Усё пачыналася з віяланчэлі

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

У яе голасе квітнее вясна... Мабыць, прыгожая фраза, але да Марыны Ліхашэрст яна наўрад ці стасуецца. У тэмбры гэтай маладой салісткі Беларускай оперы пануе хутчэй зіма, ці, урэшце, усе поры года.

 /i/content/pi/cult/152/1141/Vijalanchel2.jpg
 Марына Ліхашэрст.
У яе голасе — зімовае сонца, промні якога, у адрозненне ад летняга, асабліва зыркія, падобныя да алмаза, што рэжа шкло (яе голас таксама здольны “прарэзаць” любую “таўшчыню” аркестравага гучання), утульная цяплынь каміна, гарэзлівыя бліскаўкі каляднага балю, нарэшце, светлая зімовая — а не восеньская — задуменнасць і — зімовы трагізм, яшчэ больш чорны на фоне чысцюткай белі, што ззяе ўсімі фарбамі вясёлкі.

Можа, уся справа ў віяланчэлі, вельмі блізкай па гучанні да нізкага чалавечага голасу? Бо тая здатная і ў скрыпічным рэгістры іграць (праўда, з больш драматычным адценнем), і народнай басэтляй “прыкідвацца”. А менавіта з віяланчэллю Марына займалася ў Рэспубліканскім каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і на першых курсах самой Акадэміі. Займалася акурат да тае пары, пакуль канчаткова не вырашыла стаць спявачкай. Скончыўшы аддзяленне сольных спеваў нашай Акадэміі музыкі па класе народнай артысткі краіны Любові Каспорскай, стала салісткай Беларускай оперы...

Пакуль у яе рэпертуары не надта шмат партый — каля паўтара дзесятка. Часцей за ўсё яна бывае пажам Керубіна, шчыра закаханым ва ўсіх дзяўчат і жанчын адначасова (“Вяселле Фігара” Моцарта). Спявае іншых хлопчыкаў (постаць дазваляе), сябровак, служанак, апантана іграе-гуляе ў дзіцячых спектаклях. Нядаўні яе сольны вечар у Малой зале імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, складзены з арый, рамансаў, дуэтаў, пераканаў: вельмі хутка мы пачуем яе ў многіх іншых партыях, бо ёй аднолькава падуладны як лірычны струмень, так і драма, і камедыя.
 /i/content/pi/cult/152/1141/Vijalanchel1.jpg

Сцэна са спектакля “Сельскі гонар”.

Падчас канцэрта Марыну Ліхашэрст можна было ўявіць і шыкоўнай камернай спявачкай, і прымадоннай аперэты, і, вядома, опернай салісткай — Лізай у “Пікавай даме” Чайкоўскага, Царлінай у “Дон Жуане” Моцарта, Леанорай у “Трубадуры” Вердзі, Тоскай у аднайменнай оперы Пучыні, а найперш — Сантуцы ў “Сельскім гонары” Масканьі. Яшчэ б італьянскае вымаўленне крыху палепшыць і саму тэхналогію вакалу “прыхаваць”, ды гэта — дробязі. Бо на другой талерцы шаляў — талент хуткага пераўвасаблення, добрае пачуццё стылю, беспамылковае адчуванне драматургіі, калі кожны твор набывае псіхалагічна абгрунтаваны вектар развіцця, нарэшце, адметны тэмбр, які ўжо сам па сабе хвалюе, бярэ за душу, вялікая працаздольнасць і, вядома ж, прага працаваць.


Надзея БУНЦЭВІЧ