На што грошай не шкада?

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Чарговая сацыяльная акцыя ці рэальны спосаб атрымаць дадатковыя фінансы?
Уважлівы чытач “К” добра памятае, што Talaka.by — онлайн-платформа сацыяльных праектаў. Мы пісалі ў свой час пра тое, як супрацоўнікі гэтага вэб-праекта абвясцілі акцыю па забеспячэнні камп’ютарамі тых устаноў культуры, якія мелі ў іх неадкладную патрэбу. Мінскія IT-фірмы гэтую патрэбу забяспечылі. Нездарма слоган згаданага рэсурсу — “Кропка збору неабыякавых людзей”…

/i/content/pi/cult/527/11420/13-1.jpg

 

Гэтым разам кіраўнік платформы Talaka.by Яўген Клішэвіч прапанаваў “К” наўпрост пасадзейнічаць у правядзенні чарговай сацыяльнай акцыі. Вось яе сутнасць. На спецыяльна распрацаваным сайце збіраюцца распачаць збор народных грошай пад рэалізацыю сацыяльных і, у прыватнасці, культурных праектаў. “Мы пакуль не ведаем, што гэта будуць за праекты, але канчатковы вынік павінен зацікавіць ці не кожнага насельніка Беларусі”, — патлумачыў спадар Яўген. Дык што за праект маецца на ўвазе? Вось гэта “К” і патрабавалася высветліць. Інакш кажучы, “сеў на тэлефон” і звязаўся з кіраўніцтвам абласцей. Усім было зададзена адно пытанне: “Які сацыяльна значны праект прапануеце для таго, каб узяцца за збор грошай ад неабыякавых і актыўных людзей пад яго рэалізацыю?”.

Фрэскі — для ўсіх

Перш чым пераказаць прапановы абласцей, зазначу толькі, што літаральна ўсе апытаныя палічылі: лішніх грошай не бывае і заўжды знойдзецца агульнакарысная, сацыяльна значная справа, на якую іх можна з поспехам выкарыстаць... Дык вось, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў доўга не вагаўся, бо перакананы, што надзвычай важным аб’ектам і для вобласці, і для краіны з’яўляецца Спаса-Праабражэнскі храм Полацка, вядомы ўсім па ўнікальных фрэсках. Яго, па меркаванні кіраўніка, і варта даводзіць да ладу ўсім светам.

З партызанскага жыцця…

А вось меркаванне начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца. “Я прапанаваў бы ўкласці грошы ў добраўпарадкаванне Мемарыяльнага комплексу партызанскай славы “Усакіна”, што ў Клічаўскім раёне, —кажа ён. — Побач з аднайменнай вёскай, у лесе, дзейнічае і рэканструяваная партызанская база, якая таксама будзе аднаўляцца ды пашырацца. Напэўна, кожнаму вядома, што ў гэтых мясцінах пад час Вялікай Айчыннай вайны партызаны не давалі спакою фашыстам, нават савецкую ўладу ўстанавілі пасярод акупаванай тэрыторыі”. Па словах Анатоля Анатольевіча, у партызанскім лагеры пад Усакіна будзе жыць моладзь, каб адчуць, у якіх умовах даводзілася змагацца народным мсціўцам. А вясковая бабуля, якая памятае тыя часіны, стане вучыць юнакоў і дзяўчат пекчы партызанскі хлеб. Знойдзецца час не толькі для аднаўленчай працы, але і для заняткаў спортам… Згодны, такі інтэрактыў дапаможа пазбегнуць фармалізму ў стаўленні да Памяці. Інакш кажучы, у гэты аб’ект можна не толькі грошы ўкласці, але і цяпло ўласнай 
душы.

Сімвалы нязломнасці

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Руслан Трухан прапанаваў выкарыстаць грошы для добраўпарадкавання Кургана Славы і Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Натуральна, гэта знакавыя для ўсіх беларусаў аб’екты. І не толькі таму, што праз месяц мы будзем святкаваць 70-годдзе Вялікай Перамогі. І Курган Славы, і Хатынь — святыя мясціны, якія сімвалізуюць нязломнасць нацыі, яе смутак па беззваротна загінулых. Па словах Руслана Трухана, на Кургане Славы ўжо распачаты аднаўленчыя работы: ідзе рэканструкцыя мазаікі, штыкоў, упарадкоўваецца прылеглая тэрыторыя. Адпаведнага догляду патрабуе і хатынскі мемарыял.

