Ля-ля-фэ?..

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Дыскутуем пра цяперашнія беларускія песенныя тэксты. Частка ІІ
Вам рэжуць слых тэксты асобных песень некаторых нашых артыстаў? І нам таксама. З “асобнымі” нават пагарачыліся: у наш час трэба здолець пачуць такую кампазіцыю, словы якой не выклічуць у вас жадання знайсці нумар тэлефона выканаўцы і выказаць яму ўсё, што думаеце пра яго творчасць — у негатыўным ключы. Гэта датычыцца і рускамоўных твораў, і, на яшчэ большы жаль, беларускамоўных. Таму гаворка ў дадзеным матэрыяле пойдзе пра апошнюю катэгорыю. “К” звярнулася да вядомых кампазітараў і музыкантаў — аўтараў музыкі розных жанраў з просьбай даць ацэнку айчыннаму песеннаму мастацтву ў яго тэкставай частцы ды распавесці пра тое, якому вершаванаму матэрыялу яны аддаюць перавагу. Працягваем гаворку!

/i/content/pi/cult/527/11412/7-1.jpg

 

Працаваць у тандэме

Леанід ЗАХЛЕЎНЫ,  народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Бяседа” Белтэлерадыёкампаніі:

— Ацэньваць стан сучасных песенных тэкстаў не вазьмуся. Скажу толькі, што знікла шырыня тэматыкі, пры ўсёй, здавалася б, размаітасці апошняй. Бо з’яўляюцца хіба знешнія прыкметы сучаснасці, звязаныя з побытам — з тым жа Інтэрнэтам, да прыкладу. Але ўсё гэта, за рэдкім выключэннем, — так званая кухонная музыка. Тэму кахання зашмальцавалі — арыгінальныя павароты ці хаця б кранальныя дэталі тут з’яўляюцца рэдка. Грамадзянская тэма амаль сышла — пад ёй сталі разумець хіба ўслаўляльныя, гімнічныя кампазіцыі, але, на жаль, з даволі трафарэтным наборам “дзяжурных” эпітэтаў. Так што на эстрадзе пануе пераважна забаўляльнасць.

Атрымліваецца нейкае замкнёнае кола. Бо чалавек падсвядома выхоўваецца на тым, што чуе — асабліва ў дзяцінстве і юнацтве, — на ўсёй той фанасферы, якая віруе вакол яго. Разумеючы гэта, я з часоў навучання наўмысна “падсілкоўваўся” беларускім фальклорам. Хачу, бывае, і вырвацца ўжо з ягонага палону, а не адпускае… А што слухае наша моладзь? У лепшым выпадку, замежную эстраду, не звяртаючы ўвагі на словы, часцяком не разумеючы іх. І прывучаецца ўвогуле не шукаць глыбокага сэнсу, адштурхоўваючыся адно ад рытму. Як ні дзіўна, але так адбываецца нават у рэпе, які часта ўспрымаюць найперш праз кідкую рыфму, а зусім не праз сэнсавае напаўненне.

Тое, што сёння кожны імкнецца быць “сам сабе сачыніцелем”, ёсць наступства агульнага размыцця межаў паміж прафесіяналізмам і аматарствам, падзення прэстыжу першага. Многім здаецца, што стварыць ды праспяваць песню вельмі проста. А галоўнае — заўтра прачнешся знакамітым! Ды няпраўда ўсё гэта! Любую справу трэба рабіць прафесійна. І песню як спалучэнне музыкі, тэксту ды іх выканання — таксама. А ці шмат ёсць людзей, адораных адразу ў некалькіх сферах? Такіх жа, каб усё сышлося разам, — насамрэч адзінкі. А тая ж аўтарская песня — зусім іншы жанр. Там на першым месцы — менавіта словы, а музыка хіба спрыяе іх мелодыка-рытмічнаму інтанаванню.

Добры песенны тэкст напісаць бывае нават больш складана, чым буйную паэму. Бо ўсё трэба ўкласці ў некалькі радкоў, але “спрэсаваны” такім чынам матэрыял павінен успрымацца лёгка, з першага разу — і на слых, а не пры шматлікіх “перачытваннях”. Цалкам дасканалых тэкстаў, здаецца, не бывае. У тым жа фальклоры звычайна надта шмат куплетаў — да бясконцасці. Таму пры звароце да народных тэкстаў, з чым мне даводзілася мець справу неаднойчы, іх трэба скарачаць. Але так, каб не згубіць сэнс. Дарэчы, ведаеце, колькі куплетаў у знакамітай “Купалінцы”? Усяго два. Трэці — паўтор першага. Можна толькі здзіўляцца майстэрству Міхася Чарота, які, абапіраючыся на фальклорны выток, змог так сцісла ўсё выкласці.

