Мая сувязь з Навагрудкам

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Мікалай НІКАЛАЕЎ, загадчык аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентаваў выданне “Кніга цудаў Навагрудскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі XVII стагоддзя”. Да стварэння кнігі падштурхнула тая акалічнасць, што тэма рэлігійнага, духоўнага жыцця першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага навуковай грамадзе і аматарам гісторыі мала вядомая. Нават у выданні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі “Старажытнасці Навагрудчыны — з глыбіні стагоддзяў да нашых дзён” цудатворныя іконы не згадваюцца.

/i/content/pi/cult/526/11396/13-5.jpgАле шлях да кнігі быў доўгі. У Ленінград я прыехаў, каб працаваць у Інстытуце археалогіі. З сёмага класа браў удзел у раскопках. Але месца ў інстытуце для мяне не знайшлося, прапанавалі пачакаць. А пакуль — перабыць час у бібліятэцы, якая цяпер — Расійская нацыянальная. Там я раптам зразумеў: вось маё месца! Калі ў Навагрудку адшуквалі, напрыклад, кніжныя зашпількі, дык гэта было знаходкай сезона. А ў РНБ стаяць на паліцах гэтыя самыя кнігі з зашпількамі. Але і з дошкамі, з ілюмінацыяй, з тэкстамі. Усё жывое, цэлае, і — шмат тут беларускага. Вось тады я і сказаў сабе: карысць можаш прынесці акурат тут.

У бібліятэцы я працаваў над “Палатай кнігапісчай”, пісаў энцыклапедыю па літаратуры і мастацтве. А потым даваў артыкулы і ў беларускую прэсу: такім чынам сябе як беларуса падтрымліваў. Цікава, што аднойчы, калі я выпісваў “Літаратуру і мастацтва”, мне прынеслі цэлы стос газет. Відаць, для ўсіх падпісчыкаў-беларусаў у горадзе на Няве. Пошта, матузком перавязаўшы, кінула іх ў маю скрынку. І я такім чынам высветліў, хто выпісвае беларускія газеты. Ужо потым зразумеў: гэта ж фактычна стала пачаткам збору “беларускага Пецярбурга”. Званю земляку, кажу, мне занеслі выпадкова, я вам аддам. Так завязаліся сувязі. Потым яны перараслі з кім ў сталыя адносіны, а з кім — у сяброўства.

Працуючы ў бібліятэцы не адно дзесяцігоддзе, даследуючы рукапісы, увесь час думаў пра Навагрудак: кожны год езджу туды на раскопкі. Доўгі час кіравала гэтай справай Фрыда Гурэвіч. Пазней і я арганізоўваў тэхнічныя рэчы ды кіраваў адным з участкаў раскопак. А потым Фрыда Давыдаўна напісала кніжку “Старажытны Навагрудак”. Пад час перабудовы кніга тая трапіла ў ленінградскае выдавецтва “Навука”, дзе праляжала чатыры гады. Думаю: загінуць матэрыялы раскопак. Бо рукапіс — на друкарскай машынцы зроблены тэкст з уласнаручна наклеенымі ілюстрацыямі. Да ўсяго, людзі, дасведчаныя ў археалогіі, ведаюць, што археолагі — гэта тыя, хто нішчыць помнік дзеля ягонага апісання. Такім чынам, калі знікае апісанне помніка — знікае ўсё.

Карацей, каб надрукаваць кнігу, прыдаліся сувязі і кантакты. Знайшліся знаёмыя афіцэры ў штабе Ленінградскай ваеннай акругі. Яны, сярод іншага, адказвалі за друкарню, дзе абсталяванне прастойвала. Знайшоўся і беларус з Аўстраліі, што стаў спонсарам: па-мойму, долараў пяцьсот даслаў… Такім чынам і вышла кніжка, якая замацавала вынікі раскопак.

Але мая сувязь з Навагрудкам на гэтым не абарвалася. Я ўсё жыццё збіраю факты звесткі, біяграфіі — усё датычнае гэтага горада. Радуюся, што першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага беларускія навукоўцы пачалі вывучаць: матэрыялаў усё больш і больш. Але гісторыі як паўнавартаснай белетрызаванай прозы ўсё не існавала. Нарэшце, і гісторыя выходзіць: вось толькі фактаў — шмат, канцэпцыі ж — няма. Так і з гісторыяй краіны наогул: мы ўводзім у навуковы абарот дадатковыя факты, але яны не працуюць, бо патрэбен канцэптуальны стрыжань. У гэтым напрамку і варта, як мне падаецца, скіраваць намаганні.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"