Дзе схаваны пірацкі скарб?

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Далучэнне дзіцяці да чытання неймаверна ўскладнілася. Тэлевізар і камп’ютар сталі больш прывабнымі і даступнымі, бо не патрабуюць такой актыўнай працы розуму і душы як чытанне. Таму наша бібліятэка спрабуе знайсці бліжэйшы шлях да сэрца дзіцяці, выкарыстоўваючы пры гэтым і школьныя, і клубныя формы работы.

Паставілі мэту: зрабіць абслугоўванне чытачоў не толькі карысным і камфортным, але цікавым ды забаўляльным. Для гэтага арганізавалі гульнёвую прастору, якая насычана лялькамі, машынкамі, канструктарамі, мазаікай, мяккімі пазламі… Для інтэлектуальнага развіцця ёсць складная цацачная хатка, настольны футбол, дартс, дзіцячы развіваючы “Супер-камп’ютар”, 3D-электронныя гульні… Прапанавалі і вялікі выбар кніг, мультфільмаў і кінафільмаў. Гульнёвы пакой мы вырашылі назваць “Зялёны востраў”.

Наведвальнікамі гульнёвага пакою сталі не толькі бацькі з дзецьмі, але і групы дзіцячых садкоў. Хлопчыкі і дзяўчынкі такім чынам знаёмяцца з бібліятэкай, становяцца гледачамі лялечных прадстаўленняў і з задавальненнем праводзяць час на “Зялёным востраве”. Частымі гасцямі “Зялёнага вострава” сталі дзеці-інваліды, а таксама дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Яны з задавальненнем адпачываюць на “Зялёным востраве”, адпраўляюцца ў незвычайныя падарожжы.

Вядома, што адным з самых любімых дзіцячых святаў з’яўляецца Дзень нараджэння. Яго дзеці чакаюць з нецярплівасцю, прадчуваючы, што адбудзецца нешта незвычайнае. Работнікі дзіцячай бібліятэкі вырашылі апраўдаць спадзяванні чытачоў. Так, на “Зялёным востраве” з’явілася “Краіна Віншавалія”.

Натуральна, да мерапрыемстваў трэба рыхтаваць сцэнарый, рабіць запрашальныя паштоўкі, упрыгожваць гульнёвы пакой, падбіраць тэматычныя аксесуары для імянінніка і яго гасцей. Бібліятэкары з задавальненнем ствараюць святы для імяніннікаў, гуляюць разам з імі. На чароўным цягніку дзеці адпраўляюцца ў “Краіну Віншавалію”, дзе іх чакаюць гульні з пераўвасабленнямі, танцавальныя хвілінкі, сустрэчы з лялечным тэатрам… Удалым дадаткам стаў дзіцячы батут.

Паступова прыйшла ідэя касцюміраваных святаў, пераўвасаблення ў літаратурных герояў. Так з’явіліся Клоўн і Пірат. Цяпер пад час святкавання дзён нараджэння (а ўсяго іх праведзена 36) дзеці разам з Піратам адпраўляюцца на пошукі пірацкай карты, якая дапамагае знайсці скарбы, схаваныя ад цікаўных вачэй. Маленькія вандроўнікі пераадольваюць перашкоды і знаходзяць запаветны куфар са скарбамі. А вясёлы Клоўн дапамагае прайсці ім усе выпрабаванні. Сёння калектыў ужо не ўяўляе бібліятэку без гульнёвага пакоя “Зялёны востраў”. Яго наведала больш за тысячу дзяцей.

Надзея НАВАГРОДСКАЯ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі