Злобстары дня

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

“Нябачныя монстры атакуюць Зямлю”… Думаю, гэтую фразу ведае сёння амаль кожны… З экранаў тэлевізараў дзецям — і, натуральна, дарослым — у навязлівай і нават агрэсіўнай форме прапануецца набыць камплект настольнай гульні з моднай цяпер тэхналогіяй “дапоўненай рэальнасці”, у якой разам з героямі злобстарамі кожны можа абараніць Зямлю ад уварвання жудасных монстраў...

/i/content/pi/cult/527/11405/4-22.jpgНу і што з таго, спытаеце вы. Сапраўды, падаецца, нічога. Мы ўжо звыкліся з тым, што тэлебачанне — ці, дакладней, тэлевізійная рэклама, — сёння настолькі агрэсіўна ўваходзіць у нашы дамы і душы, што не здзіўляемся розным слоганам, якія гучаць з “блакітных экранаў”. Таму “бяром ад жыцця ўсё” (звычайна гэтак рэкламуецца адно толькі газіраваны напітак), вырашаем, што мы “гэтага вартыя” (ці ж толькі таго, што нам прапануюць?), а таксама марым пра тое, што “дзе асалода, там і я”… Што ж, у рамках грамадства геданізму, пра гэта, мабыць, толькі і застаецца марыць…

Так што з’яўленне ў пералічаным шэрагу нейкіх там злобстараў наўрад ці каго ўразіла. Але гэта толькі на першы погляд. Справа ў тым, што чарговае запалоньванне свядомасці рэкламай вымусіла мяне задумацца над адным пытаннем: што ж мы сёння прапаноўваем юнаму пакаленню?

Бо хто ж такія гэтыя злашчасныя “монстры-злобстары”? Імі, паводле правілаў новай гульні, робяцца самі гульцы. Абараняючыся такім чынам ад вампіраў ды іншапланетных нячысцікаў, дзеці мімаволі атаясамліваюць сябе са злобстарамі… І што з гэтага выйдзе пасля, не ведае, мабыць, ніхто.

Але ж, на маю сціплую думку, злобстары — гэта толькі адзін бок медаля. Другі ж палягае ў тым, што дзецям і падлеткам сёння мала што прапануецца ў якасці альтэрнатывы. І сапраўды: шмат дзе ў райцэнтрах Беларусі даўно ўжо закрыты дзіцячыя кафэ (як у маім родным Пінску), у парках адпачынку працуюць старыя, апрыклыя атракцыёны (у некаторых райцэнтрах паркаў і ўвогуле няма), а святочных акцый, на якіх маглі б пагуляць маленькія жыхары краіны, ладзіцца не так і шмат. Вось таму і даводзіцца дзецям гуляць у тых злобстараў, канструяваць пластмасавых зомбі або вампіраў ці сачыць на экране за перыпетыямі з жыцця герояў-страшылак... Бо дарослыя сёння, на жаль, настолькі заняты сваімі справамі, што на стварэнне добрых і прыгожых персанажаў у іх, як кажуць, рукі не даходзяць…

Вось чаму і патрэбны ў нашых абласных ды раённых цэнтрах дзіцячыя тэатры ці тэатральныя суполкі, філарманічныя пляцоўкі ці гурткі па інтарэсах… Патрэбны разнастайныя дзіцячыя акцыі, ранішнікі, святкаванні дзён нараджэння, напрыклад, у тэатрах ці музеях, дзе хлопчыкам і дзяўчынкам не толькі прапануюць “салодкі стол”, але і пакажуць тэатральную “кухню”, зацікавяць гісторыяй краіны або дадуць апрануць касцюм шляхцюка-аднагодкі… А ў гэтым рэчышчы цалкам зразумелым робіцца і той факт, чаму наша дзяржава сёння, у даволі неспрыяльны, з эканамічнага пункта погляду, час, фінансуе рэканструкцыю сталічнага Тэатра юнага гледача, рэканструкцыю замкавых збудаванняў ці сядзібных комплексаў, здымкі шэрагу анімацыйных стужак, а на старонках “К” перыядычна ўсплывае тэма стварэння ў Мінску дзіцячай “Нацыяналкі”…

Бо ўсё гэта важна. Можа, нават важней за эканамічныя, турыстычныя ці спартыўныя нашы поспехі. Бо, як гэта ні банальна гучыць, з традыцый, культуры пачынаецца ўсё. Імі ж, часцей за ўсё, і заканчваецца...

А рэклама… Так, рэклама рухае тавар. Але ў сваім парыве распісаць гэты тавар як мага лепш, рэкламшчыкі, бывае, перабіраюць меру. Забываючыся на тое, што і яны калісьці былі маленькія, забываючыся на сваіх дзяцей, якія тую рэкламу чуюць ды спажываюць. Дык, можа, і не варта тады здзіўляцца, калі з дзяцей, узгадаваных на падобнай рэкламе ды на такіх страшылках-гульнях, пасля вырастаюць нейкія “злобстары” і “монстры”?..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"