Калі кніга лепшая за Інтэрнэт?

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Бібліятэкі Магілёўшчыны: фліпбукі, сайты і праца на імідж
Смерць кнігі, камп’ютарызацыя бібліятэк Магілёўшчыны, новыя практыкі па прыцягненні моладзі да слова — пра ўсё гэта і многае іншае “К” пагутарыла з дырэктарам Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна Ілонай САРОКІНАЙ. Дарэчы, у перспектыве абласная “кніжніца” плануе змены ў назве: яна займее імя Аляксея Пысіна — знакамітага ўраджэнца Магілёўшчыны, паэта, журналіста. Але гэта — планы на будучыню. Наша ж размова — пра надзённае і сучаснае.

/i/content/pi/cult/527/11410/6-1.jpg

— У прынцыпе, бібліятэка мала чым адрозніваецца ад Інтэрнэту. Тыя ж пошукавыя запыты, тыя ж каталогі з дакументаў ці кніг, тое ж чытанне патрэбнай літаратуры… Гэтак ёсць зараз, так было і тады, калі бібліятэкі размяшчаліся ў манастырах, а манахі лічыліся лепшымі кніжнікамі ды найбольш адукаванымі людзьмі свайго часу… І тое, што кнігі ды бібліятэкі праіснавалі столькі гадоў, дае надзею на тое, што яны будуць існаваць і далей. І гэтаму не зашкодзяць ні Інтэрнэт, ні нейкія іншыя тэхналогіі, якія прагназуюцца ў будучым.

— Але для гэтага бібліятэкам варта ствараць прадукт, запатрабаваны ў чытача…

— І такі прадукт у нас ёсць. У першую чаргу, гэта электронныя базы даных, якія ў Інтэрнэце так проста не адшукаеш. Таксама можам прапанаваць пошук інфармацыі па сваіх базах, што для некаторых катэгорый людзей, — напрыклад, пенсіянераў ці школьнікаў, — можа быць даволі складаным. Але, канешне ж, галоўны наш рэсурс — звычайная папяровая кніга. У нас багатыя фонды і мы імкнёмся задаволіць кожнага нашага чытача патрэбным яму выданнем. Дарэчы, паводле некаторых даных навукоўцаў, інфармацыя з экрана засвойваецца на 30% горш, чым з папяровага выдання… Таму імкнёмся зацікавіць чытачоў менавіта звыклай для многіх кнігай.

— Але як гэта можна зрабіць у наш век найноўшых тэхналогій? Едучы ў метро ці аўтобусе, мне, да прыкладу, вельмі рэдка даводзіцца бачыць, каб нехта чытаў звычайную кнігу… У асноўным усе пасажыры чытаюць з рыдараў ці нават з тэлефонаў…

— Зараз у нас з’яўляюцца новыя кніжныя формы выданняў. Такія, напрыклад, як фліпбукі. Тэкст у іх трэба чытаць, як у планшэце ці рыдары, і моладзь вельмі ахвотна іх выкарыстоўвае… А для дзяцей сёння ствараюцца разнастайныя кнігі з музычным суправаджэннем, што, натуральна, вельмі цікава. Дый увогуле, такой разнастайнасці кніжных выданняў у Беларусі, як сёння, за савецкім часам ці нават у першыя гады незалежнасці, не назіралася. Штогадовы конкурс “Мастацтва кнігі” сведчыць аб гэтым яскрава ды пераканаўча. У сваю чаргу, адзначу, што мы камплектуемся вельмі добра, і таму як у абласной, так і ва ўсіх раённых бібліятэках Магілёўшчыны можна адшукаць самыя розныя навінкі кніжнага рынку: кнігі беларускіх аўтараў, разнастайныя даведнікі і энцыклапедыі…

— На старонках “К” некаторы час доўжыцца дыскусія пра тое, што такое бібліятэчная справа сёння. Бо, напрыклад, некаторыя лічаць, што бібліятэкі — перажытак мінулага, а бібліятэкары, маўляў, “адно чай п’юць”… Тым больш, як лічаць многія, у Сеціве можна пачытаць любую кнігу…

