З днём народзінаў, “ Равеснік” !

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

“Урэшце, з новым, 51-ым годам!” І такое, крыху нават экзатычнае віншаванне можна было пачуць у гэты вечар напрыканцы лютага ў тэатральнай зале Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў, дзе праходзіла святочная імпрэза з нагоды 50-годдзя Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца “Равеснік”.

 /i/content/pi/cult/152/1142/Ravesnik.jpg
Безумоўна, юбілей у паўстагоддзе такога калектыву — падзея знакавая, асабліва для Мінска, бо хто толькі за гады яго існавання не танчыў у “Равесніку”! Да ансамбля заўсёды вельмі ўважліва ставілася кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў, што, у сваю чаргу, дало магчымасць стварыць вялікі па колькасці ўдзельнікаў таленавіты калектыў, запрашаць для пастановак танцаў вядомых харэографаў, актыўна весці гастрольна-канцэртную дзейнасць, удзельнічаць у шматлікіх конкурсах і фестывалях, у тым ліку за мяжой.

Пэўна, ансамбль такога кшталту ўжо па вызначэнні павінен быць адным з лепшых у краіне. “Равесніку” ў ліку першых было нададзена ганаровае найменне “ўзорны”, першым сярод дзіцячых калектываў ён атрымаў і званне “Заслужаны аматарскі калектыў”. Ансамбль быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, мае шэраг іншых прэстыжных узнагарод, сярод якіх — дыпломы лаўрэата Міжнароднага дзіцячага фестывалю “Карагод сяброўства” (Масква, 2005 год) і ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь — мая песня”. У 2005 годзе “Равесніку” была прысуджана Спецыяльная прэмія Прэзідэнта краіны дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Выхаванне творчай моладзі”

Сёння ў “Равесніку”, якім цягам апошніх гадоў кіруе Таццяна Семчанка, займаецца больш за 500 удзельнікаў ва ўзросце ад 4 да 20 гадоў. З імі працуе 10 дарослых. У сярэднім у “Равесніку” ствараецца 6 харэаграфічных пастановак штогод.

Свой юбілейны канцэрт ансамбль распачаў нумарам, прысвечаным яго першаму мастацкаму кіраўніку, народнай артыстцы Беларусі Марыне Бяльзацкай. Прагучала і прапанова надаць “Равесніку” імя М.Бяльзацкай. Увогуле ж гледачам была прапанавана досыць разнастайная канцэртная праграма, у якую ўвайшлі нумары паводле беларускіх народных танцаў, на тэмы рускіх танцаў, вялікі фрагмент з сюіты “Танцы народаў свету”, харэаграфічныя эстрадныя мініяцюры. Выступілі і сябры “Равесніка” — юныя выхаванцы Святланы Стацэнка з дзіцячай студыі Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна.

Завяршылася імпрэза і сапраўды амаль што навагоднім феерверкам у фінале святочнага канцэрта.

 Наталля РУСАК
На здымку: у фінале канцэрта.
Фота аўтара