Дык Барбі ці Несцерка?

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Мікалай ГРУШКО, дырэктар Колкаўскага СДК Петрыкаўскага раёна
Прачытаў у мінулым нумары "К" артыкул "Любоў (не) з першага погляду, або Як стаць патрыётам?" з пасяджэння калегіі Міністэрства культуры, дзе разглядалася дзейнасць арганізацый культуры па святкаванні 70-й гадавіны Вялікай Перамогі. На мой погляд, занадта позна праведзена гэтае пасяджэнне. Як той казаў, ужо час на паляванне ісці, а мы яшчэ сабаку кормім…

Але лепш позна, чым ніколі. Тым больш, што выхаванне патрыятызму не прымяркоўваецца да свят. Гэта справа, так бы мовіць, — пажыццёвая. Мяне, да прыкладу, названая тэма вельмі хвалюе. Шмат артыкулаў напісаў, не першы год пошукавай дзейнасцю займаюся, бо за нашай вёскай праходзіць Мазырскі ваенны ўмацаваны раён, доты якога захаваліся і па сёння…

Аналізаваць ёсць што. Вось у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску прэзентуюцца вельмі арыгінальныя агітацыйныя плакаты на тэму Перамогі, створаныя сучаснымі мастакамі. Ёсць плакаты і на беларускай мове. Чаму яны не дайшлі да раёнаў? Чаму яны не працуюць на патрыятычнае выхаванне? Нават у час вайны пытанне больш аператыўна вырашалася. А можна ж і факсімільна выдаць агіткі 1940-х. Няхай моладзь далучыцца да тагачаснага патрыятычнага энтузіязму. Час яшчэ ёсць…

Наступнае. Ваенны музей у Мінску — шыкоўны. Гэта храм, дзе ўсе схіляюць галовы перад веліччу салдацкага подзвігу. Вельмі хачу прывезці сюды вясковых дзяцей. Але… Я не пра грошы на білеты. І аўтобус можна ў школе замовіць, і бензін набыць. А вось на экскурсію без перашкод можна выправіцца толькі ў межах раёна. Каб выехаць кудысьці далей, нават не ў Мінск, а ў суседнія Калінкавіцкі ці Акцябрскі раёны, дзе шмат помнікаў мінулай вайны, музеі, патрэбна мора папер сабраць. Патрыятычнае выхаванне ў гэтым плане шмат высілкаў вымагае для скарэння шматлікіх бюракратычных заслон.

Цяпер — пра нацыянальныя брэнды. Любові да Радзімы вучыць неабходна з дзяцінства. Гэта — аксіёма. А нашы дзеці гуляюцца ў сухотную Барбі ды страшнага Бэтмэна. Але пра нашага роднага Несцерку ўжо і не ведае ніхто. Урэшце, і яго можна апрануць у джынсы, але ж падперазаць іх варта традыцыйным тканым поясам. Гэта ж цяпер модна! А куды зніклі пнеўмаціры, якіх у кожным райцэнтры было па некалькі? Калі нічога не рабіць, дзяцей камп’ютар ушчэнт пакалечыць…

Не вельмі прыемна і тое, што наш нацыянальны кінематограф спіць тут у шапку. Разумею, няма якаснага сцэнарыя (хоць і не магу дацяміць, па якой прычыне збяднела Беларусь на таленты). Дык чаму нельга пайсці па шляху расіян, якія ўзяліся за выпуск кінематаграфічных рэмэйкаў? Узяць ды перастварыць, да прыкладу, "Трэцюю ракету" ці "Жураўліны крык" паводле Васіля Быкава!

Не зацыкліваюся на тым, што любы наш крок павінен мець патрыятычную скіраванасць. Аднак, займаючыся ўпарадкаваннем вайсковых пахаванняў (ля нашай вёскі шаснаццаць месяцаў фронт стаяў — ці не полк ля рэчкі лёг), сутыкнуўся вось з чым. Калісьці з аднаго месца астанкі перапахавалі на брацкіх могілках, а другое месца па загадзе зверху бульдозерам зраўнялі, маўляў, штрафбатаўцы тут ляжаць. Як па сэрцу разанулі. Хіба ж штрафбатаўцы не нашы людзі?! І ваявалі яны не горш за іншых. Не мной сказана, што вайна не заканчваецца, пакуль не пахаваны яе апошні салдат. А салдацкіх магіл на беларускіх палях ды ў лясах — яшчэ процьма. Вайна, словам, яшчэ не скончылася.

І апошняе. На вялікі жаль і па сёння няма на шашы ўказальнікаў, што за вёскай знаходзіцца Мазырскі ўмацаваны раён, салдаты якога стаялі насмерць. А ў доках Петрыкава схаваны ад людскіх вачэй апошні карабель гераічнай Дняпроўскай флатыліі. А ўсё гэта варта ўвекавечыць, адкрыць для доступу, каб задумаліся ўсе, каб ведалі і памяталі…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"