Мая парада — працаваць з прафесійнымі паэтамі. Да ўсяго, яны хутчэй пагаджаюцца на тыя або іншыя папраўкі, бо не ўсё, што добра ў вершах, мілагучна ў спевах. Увогуле, ці ж не задавальненне — працаваць у тандэме?..

Алена АТРАШКЕВІЧ, кампазітар, старшыня цыклавой камісіі “Мастацтва эстрады. Спевы” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў:

— Агульны ўзровень сучасных песенных тэкстаў наўрад ці можа задавальняць. На жаль, многія з іх выглядаюць самадзейна і не маюць мастацкай каштоўнасці, не кажучы ўжо пра логіку выкладання ды хоць якую-небудзь змястоўнасць. Атрымліваецца так яшчэ і таму, што пішуць іх людзі рознай ступені адукацыі ды адоранасці. Думаю, даўно трэба ўвесці размежаванне ў тэрміналогіі. Як ёсць падзел на ўрачоў і знахараў-шаптуноў, так павінен з’явіцца і падзел на кампазітараў ды аўтараў музыкі, паэтаў ды аўтараў тэксту, спевакоў ды выканаўцаў.

Але давайце ўсё ж зірнём на цяперашнюю эстраду не з ацэначнага пункта гледжання, а проста з аналітычнага. Тады давядзецца прызнаць, што сучасная песня, на якую арыентуецца моладзь, значна змянілася. І найперш — па стылістыцы ды формаўтварэнні літаратурных тэкстаў! Звярніце ўвагу: класічныя, да якіх працягваюць схіляцца прафесійныя паэты, часцей за ўсё адсутнічаюць. Самі радкі сталі пры гэтым карацейшымі, але ў іх часам узнікаюць і свае “ўнутраныя” рыфмы — у дадатак да звычайных, што прыпадаюць на канчаткі радкоў. Колькасць апошніх і іх даўжыня ўвесь час вар’іруюцца. Форма першага запеву ідэальна не супадае з формай другога. Націскі ў словах даволі часта прыпадаюць не на тыя склады. І такія іх “перамяшчэнні”, раней немагчымыя, моладзь успрымае як штосьці блізкае ёй, крэатыўнае.

Усё гэта не дробязі, а пазнавальныя адзнакі часу. Не лічыцца з імі, не заўважаць тыя змены, па якіх моладзь стылёва адрознівае “сваё”, немагчыма. Тым больш, менавіта дэталі часцей за ўсё становяцца паказчыкам “сучаснасці”. Таму шматкроць маюць рацыю тыя прафесіяналы, якія ўлічваюць новыя заканамернасці песеннага вершаскладання. Мне, да прыкладу, падабаюцца вершы, далёкія ад класічных норм. На такія ўзоры імкнуся арыентаваць і паэтаў, дапрацоўваючы з імі тэксты да адпаведнасці сюжэтнай ды эмацыйнай ліній.

Увогуле, кампазітар проста абавязаны не толькі добра разбірацца ў паэзіі, але і рэальна ўяўляць асаблівасці мыслення ды стылю таго або іншага аўтара. З Васілём Жуковічам, напрыклад, лепш атрымліваюцца песні з нацыянальным каларытам. Добры перакладчык Таісія Трафімава: песня “Хлопец з парасонам” на словы Людмілы Ляшчэвіч атрымала вядомасць менавіта ў беларускамоўным варыянце. Глыбіня і наяўнасць падтэкстаў у вершах Таццяны Мушынскай спрыяюць напісанню рамансаў і хораў. Наталля Танюкевіч адчувае дзіцячую псіхалогію. Высакадухоўныя, разнастайныя па формаўтварэнні вершы Людмілы Войнавай дазваляюць ствараць такія ж разнапланавыя песні, але цэласна гучаць і без музыкі — як самастойныя паэтычныя нізкі. Вельмі глыбокая, трапная на рыфмы і вобразы паэзія ў Алеся Бадака, інтэлігентная, асабліва ў любоўнай лірыцы, — у Міколы Шабовіча. Але ж ці магчыма ўсіх пералічыць?.. Ды колькі ёсць яшчэ “неадкрытых” для шырокай грамадскасці беларускіх аўтараў! Сёлета спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Ганны Рубацкай — вясковай жанчыны з Валожыншчыны, якая стварала класічна дакладныя вершы, выдадзеныя сёння пры дапамозе Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Так што справа кампазітара — шукаць і знаходзіць!..

Кан’юнктура ці не?..

