З’яднаць плюс і мінус

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Кантактнасць “М.@rt.кантакту”
Роўна тыдзень таму ў Магілёве завяршыўся Х Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”: 7 дзён, тры сцэнічныя пляцоўкі, 19 спектакляў самых розных жанраў і кірункаў (20-ы — дадатковы, па-за праграмай), 10 краін-удзельніц, больш як мільярд укладзеных беларускіх рублёў (палову форум зарабляе сам, пры кошце квіткоў ад 50 да 300 тысяч). Маладзёжнае журы падвяло вынікі (нагадаем, ад прафесійнага “дарослага” сёлета прынцыпова адмовіліся — у гонар юбілею форуму). Госці і ўдзельнікі раз’ехаліся. Уражанні — засталіся. Вельмі добрыя і розныя. Найперш, мастацкія, а менавіта гэта і ёсць галоўны паказальнік добрай арганізацыі фестывалю, якая ўвогуле заслугоўвае толькі найвышэйшых ухвал. Ды ўсё ж ад панегірыкаў пяройдзем да больш стрыманых аналітычных роздумаў, пакліканых звярнуць увагу не толькі на агульнапрызнаныя здабыткі, але і на болевыя кропкі айчыннага фестывальнага руху і нацыянальнага тэатральнага мастацтва, а таксама на некаторыя замежныя тэндэнцыі.

/i/content/pi/cult/527/11417/9-1.jpg

 

 

Сцэна са спектакля "Дзынь". / Фота Яўгеніі Алефірэнка

Маладзёжнасць

гэтага форуму (а дакладней, ступень яе наяўнасці) не раз станавілася падставай для дыскусій. Сёлета арганізатарам зноў не давалі спакою, вымушаючы іх даводзіць, што фестываль утрымлівае менавіта маладзёжныя спектаклі. Апошніх, прызнацца, было на форуме багата. Асабліва прыемна, што некаторыя вельмі добрыя, цалкам прафесійныя працы аказваліся дыпломнымі — і сярод іх высока ацэнены крытыкамі спектакль “По имени Господин” Цэнтра экперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у пастаноўцы былой пяцікурсніцы-завочніцы Наталлі Ляванавай.

Але, як высветлілася, моладзь у зале чамусьці лепш успрымае не эксперыменты, звернутыя непасрэдна да яе з разлікам на адэкватнае ўспрыняцце, а спектаклі… больш традыцыйныя. Меркаваць аб гэтым можна было і па тых матэрыялах, што выходзілі ў штодзённым фестывальным весніку (“М.@rt.кантакт” даўно славіцца традыцыяй унутрытэатральнага выдання, прычым папяровага), і па выказваннях “з залы” ў час абмеркаванняў.

З аднаго боку, можна толькі радавацца, што моладзь не страчвае жадання і не баіцца выказваць уласныя думкі, якія могуць пярэчыць ацэнкам запрошаных на форум крытыкаў (дарэчы, не толькі з Беларусі, але і з Германіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны). З другога ж… ну чаму тая маладзёжная “альтэрнатыўнасць” на паверку аказваецца банальным спрошчваннем?

Задумаўшыся пра гэта, разумееш, што моладзь насамрэч не вінаватая. Яна ўсяго толькі дакладна адлюстроўвае новую сітуацыю, што склалася ў грамадстве. На змену духу пераасэнсавання, які культываваўся ў 1990-я, прыйшло пакаленне, якому хочацца не разбурэння стэрэатыпаў, а ўтульнасці. У тым ліку, у тэатры. І ў спектаклях шукаюцца максімальна простыя “чорна-белыя” адказы на жыццёвыя пытанні, накшталт: каханне і побыт, рэўнасць і здрада. Таму звычайная ілюстрацыйнасць, пададзеная наўпрост, што называецца, “у лоб”, прымаецца за цікавую знаходку, арыгінальную метафару. А ўласна метафары, шматлікія менавіта мастацкія спасылкі і паралелі — за непатрэбныя рэжысёрскія “выкрунтасы”, якія не выклікаюць нічога, акрамя расчаравання: маўляў, штосьці такое мы ўжо бачылі, нас не здзівіць. Можа, справа яшчэ ў тым, што цяперашняе пакаленне паступова развучваецца здзіўляцца? І да мастацтва ставіцца з той жа прагматычнасцю, чакаючы ад яго “практычных падказак”, а не зададзеных пытанняў, якія часта не маюць адназначных адказаў.