— А ці можна з упэўненасцю сказаць, што ў Інтэрнэце размешчана дакладная інфармацыя? Інфармацыя, узгодненая з аўтарам ды ягонымі правамі на тэкст? І тэкст гэты — поўны, не скарочаны, не варыянтны, адпаведны арыгіналу? Думаю, не… Іншая справа, што ў нас, у адрозненне ад краін Захаду, сітуацыя з абаронай аўтарскага права не наладжана пакуль належным чынам. Вось і ўзнікае ў некаторых ахвота зарабіць за чужы кошт…

— З гэтай высновай згодны. А што да закідаў некаторых пра тое, што бібліятэкары на працы нічога не робяць?

 — Бібліятэкар — гэта найперш спецыяліст. Чалавек, які не толькі выдае кнігі ці запісвае іх у фармуляр… Бо кнігу трэба спачатку вывучыць, сістэматызаваць, унесці ў электронны каталог… Таму бібліятэкар павінен валодаць універсальнымі ведамі, каб падказаць патрэбную кнігу чытачу, каб нешта параіць пачытаць пенсіянеру, школьніку, студэнту, сантэхніку або кандыдату навук… Таму прафесія складаная і “піццём чаю” не абмяжоўваецца…

— Складанасць прафесіі плюс нізкая аплата працы — усе гэта непазбежна стварае “цякучку” кадраў… Прычым не толькі на Магілёўшчыне, але і па ўсёй Беларусі…

— Так, кадравая праблема ёсць. І не толькі на сяле ці ў райцэнтры, але і ў абласных установах. Але зарплата, як я лічу, — не асноўнае. Ці, скажам, не самае асноўнае. Калі ты не любіш сваю працу, дык атрымлівай хоць пяць, хоць дзесяць мільёнаў рублёў, больш салодкай ці любімай яна не стане. З бібліятэчнай справай гэтыя словы абсалютна стасуюцца. Бо працаваць у бібліятэцы могуць і жадаюць толькі тыя, хто любіць кнігу, сваю працу і творчыя пошукі. Іншыя не застаюцца. А сапраўдны бібліятэкар — заўсёды чалавек творчы. Ён не спыняецца ў сваім развіцці, чытае, шукае… Інакш адбываецца “застой” у прафесіі…

— Мо з-за гэтага “застою” некаторыя і не любяць хадзіць у бібліятэкі…

— Адна з галоўных адзнак сапраўднага бібліятэкара — любоў да людзей. Бо бібліятэчная справа — гэта, у першую чаргу, стасункі з людзьмі, прычым любой катэгорыі насельніцтва. І мы, бібліятэкары, павінны ведаць усе іх пытанні, запатрабаванні па кнігах, дакументах, энцыклапедыях… А калі гэтага не рабіць, тады і будзе “застой”, тады і ўзнікне “нелюбоў” да чытачоў. А чытач тую “нелюбоў” адчувае. І больш у такую бібліятэку наўрад ці прыйдзе…

— Мабыць, у сельскай мясцовасці праблема стасункаў бібліятэкара з мясцовымі жыхарам стаіць яшчэ больш востра…

— На сяле дзейнасць бібліятэкара — навідавоку, таму працаваць там яшчэ больш складана, чым у горадзе. Бо на сяле дырэктар бібліятэкі не толькі выдае літаратуру ці ладзіць выстаўкі. Ён павінен быць у вёсцы аўтарытэтам, тым чалавекам, якога паважаюць усе мясцовыя жыхары — і маленькія, і дарослыя. А аўтарытэт можна заслужыць толькі працай. А яшчэ тым, што твая сельская бібліятэка мае нейкую індывідуальнасць.

— У чым можа праяўляцца гэтая індывідуальнасць?