Ігар ВАРАШКЕВІЧ, вакаліст гурта “Крама”:

— З мелодыямі, з іх запасам у гурта заўсёды ўсё было ў парадку, а вось з тэкстамі... Тыя аўтары, якія супрацоўнічаюць з намі больш-менш стала, той жа Зміцер Лукашук, перыядычна прыпынялі пісанне для “Крамы” з розных прычын. Вядома, гэта адбівалася на творчым працэсе, у ім узнікалі паўзы. Напэўна, такая нерытмічнасць з боку паэтаў-песеннікаў звязана і з тым, што ім няпроста пісаць тэксты на гатовыя мелодыі. Хаця мне часам прапануюць тэкставы матэрыял, але толькі ў гісторыі гурта “Бонда” (папярэднік “Крамы”) быў выпадак, калі першасным стаў тэкст, а потым на яго напісалася мелодыя. Гэта песня “На станцыi Койданава” на вершы Адама Глобуса.

Свае мелодыі я магу даверыць толькі тым людзям, у якіх упэўнены: таму ж Лукашуку, Настассі Гулак, Міхалу Анемпадыставу, Аляксандру Памідораву. Першыя двое штосьці час ад часу прапануюць. Але хацелася б, каб часцей. Сам я не ўмею, магу толькі асобныя радкі нарадзіць: “Падае дождж на зямлю, ён абмые мне твар”. Або: “Дзяўчынка са шклянымi вачыма”. Я спрабаваў нешта знайсці ў нашых класікаў — Коласа, Купалы ды іншых, — ды ніяк іх паэзія не спалучаецца з музыкай гурта! У тэксце для мяне важная “залатая сярэдзіна”: каб ён быў і не залішне мудрагелістым, і не банальным, каб яго аказалася не зашмат і не замала, да ўсяго, каб ён арганічна суіснаваў з мелодыяй.

Сярод цяперашняга пакалення музыкантаў я адзначыў бы тэксты гурта “Re1ikt”. Можа, у іх няма патаемных глыбінь, але ў спалучэнні з мелодыямі яны слухаюцца гарманічна. Іх хочацца слухаць, разумець, пра што спяваецца. Яны такія... з настроем, цягучыя, атмасферныя, у чымсьці — песімістычныя, але адпавядаюць таму кірунку, у якім грае гурт. Ёсць нядрэнныя тэксты ў “Akute” і “BosaeSonca”. Але нейкіх адкрыццяў адносна тэкстаў беларускамоўных песень сустракаецца сёння мала. Нават у, як лічыцца, вядучага айчыннага рок-паэта Лявона Вольскага ў ягоным крайнім альбоме “Грамадазнаўства” я для сябе нічога асаблівага не пачуў: вельмі шмат жорсткіх слоў, якія напружваюць слых, калі спяваюцца па-беларуску…

Юрый Несцярэнка, фронтмен гурта “White Night Blues”:

— І раней, і цяпер у авангардзе беларускамоўнай музыкі знаходзіўся і знаходзіцца рок. Нават без глыбокага аналізу зразумела, што тут працэс ідзе ў большасці сваёй без азірання на кан’юнктуру. А калі такая і прысутнічае, то гэта ўсё роўна здаровае, устойлівае імкненне граць еўрапейскую музыку з выкарыстаннем тэкстаў на мове сваёй краіны. У бардаўскай песні назіраецца стабільнасць, якая не парушаецца гадамі. Праўда, перыядычна ўзнікае і кудысьці знікае вельмі таленавітая моладзь…

Казаць пра тое, што ў мяне ёсць нейкія спецыяльныя метады пошукаў або адбору тэкстаў, не даводзіцца. Усё адбываецца выпадкова і з рознай інтэнсіўнасцю. Можа быць, гэта і ёсць сістэма? Напрыклад, як было з тэкстамі Віктара Слiнко (дзве песні з альбома “Свята вялікіх дажджоў”)? Магілёўскі музыкант Кастусь Канцавы падарыў неяк дэбютны зборнік тады малавядомага паэта. Песня напісалася адразу па чытанні: што называецца, зачапіла. Паэтка Ала Вайлакова прынесла тэкст “Блюз белай ночы” пасля нашага канцэрта з “Крамай”. Мне было зразумела адразу: атрымаецца цудоўная песня! Літаратар з Магілёва Алена Беланожка пісала вершы на рускай мове, а калі я запісваў дыск “Свята вялікіх дажджоў”, зрабіла эскіз вокладкі. Я паскардзіўся, што няма загалоўнай песні — хітовай, празрыстай, лёгкай. Алена праз пару дзён перадала шыкоўны тэкст. А потым мы напісалі амаль увесь альбом “Аэрапланы ў вырай”…