Дык што, няўжо “М.@rt.кантакт” так і не выхаваў за гады свайго існавання тэатральна дасведчанага гледача? Выхаваў. Але прыходзяць новыя пакаленні старшакласнікаў — і ўсё трэба пачынаць спачатку.

Радуе тое, што пры ацэнцы спектакля “Аднойчы мы ўсе будзем шчаслівыя!” маскоўскага Цэнтра імя Усевалада Меерхольда думкі пра Гран-пры ў крытыкаў і маладзёжнага журы супалі. Малады рэжысёр Вячаслаў Чабатар, пачаўшы працаваць над гэтай тыпова “чарнушнай” п’есай Кацярыны Васільевай з артысткамі Аляксандрай Кузенкінай і Настассяй Пронінай яшчэ ў часы іх студэнцтва, стварыў сапраўдны маленькі шэдэўр, што захапляе дасканалай мастацкасцю. Маналог гераіні ператварыўся ў разнастайнае, надзвычай шматкаляровае поліфанічнае выкладанне тэксту з дасканалай тэмбравай, тэмпарытмавай драматургіяй. Пластыка складае літаральна тры крокі наперад за ўвесь спектакль, але ахоплівае ўсе адценні пачуццяў, перададзеныя найперш праз погляды. Дзяўчаты не захоўваюць свае пачатковыя іміджы “наіўнай прастушкі” і “спрактыкаванай сцервы”, а мяняюцца ролямі, выяўляючы патаемныя і нечаканыя рысы падлеткавай душы. Дый усе іншыя персанажы, узгаданыя ў споведзі гераіні, паўстаюць са станоўчага і адмоўнага бакоў. Так што спектакль літаральна правакуе дыскусійны працяг, патрабуе яго — паміж бацькамі і дзецьмі, унутры сябе самога.

І пры ўсім тым — незатратны: усе строі — дзве спадніцы-алоўкі ды дзве блузкі, уся сцэнаграфія — белая прамавугольная пліта, на якой і разгортваецца дзеянне. У такім спалучэнні знешняй сціпласці і ўнутранай глыбіні і заключана сапраўдная

/i/content/pi/cult/527/11417/9-2.jpg

Сцэна са спектакля "Завядзёнка". / Фота Ксеніі Дольскай

еўрапейскасць,

якую не трэба разумець як геаграфічнае вызначэнне. Гэтае слова стала ў нас своеасаблівым сімвалам (а часам і ледзь не сінонімам) стыльнасці, мастацкасці. Пры тым, што ў замежжы таксама хапае танных падробак, мы ўсё ж трывала арыентуемся на лепшыя здабыткі. Якія ж з іх мы ўбачылі на “М.@rt.кантакце”, акрамя згаданага расійскага спектакля, адзначанага вышэйшай узнагародай маладзёжнага журы?

“Шэкспір” Драмтэатра імя Аляксандра Венгеркі з Беластока аказаўся бадай самым “драйвовым”. Але яго постмадэрнісцкая іронія суседнічала з сур’ёзнай праблематыкай. А маладая рэжысёр Агата Бізюк цягам усіх фестывальных дзён праводзіла творчую майстэрню, у час якой артысты Магілёўскага абласнога драмтэатра рыхтавалі эскіз да спектаклю “Не здзіўляйся, калі прыдуць падпальваць твой дом”.

