Хіба справа толькі ў новых ідэях?

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Сяргей ГРЫНЕВІЧ, мастак
Меркаванне, што крытэрыем сучаснасці ў мастацтве з’яўляецца наяўнасць нейкіх новых ідэй, падаецца мне вельмі спрэчным. Паколькі сутнасць чалавека на працягу стагоддзяў нязменная, дык нязменным у аснове сваёй застаецца і мастацтва, якое ёсць адлюстраваннем гэтай сутнасці.

/i/content/pi/cult/527/11408/5-12.jpgУ мастацтве ўвогуле ёсць толькі дзве тэмы — каханне і смерць. Тое, што змяняецца стылістыка, што сёння модна адно, а заўтра іншае — не істотна. Кажуць жа, што часам для таго і змяняюць форму, карэктуюць вонкавыя чыннікі каб закансерваваць, захаваць нязменным змест. Хаця, канешне ж, мастак у творчасці не можа ігнараваць рэаліі, якія яго атачаюць: інакш яго папросту не зразумеюць гледачы.

Сучаснасць — гэта, на маю думку, найперш, новы інструментарый, які дазваляе мастаку зрабіць нешта такое, што раней было тэхнічна немагчыма, і новыя падыходы да адвечных тэм. А таксама — новыя крыніцы інфармацыі і новыя магчымасці кантактавання з аўдыторыяй. Скажам, сёння не надта жывапісцу патрэбна тая выставачная зала, калі ёсць Сеціва. Хаця, канешне ж, палатно на сцяне і палатно на экране — рэчы розныя.

Што ж да выставачных залаў, дык ў адрозненне ад камернага мастацтва мінулых стагоддзяў, якому пасавалі такія ж камерныя інтэр’еры, мастацтву, якое мы называем сучасным, патрэбна іншая прастора. Каб разгарнуць сур’ёзную выстаўку твораў, зробленых паводле сучасных мастацкіх тэхналогій, патрэбна зала плошчай недзе ў паўтары тысячы квадратных метраў са столлю вышынёй у восем метраў. У мінскім Палацы мастацтва шматпланавай відовішчнай выстаўцы сучаснага мастацтва будзе цесна.

Калі мы ўжо кажам пра сучаснасць у мастацтве, дык трэба браць да ўвагі тое, што мастак, каб уразіць публіку, свядома ці вымушана выходзіць за межы сваёй спецыялізацыі альбо дзейнічае ў складзе групы, дзе праект супольна робіцца адмыслоўцамі розных творчых прафесій. Сёння, скажам, нікога не здзіўляе, што гран-пры мастацкай выстаўкі атрымлівае гукавы запіс, зроблены недзе ў глыбіні акіяну, які да візуальнага мастацтва не мае ніякага дачынення.

Даволі звыклая рэч, калі беларускі мастак у творчым сэнсе нібыта сядзіць на двух крэслах. На радзіме ён малюе тое, што адпавядае мясцовым эстэтычным стэрэатыпам, а як выбярэцца на заробкі за мяжу, дык змяняе і тэму, і почырк — працуе на той мастацкі рынак, спрабуе спадабацца той аўдыторыі. Такая падвоенасць свядомасці не на карысць творчасці. Тут можна правесці паралель з савецкім часам, калі мастак сілкаваўся з “сацыялістычнага рэалізму”, а ў вольны ад заробку грошай час маляваў штосьці зусім іншае. Мяркую, што лепш быць самім сабою і дома, і за мяжой. Калі беларускае мастацтва будзе здольным “захапіць” беларуса, дык і для замежнай не акажацца абыякавым.

У сучасным свеце, сучасным мастацтве нацыянальная тоеснасць запатрабаваная. І так, дарэчы, было заўжды. Мастаку пачэсна мець нацыянальныя карані і прадстаўляць культурную традыцыю. У творчасці бадай усіх карыфеяў мінулага і пазамінулага стагоддзя, якія спрыялі стварэнню глабальнага культурнага асяроддзя, выразна прысутнічаюць нацыянальныя рысы. Ван Гог — галандзец, Пікаса — іспанец і гэтак далей. Я ўжо не кажу пра Віцебск Шагала. Але, зразумела, трэба, каб у эстэтычным плане “беларускасць” існавала ў сусветным кантэксце.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"