Аднойчы паэтка Аксана Спрынчан запрасіла паўдзельнічаць у прадстаўленні тэатра “Арт.С.”, дзе ў іранічна-сатырычным плане абыгрывалася тэма ежы. Тады я знайшоў шыкоўны ўрывак у Ніла Гілевіча: у рамане ў вершах “Родныя дзеці” ёсць “Адступленне пятае — кулінарнае», дзе шыкоўна апісана беларускае застолле. Атрымалася даўжэзная песня, дзе кожная частка-куплет — у розных танальнасцях. Напэўна, гэта адзіны выпадак, калі я звярнуўся да вершаў паэта-класіка. Мне заўсёды здавалася, што выкарыстанне іх твораў акажацца кан’юнктурай. Хоць разумею Уладзіміра Мулявіна: ёсць многія творы ў гэтых паэтаў, якія чапляюць…

 

Рэзюмэ “К”

Шукаю профі! Дыплом — не гарантыя

Пытанні прафесіяналізму заўсёды вельмі вострыя. І цяперашняе абмеркаванне песенных тэкстаў — чарговае таму пацверджанне. Даўно заўважана: ваярскі наступ графаманаў актывізуецца тады, калі зніжаюцца крытэрыі прафесіяналізму. Ледзь толькі ўладальнікі дыпломаў ды іншых “пасведчанняў” аб набытай прафесіі зніжаюць планку, узнікае праславутае: “Дый я так магу!”.

Сапраўды, на пэўным этапе ўсе могуць прыблізна аднолькава. Прафесіяналізм жа выяўляецца не прысутнасцю дыплома, а ўсяго толькі тым узроўнем, ніжэй якога чалавек працаваць папросту не зможа, колькі б не імкнуўся.

Ніхто не шукае наўмысна слабых вершаў, якія сціпла заставаліся б у ценю геніяльнай музыкі, бо такі варыянт можа паўстаць лыжкай дзёгцю ў бочцы мёду. Усе прагнуць чагосьці яркага, нешараговага, што “чапляла” б слухача, але часам папросту варацца ва ўласным соку, не знаходзячы паплечнікаў. Кампазітар, здараецца, безвынікова шукае “свайго” паэта. А тым часам хтосьці з паэтаў, можа, гэтак жа марыць пра “свайго” кампазітара, чыя музыка дапамагла б па-новаму раскрыцца словам?

Некаторыя чытачы і тут, пэўна, убачаць “негатыўны ўплыў” Інтэрнэта, з-за якога мы сталі менш падтрымліваць чалавечыя стасункі, вельмі важныя ў творчасці, замяняючы іх “электроннымі зносінамі”. Наадварот! Тыя ж сацыяльныя сеткі, скайп, электронная пошта ў стане паскорыць і пошук аднадумцаў, і ўласна творчыя працэсы. Але ж ці выкарыстоўваюцца напоўніцу гэтыя магчымасці? Ці ж сапраўды кампазітары і музыканты шукаюць адпаведныя словы, а не прычыны, па якіх “не знайшлі”?..

Надзея БУНЦЭВІЧ

Надзеі слухачоў сілкуюць

Пацвярджэннем таго, што ў беларускім песенным мастацтве ў яго тэкставай частцы не ўсё ідзе гладка, служыць той факт, што па версіі Нацыянальнай музычнай прэміі “Ліра” лепшай кампазіцыяй ў краіне па выніках 2014 года стаў англамоўны трэк спевака Tэа пра чызкейк.

Апраўдвае такі “канфуз” тое, што крызіс перажывае і ўся сусветная музычная шоу-індустрыя, якая апошнім часам не нараджае ні агульнапрызнаных новых цікавых выканаўцаў, ні, адпаведна, якасных хітоў, якія б гучалі з усіх гаджэтаў, не перастаючы, хоць бы месяцаў шэсць.

Кракадзілавымі слязьмі плачуць расійскія суседзі-прадзюсары, молячы родных паэтаў-песеннікаў: “Дайце разумны тэкст!” Не даюць. Вось і нашы гэтак жа... Але айчынныя артысты, пераважна альтэрнатыўныя, выхад знайшлі, звярнуўшыся да класічнай беларускай паэтычный спадчыны. Сёння практычна кожны другі такі музыкант ўключае ў свой альбом, праграму хоць адну кампазіцыю, аўтарам слоў якой з’яўляецца паэт-мэтр. Да таго ж, аказалася: і ў сучасных менавіта паэтаў, а не тэкставікоў, ёсць творы, што выдатна кладуцца на мелодыі.

Будзем спадзявацца, што песеннікі і артысты, якiя пішуць тэксты самі сабе, навучацца ад прафесіяналаў мінулага і сучаснага рамяству пісьменнага вершаскладання — без банальнасцей, штампаў і ляпаў. І тады ва ўсіх нас стане на сэрцы лёгка ад песні вясёлай...

Алег КЛІМАЎ

Пачатак абмеркавання чытайце тут.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"