубліканскім узроўні, і на міжнародным. Асабліва тут ганарацца народнай музычнай капэлай “Iгуменскiя крынiцы”.

У глядзельнай зале Дзмітрый сядае за піяніна і пачынае нешта найграваць (“Добры інструмент, гучыць!” — заўважае ён), а вось вялізную балалайку з чахла выняць не рызыкуем.

— Маёй дачцэ Варвары чатыры з паловай гады, — кажа Дзмітрый. — У Мінску яна тры разы на тыдзень займаецца ў дзіцячым ансамблі народнага танца “Беларусачка”, а жонка, дарэчы, скончыла з чырвоным дыпломам музычную школу па класе фартэпіяна.

Ля Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу вісіць афіша канцэрта Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча: на яго можна трапіць за 100 — 120 тысяч рублёў.

— З пункта гледжання гледача, на такое выступленне схадзіць трэба, артысты ж вартыя, — кажа Дзмітрый. — А ў нашых дамах культуры мне часам даводзілася працаваць. Іх адміністрацыя спрабуе пазбавіцца савецкага налёту, укараняе нейкія сучасныя тэхналогіі, імкнецца па-новаму арганізаваць дзейнасць гурткоў. Але амаль усе гэтыя будынкі былі ўзведзены за савецкім часам, таму, напэўна, і архітэктура да гэтага часу ўплывае, і паветра ўсё тое ж, з майго дзяцінства. Думаю, шмат у чым там працягваюць дзейнічаць ранейшыя метады кіравання, агульнага падыходу. Калі я заходжу ў ДК, дык “карму” гэтую адчуваю: з аднаго боку — XXI стагоддзе, а з іншага... Ужо тое добра, што нічога не разбурана, і можна (прынамсі, людзям майго веку) вярнуцца ў дзяцінства…

На сённяшні дзень у РЦКiВЧ, па словах яго добразычлівых супрацоўнікаў, на бясплатнай аснове функцыянуюць шматлікія калектывы, многія з якіх у час знакавых гарадскіх мерапрыемстваў для выступленняў кааперуюцца з калегамі са Школы мастацтваў. На недахоп спецыялістаў у Цэнтры не скардзяцца: усе стаўкі заняты (хоць з жыллём для прыезджых пэўныя складанасці ёсць). Мабыць, у тым заслуга адміністрацыі ўстановы, якая здолела пераканаць моладзь пайсці на працу менавіта сюды.

А сталічныя зоркі наведваюць Чэрвень з канцэртамі не менш як раз на месяц. З апошніх гастралёраў — Каліна, Герман, Гюнэш: усе яны сабралі аншлагі і на апаратуру ніхто не скардзіўся. Зарабляе Цэнтр, само сабой, яшчэ і здачай сваёй плошчы пад правядзенне камерцыйных выставак. Дыскатэкі грошай не прыносяць, таму што іх не праводзяць. Праблема па ўсёй краіне адна і тая ж: такія танцавальныя вечары павінны заканчвацца ў 22 гадзіны, таму ў падлеткаў яны попытам не карыстаюцца.

Культура з "ахоўнікам"

Напрыканцы заязджаем да Зінаіды Пятроўны Зыль — бабулі Дзмітрыя. І вось ужо машына імчыць нас у Мінск. Думаем кожны пра сваё, “пераварваем” уражанні. Дзмітрый Есяневіч парушае маўчанне:

— Дзякуй, што прапанавалі зірнуць на родныя мясціны з нечаканага для мяне ракурсу. У цэлым, адчуванні засталіся светлымі, але (не хачу выглядаць буркуном) з моладзі неміласэрна вымываецца ўсё тое, што можа яе звязваць з роднай культурай. Якія крокі дзяржава ні прадпрымала б, каб не даць забыць яе, каб жыць з ёй, якія крокі ні прадпрымалі б самі маладыя людзі ў сваіх самаадукацыі, самаспазнанні, але тэлебачанне, Інтэрнэт выцясняюць з мазгоў усё, што мае дачыненне да самаідэнтыфікацыі чалавека, да яго нацыянальнай прыналежнасці. Як ні дзіўна прагучыць мая наступная думка, але я перакананы: вёска больш няўстойлівая перад такой атакай, чым горад. Вёска, з яе каранямі і традыцыямі, літаральна выжывае (не хачу сказаць, што дажывае) у культурных адносінах. Людзі з яе з’язджаюць, а каму там клапаціцца пра культуру, берагчы яе, не кажучы аб прымнажэнні? Парадокс у тым, што культуру “вывозяць” з вёскі ў горад, а горад потым як бы вяртае культуру... назад. Але куды? У спусцелыя вёскі? Дый у горадзе не нашмат лепш. Самае страшнае, калі ў людзях ёсць такое: “А мне да ліхтара!”. І “далiхтарызму” сёння вельмі шмат у грамадстве. Тым не менш, наш тэатр, наш гурт (апошні яго альбом — цалкам беларускамоўны) у меру сваіх сіл робяць усё, каб наша самасць не растварылася ў абыякавасці, у татальнай глабалізацыі. Я за мультыкультуралізм, але, пры ўсёй яго, быццам бы, добрай палітыцы, ёсць засцярога, што асобна ўзятая культура, напрыклад, наша, шматвяковая, можа быць заціснута культурамі ўвогуле нам неўласцівымі. У гэтым сэнсе я стараюся захаваць, як кажуць беларусы, “сваё асяроддзе”, якое складаецца з родных і блізкіх, а ў ім прагну развівацца сам і аказваць уплыў на іншых. Брату раю чытаць тую або іншую кнігу на беларускай мове, пра Беларусь, дома з дачкой размаўляю па-беларуску. Калі кожны з нас будзе такім жа “ахоўнікам”, то мы і краіну сваю захаваем, і культуру. Рабі на сваім месцы тое, што можаш, хай нават мінімальна. Вялікае з малога і складаецца...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"