— Напрыклад, у працы на краязнаўчую тэматыку. Таксама варта звярнуць увагу на пісьменнікаў, што нарадзіліся ў дадзенай мясцовасці. Скажам, правядзенне ў 2013 годзе Абласнога агляду-конкурсу “Таленты ад роднай зямлі” паслужыла штуршком для стварэння электронных баз даных “Літаратурнае жыццё Крычаўшчыны” і “Літаратурныя таленты Клімавіччыны”. А на сайце Дрыбінскай бібліятэчнай сістэмы ў электронным выглядзе сёння прадстаўлены зборнік мясцовых паэтаў “Жывучая памяць аб вайне” да 70-годдзя Перамогі.

— А як задзейнічаны ў гэтай справе сельскія бібліятэкі? Ці могуць яны тут нечым пахваліцца?

— Прыкладам, база даных “Кароткая краязнаўчая энцыклапедыя Галоўчынскай зямлі”, створаная спецыялістамі з бібліятэкі аграгарадка “Галоўчын” Бялыніцкай бібліятэчнай сістэмы ў 2012 годзе была адзначана Першай прэміяй Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”. Летась тыя ж спецыялісты стварылі электронны рэсурс “Салдаты Перамогі — нашы землякі”, дзе змешчаны матэрыялы пра ўраджэнцаў Галоўчына, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне… Так што і спецыялісты сельскіх бібліятэк маюць магчымасць заявіць аб сваіх інавацыях. Прычым на ўзроўні ўсёй рэспублікі….

— А як вы ставіцеся да таго, каб бібліятэкары ладзілі больш цікавых акцый, займаліся рэкламай сваёй дзейнасці, “піярылі” сябе? Да прыкладу, у некаторых раёнах з поспехам запачаткавалі такую акцыю, як “Ноч у бібліятэцы”…

— Да такіх акцый стаўлюся адмоўна. Функцыя бібліятэкі — у выдачы, прапагандзе кніг, у тым, каб зацікавіць Словам як маладых, так і сталых жыхароў сяла, горада… А дадзеныя акцыі — аднаразовыя, і шмат чытачоў у бібліятэкі не дададуць. Усё ж мы павінны займацца сваёй справай, а не падмяняць клубнікаў. У кожнага — свая дзялянка. Мы — захоўваем, збіраем, сістэматызуем, каталагізуем кнігі і дакументы, а не займаемся відовішчамі ці забаўляльнай дзейнасцю…

— Але ў некаторых бібліятэках, у асноўным, у дзіцячых, можна сустрэць лялечныя тэатры, гурткі…

— А вось гэтая праца мяне задавальняе. Бо калі бібліятэкары з дапамогай маленькіх чытачоў ставяць спектакль па “Снежнай каралеве” ці “Бураціна” — гэта таксама прыахвочвае дзяцей да кнігі, стварае ўмовы для творчай рэалізацыі…

— І, мабыць, апошняе: як у бібліятэках Магілёўшчыны з камп’ютарызацыяй?

— Натуральна, у дадзеным аспекце шмат пытанняў. Хаця 87% бібліятэк Магілёўшчыны на сённяшні дзень камп’ютарызаваны. Цяпер ідзе праца над падтрымкай гэтага парку камп’ютараў, над стварэннем лакальных сетак. Як вядома, у штатным раскладзе адзінка праграміста для бібліятэк не прадугледжана. Таму ствараем сайты сваімі сіламі, з дапамогай энтузіястаў ці валанцёраў. Цяпер 14 з 23 бібліятэк Магілёўшчыны, у тым ліку, натуральна, і абласная бібліятэка, маюць свае старонкі ў Сеціве. Варта сказаць, што стварэнне сайтаў — наша ініцыятыва. Таму, каб зрабіць усё належным чынам, выклікалі ў Магілёў спецыялістаў з бібліятэк: тлумачылі ім пэўныя нюансы па стварэнні сайтаў, вучылі выкарыстоўваць шаблоны, кансультавалі, дапамагалі чым маглі… Дадам, што ўсе гэтыя старонкі наведваюць карыстальнікі Інтэрнэту, так што наша ініцыятыва, як вынікае, была не дарэмнай. Таму гэтую дзейнасць мы, натуральна, працягнем і ў далейшым…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"