Замак, Каложа ці Калегіум?

Не менш важнымі аб’ектамі палічыў замак у Навагрудку і Каложскую царкву ў Гродне намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Грошы на захаванне Навагрудскага замка паступаюць на спецыяльны рахунак не першы год. “Але ад дадатковай дапамогі, — зазначае Аляксандр Людвігавіч, — мы, натуральна, не адмовімся”.

А я, са свайго боку, дадам, што не меншай увагі сёння патрабуе і знакамітая на ўвесь беларускі край Каложа. Рукі рэстаўратараў да яе яшчэ не дайшлі: пакуль няма праектна-каштарыснай дакументацыі на гэтыя работы. Вельмі шкада, бо Гродна — ці не самы турыстычны абласны цэнтр у краіне. Таму і патрэбна яму ўсебаковая народная падтрымка.

Вольга Антоненка, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, прапанавала фінансаваць аднаўленне Калегіума езуітаў XVIII стагоддзя, што знаходзіцца ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна, — таксама адзін з брэндавых гістарычных аб’ектаў рэспублікі.

Што, можа быць, адбудзецца далей…

Не атрымалася, на вялікі жаль, звязацца з усімі абласцямі. Шкада, але пра магчымасці большасці онлайн-сэрвісаў ведаюць далёка не ўсе… А тыя прапановы, што ўсё ж прагучалі, я перадаў Яўгену Клішэвічу. Далей ужо сама вэб-платформа стане кантактаваць з ініцыятарамі праектаў. Я ж папрасіў патлумачыць тэхналогію далейшай дзейнасці рэсурсаў па зборы народных грошай. Спадар Яўген патлумачыў, што пасля выбару канкрэтнага праекта ствараецца стратэгія па зборы сродкаў. Але грошы самі па сабе, безумоўна, не пацякуць. Людзі павінны зразумець сацыяльную важнасць праекта. І тут без асветніцка-рэкламных захадаў не абысціся. Наступны крок — папулярызацыя кампаніі па зборы грошай. Яго варта матываваць. Чым? Прыемнымі падарункамі, важкасць якіх залежыць ад памераў матэрыяльных укладанняў. Гіпатэтычны прыклад: калі я падтрымаў двумастамі тысячамі рублёў кансервацыю Навагрудскага замка, дык у адказ атрымліваю сувенірную маленькую копію пашанотных замкавых рэшткаў. Да ўсяго, як запэўнівае кіраўнік рэсурсу, падтрымку можна будзе пераводзіць праз банкаўскія карткі.

20 мільёнаў за адзін дзень

Які аб’ект зойме лідзіруючую пазіцыю ў рэйтынгу? “Мы гатовы падтрымаць любы праект, — кажа Яўген Клішэвіч. — Але многае залежыць і ад людзей на месцах, ад таго, на што здольныя яны. Так што выбіраць будзем самы перспектыўны ва ўсіх адносінах. Трэба стварыць прэцэдэнт актыўнасці аддзела культуры. Тады справа зрушыцца і ў іншых аддзелах. У перспектыве можна падтрымаць усе пяць праектаў адначасова, але неабходна зразумець, што важная роля ў рэкламе ініцыятывы і канкрэтнага аб’екта адведзена мясцовым работнікам культуры. У такім выпадку і мы гатовы ўсебакова ім спрыяць”.

“К”, са свайго боку, збіраецца асвятляць акцыю, што распачнецца пасля вызначэння самага перспектыўнага праекта.

Напрыканцы нашай гаворкі Яўген Клішэвіч паведаміў, што за ўчарашні дзень платформа сабрала 20 мільёнаў рублёў на тыя праекты, якія цяпер знаходзяцца “ў рабоце”. Сярод іх — пераклад дзіцячага мультфільма на беларускую мову, арганізацыя маладзёжнага тэатральнага фэсту, стварэнне сістэмы бясплатнага пракату ровараў…

 

Анонс у працяг тэмы

/i/content/pi/cult/527/11420/13-2.jpg

Гродзеншчына прапанавала збор народных сродкаў для працягу работ на Навагрудскім замку. Тым часам у Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вядзецца распрацоўка 3D-мадэляў гістарычных помнікаў з так званага Залатога кола беларускіх замкаў, у тым ліку — Навагрудскага. Падрабязна пра гэта — у наступных нумарах "К.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"