“Дзынь” Ераванскага дзяржаўнага тэатра лялек імя Туманяна, у аснову якога было пакладзена ўсяго толькі чытанне верша, стаўся цудоўным спалучэннем таленту, прыгажосці і філасофскай глыбіні. Увогуле, кожны паказаны на форуме спектакль утрымліваў штосьці цікавае, чаму можна павучыцца. Але ж асабліва прыемна, што часткай еўрапейскасці стала на сёлетнім “М.@rt.кантакце”

/i/content/pi/cult/527/11417/9-3.jpg

 

Сцэна са спектакля "Гульцы". / Фота Ксеніі Дольскай

беларускасць,

уключаная ў фестывальны кантэкст на роўных з прызнанымі калектывамі і рэжысёрскімі працамі. Найперш гэта “Жаніцьба” Мікалая Гогаля ў пастаноўцы гаспадароў форуму — Магілёўскага абласнога драмтэатра і яго галоўнага рэжысёра Саўлюса Варнаса (падрабязная рэцэнзія на спектакль — у адным з бліжэйшых нумароў “К”). Не менш прыемна, што і ўсе астатнія беларускія пастаноўкі атрымалі свае порцыі ўхваленняў з боку замежных крытыкаў. Нагадаем, гэта былі “Палкоўнік-птушка” Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, які стаўся “першым выхадам” гэтага калектыву на маладзёжны форум-“цёзку”, згаданы вышэй “…Господин” і пластычная “Завядзёнка” — беларуска-нямецкі сумесны праект у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай. Праўда, асабіста я чакала ад апошняга спектакля, які не бачыла ў Мінску, большай вынаходлівасці, выхаду з трывіяльнай тэмы “як лодка кахання разбілася аб побыт” у нейкую філасофскую прастору.

Дададзім да “беларускасці” і шыкоўную сцэнаграфію “былога нашага” Зіновія Марголіна, якая стала адной з галоўных дзеючых асоб у “Падступстве і каханні” тэатра “Прытулак камедыянта” з Санкт-Пецярбурга. Двухвымерная прастора аказалася разгорнутай... углыб, падзеленая празрыстай пластыкавай перагародкай, бо дзеянне п’есы Фрыдрыха Шылера было перанесена ў сучасную гуказапісвальную студыю, дзе і “варожыць” бацька Луізы.

Што ж да ўласна беларускай драматургіі, дык на “М.@rt.кантакце” яе прэзентацыя ладзілася замежжам. Андрэй Масквін, які ўжо даўно жыве і працуе ў Польшчы, выдаў там чарговыя два тамы п’ес беларускіх аўтараў у перакладзе на польскую. Чарговыя — бо першы том ён выпусціў яшчэ ў 2011-м.

Другі том выйшаў пад назвай “У пастцы”, бо ў ім апынуліся п’есы, у кожнай з якіх чалавек трапляе ў сітуацыю жыццёва важнага выбару, калі няверны крок можа каштаваць нават жыцця: “Ліфт” Юліі Чарняўскай, “Дажыць да прэм’еры” і “Вялікае перасяленне ўродаў” Мікалая Рудкоўскага, “Гэта ўсё яна” Андрэя Іванова, “Дадому!” Алены Паповай. Прыемна, што амаль усе гэтыя творы атрымалі сцэнічнае ўвасабленне (а часам і не адно) у нашых тэатрах. У трэці том, названы “Раззлаваныя маладыя людзі”, увайшлі, наадварот, творы не самых пакуль вядомых аўтараў: Канстанціна Сцешыка, Паўла Расолькі, Мікіты Валадзько, Юліі Шаўчук, Максіма Дасько, Рымы Ушакевіч, Аляксея Нарановіча, Вікторыі Баран. Нягледзячы на невялікі тыраж, кнігі паступаюць не толькі ў бібліятэкі, але і ў спецыялізаваныя крамы. Імі ўжо зацікавіліся польскія тэатры, дзе перыядычна праводзяцца чыткі. Так што ў Польшчы, падобна на тое, сучасную беларускую драматургію хутка будуць ведаць лепей, чым у нас. Тым больш, што Андрэй Масквін пачаў збіраць матэрыялы ўжо для чацвёртага тома.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"